Прысмак беларускай кнігі

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Гледзячы на сённяшні Моталь, цяжка паверыць, што калісьці адміністрацыйна-тэрытарыяльна ён з’яўляўся вёскай. Ва ўсялякім выпадку, цэнтр яго мала чым адрозніваецца ад невялікага горада. У крокавай, а то і меншай даступнасці тут — Дом культуры, дзе знаходзяцца і бібліятэка, і Музей народнай творчасці, і гасцініца, і кафэ... Рай для прыезджых, што жадаюць правесці тут час культурна. І з карысцю для страўнікаў, бо месца гэта — радзіма знакамітага міжнароднага кулінарнага фэсту “Мотальскія прысмакі”. А таксама радзіма першага Прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана. Але за прысмакамі “К” адправіцца сюды налета — на чарговы форум. Пакуль жа “праінспектавала” дзве ўстановы культуры аграгарадка.

/i/content/pi/cult/696/15289/13.jpgДуша абавязана працаваць

Ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць нікога з папярэдніх маіх суразмоўцаў — кіраўнікоў бібліятэк на вёсцы, для якіх усё, што мае дачыненне да беларускай кнігі, свята, але ў мотальскай да роднага слова зусім ужо трапяткія пачуцці. Пад творы айчынных пісьменнікаў тут адведзена вельмі шырокая прастора — пакой беларусазнаўства, дзе і праводзяцца мерапрыемствы краязнаўчай скіраванасці, звязаныя з прапагандай айчыннай літаратуры, а таксама беларускай мовы наогул. Праходзяць выставы, што папулярызуюць народную творчасць, а Іванаўскі раён і, вядома, сам Моталь багатыя на ўмельцаў-майстроў у самых розных галінах. Так, работы ткачых складуць вялікую экспазіцыю, якую плануецца адкрыць у бібліятэцы ў жніўні.

— Галоўны наш прынцып — зацікавіць чытача перш за ўсё беларускай кнігай, — кажа бібліятэкар Людміла Каткавец. — Я, можа, нават і няправільна раблю, прапаноўваючы людзям, якія прыходзяць, дапусцім, за выданнямі замежных аўтараў, азнаёміцца спачатку з айчыннымі навінкамі. Але наведвальнікі на гэта рэагуюць станоўча — нярэдка хто-небудзь з іх выносіць з сабой яшчэ і што-небудзь з рэкамендаванага мной. Потым прыходзяць, дзякуюць, некаторыя кажуць, што са здзіўленнем адкрылі для сябе нешта новае пра гісторыю нашай краіны або якога-небудзь пісьменніка. Вось так і падсаджваюцца на беларускую кнігу тыя, хто раней, быць можа, ставіўся да яе індыферэнтна.

Падсаджваюцца на аўтараў, у чыёй творчасці адлюстраваны мінулае і цяперашняе жыццё раёна, якіх бібліятэка рэкламуе асабліва — і тымі ж выставамі, і, вылучаючы пад іх творы не адну паліцу, а то і не адзін стэлаж.

— Вядома, гэта цешыць пісьменнікаў, толькі б прыязджалі яны да чытачоў, — кажа Людміла Фёдараўна. — Тыя ж, хто ў нас прэзентавалі свае творы, яшчэ ніколі не заставаліся незадаволенымі сустрэчамі. Як мне прызнаваліся госці, здаралася, што яны чэрпалі для сябе нешта настолькі важнае, што потым выкарысталі гэта ў сваіх новых кнігах.

Не застаецца абыякавай да сустрэч і моладзь. Да гэтай чытацкай групы ўвага ў спадарыні Каткавец асаблівая. З юнакамі і дзяўчатамі яна гутарыць і індывідуальна, і на нейкіх масавых iмпрэзах — пытаецца, да якой літаратуры яны цягнуцца, імкнецца выканаць іх пажаданні і папоўніць бібліятэку тым, што ім цікава. Бясконца цешыцца, калі ў яе атрымліваецца дастукацца да тых, хто яшчэ ўчора і да папяровай кнігі, і да кнігі наогул былі абыякавыя.

— Лягчэй, вядома, працаваць з дзіцячай аўдыторыяй, — лічыць Людміла Фёдараўна. — Яна пакуль усё ў сябе ўбірае, да ўсяго цікаўная: вы б бачылі, якімі вачамі дзеткі разглядаюць карцінкі ў кніжках, як спрабуюць па літарах чытаць. Нядаўна ў нас сумесна з Домам культуры прайшоў тыдзень дзіцячай кнігі, дык было шмат бацькоў з дзецьмі, настаўнікаў з вучнямі з малодшых класаў! І мы чыталі са сцэны, і хлопчыкі з дзяўчынкамі. Лепшым маленькім чытачам уручылі падарункі, а завяршыўся тыдзень тэатралізаваным касцюміраваным прадстаўленнем.

Аглядаючы напрыканцы размовы шыкоўную ўстанову зноў — светлую, чыстую, дагледжаную, — я зразумеў, што, напэўна, скаргаў на матэрыяльна-тэхнічную базу ад спадарыні Каткавец не пачуць. Так яно і выйшла. Панаракала яна, бянтэжачыся, на іншае — на асобных чытачоў:

— Бывае, ну такія прыходзяць, якім ніяк не дагодзіш. Паперажываеш, вядома, а потым паглядзіш на кнігу, успомніш, што заўтра мерапрыемства — і душа адтайвае.

І душа Валянціны Бакун — карэннай моталянкi — растае, калі ў бібліятэку на сустрэчу з ёй прыходзяць жыхары аграгарадка. Да самай пенсіі Валянціна Васільеўна працавала на розных пасадах у гандлі, і гэта нягледзячы на тое, што ў 40 гадоў яна страціла зрок:

— Здавалася, што жыццё скончылася, але, мабыць, Бог не даў мне патануць у роспачы. Не пакінулі блізкія, сама стала змагацца за сябе. І пачала складаць вершы. Потым пляменнік зрабіў мне рамачку, і я стала з яе дапамогай пісаць. Пазней навучылася сляпому друкаванню на пішучай машынцы — і пайшлі верш за вершам. Уступіла ў таварыства тых, хто кепска бачыць, з яго творчай часткай ездзіла з канцэртамі па гарадах. У Брэсце мяне, як аказалася, пачула паэтка Надзея Парчук. Выйшла са мной на кантакт, папрасіла выслаць ёй усе мае вершы, прачытаўшы іх, сказала, што мне абавязкова трэба выдаць зборнік.

На дапамогу прыйшлі мотальскія прадпрымальнікі — яны выдзелілі сродкі на выданне кнігі, а Надзея Мікалаеўна выступіла карэктарам. Амаль 14 гадоў не бачыла Валянціна Васільеўна, шматлікія аперацыі, здавалася, не дапамагалі. Але апошняя, у Гомелі, вынік дала. І хай у спадарыні Бакун па-ранейшаму не ўсё так добра са зрокам, але паэзія — заўсёды з ёй (у паэткі ўжо два зборнікі). А што бачыць яна дакладна, дык гэта тое, што адбываецца з мотальскай культурай.

Каментарый Валянціны БАКУН:

— Мне ў маім становішчы неяк дзіўна было б казаць, што ў бібліятэцы я бываю часта. Але заходжу. Людміла Фёдараўна распавядае, як яна жыве, як спраўляецца са сваімі абавязкамі, дзеліцца ідэямі, нават парады можа папрасіць. Безумоўна, саграваюць мяне сустрэчы з чытачамі. Яны — як глыток свежага паветра, сіл пасля іх ух як дадаецца! Бог, напэўна, адначасова і выпрабаваў мяне такой бядой, і адарыў. Часам задумваюся: быў бы ў мяне зрок, ці здолела б я рыфмаваць, ці аддала б яго за гэта ўменне?

Цуда-дом

У холе Дома культуры вы адразу трапляеце ў казку: тут круглы год дзейнічае “Цуда-хутарок” — яго выгляд змяняецца ў залежнасці ад пары года. У час майго прыезду гэта быў вясковы падворак, складзены з фрагментаў дзвюх хат, часткі плота, лаў, ручайка, кусцікаў, упрыгожаных гірляндамі, з птушачкамі на галінках з першымі лісцікамі. Як сцвярджаюць работнікі ДК, калі дакрануцца да пэўнага дрэўца і загадаць жаданне, то яно павінна здзейсніцца. А некаторым са штучных птахаў (гучыць фанаграма іх спеваў) дадзены імёны тых самых работнікаў, у тым ліку дырэктара ўстановы Сяргея Псысчанiцы.

— Моталь наогул горад ініцыятыўных людзей, якія, як бачыце, працуюць і ў нас, — паведамляе ён. — Насельніцтва скарачаецца, але адток гэты не адбіваецца на наведванні нашых мерапрыемстваў, фарміраванняў — іх у нас 14. Удзел у конкурсах, перамогі ў іх, гастролі за межамі краіны — для Дома культуры гэта ў парадку рэчаў. З гастрольнымі выездамі, напрыклад, народнаму ансамблю народнай музыкі і песні “Мотальскія мужыкі”, а таксама народнаму аматарскаму ансамблю народнай песні “Ярыца” дапамагаюць і ўлады, і партнёры, якіх нават прасіць пра падтрымку не трэба — яны самі прыходзяць з прапановамі супрацоўніцтва.

І рады б паплакацца

Што яшчэ я заўважыў (і да адбыцця ў Моталь, і па вяртанні з яго) — ДК не забывае рэкламавацца ў інтэрнэце, прычым не ад імпрэзы да наступнай, а і звычайнымі днямі. Актыўна выкарыстоўвае сацсеткi, укідваючы праз іх інфармацыю афіцыйную, а карыстальнікі ўжо самі “раздзімаюць пажар” вакол будучых мерапрыемстваў.

Паказваючы мне памяшканні, дзе праходзяць заняткі аб’яднанняў, Сяргей Мікалаевіч не стаў чакаць майго напаміну, што пара б ужо падзяліцца праблемнымі кропкамі ў дзейнасці ДК — выказаўся, што, маўляў, і рады б паплакацца, ды толькі няма пра што: усё тут працуе як гадзіннік. А тэхнічны персанал — гонар дырэктара: найбольш артыстычныя прадстаўнікі калектыву яшчэ і граюць у пастаноўках! Вось якія ўстановы культуры функцыянуюць у Моталі — усё ў іх выдатна, ні ў чым яны, быццам бы, не маюць патрэбы! (Але расколіны ў сцэне глядзельнай залы я ўсё ж знайшоў, рамонт пакрыццю частковы або замена яго цалкам патрабуецца...)

Каментарый Валянціны БАКУН:

— Наш Дом культуры не дае нікому “засохнуць”. Там адно мерапрыемства перацякае ў іншае. Людзі, мне здаецца, нават стамляюцца ад іх... Але ўсё роўна ідуць! Была б маладзейшай, са зрокам было б усё ў парадку, і сама там цяпер, можа, запальвала. Але мяне і раней, і сёння больш усё ж духоўнае прыцягвала і прыцягвае, там маё сэрца, думы, вершы і вера.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"