“Маладзечна-2018”: гісторыя, падзея, з’ява?

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Роўна тыдзень таму завяршыўся ХVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Пераможцам Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні прызнана Злата Ларчанка. А тое, як грунтоўна былі прадстаўлены на форуме жывапіс і тэатр, надало падзеі статус сапраўднага свята мастацтваў.

/i/content/pi/cult/696/15287/10.jpgНе абмінула сёлетні форум і прыцягальная магія лічбаў. Фестываль быў — 18-ты. Праходзіў у 2018 годзе. І адначасова святкаваў сваё 25-годдзе! Бо вядзе сваю гісторыю з 1993-га, назаўжды ўвекавечыўшы тую дату ў сваёй эмблеме, дзе дыграф “дз” адначасова чытаўся і як 93.

Нагадаю, пры сваім нараджэнні фестываль меў не проста ярка выяўлены, але і надзвычай прыцягальны (ва ўсіх сэнсах слова) цэнтр — конкурс. Сёлета тое спаборніцтва амаль цалкам сышло на фестывальную перыферыю. Абодва праслухоўванні праходзілі ў Палацы культуры — у ранішне-дзённы час. Спачатку ўдзельнікі спявалі пад фанаграму-мінусоўку (ІІ тур). Потым — з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара і адначасова старшыні журы Міхаіла Фінберга (ІІІ тур). Зранку аб’яўлялі толькі прозвішчы канкурсантаў — без аніякіх сведчанняў пра іх (маўляў, каб паставіць усіх удзельнікаў у роўныя ўмовы, не націскаючы на журы пералікам нечых ранейшых узнагарод, хаця на тым жа “Славянскім базары…” гэта чамусьці не перашкаджае), нават без назваў песень і імёнаў стваральнікаў (маўляў, каб зэканоміць час). У напаўпустой зале былі пераважна сваякі ды сябры саміх удзельнікаў, тэлетрансляцыі не вяліся.

Такое знікненне ўвагі тлумачыцца не адно нязручным часам. Трывожны званочак не сціхаў ужо некалькі апошніх конкурсаў запар, калі стала відавочна, што ўзровень гэтых спаборніцтваў зніжаецца. Сёлета, здаецца, ён увогуле дасягнуў крытычнай мяжы. Каб пералічыць выступленні, годныя менавіта нацыянальнага конкурсу, хапіла б пальцаў адной рукі. Гэта, здаецца, негалосна прызнала і журы, нягледзячы на запэўніванні некаторых яго чальцоў у зваротным. Бо не прысудзілі ні Гран-пры, ні прыз імя Уладзіміра Мулявіна.

Вядома, для любой з’явы знойдуцца аб’ектыўныя прычыны. У параўнанні з пачаткам 1990-х, спеўных конкурсаў у разы паболела. На іх не трэба выконваць выключна беларускі і беларускамоўны рэпертуар. Прызы на тым жа “Белазаўскім акордзе”, які таксама скіраваны на беларускія песні і ўзровень якога ўсё ўзрастае, куды больш важкія. Вялікую канкурэнцыю склалі і тэлепраекты, што даюць большыя шансы “засвяціцца”. У такіх умовах узрастае адказнасць за адбор удзельнікаў: конкурс усё ж не абы-які, а са статусам нацыянальнага. Адпаведна, ён павінен дэманстраваць лепшыя здабыткі і дасягненні, а не суцэльныя праблемы.

Па ўмовах конкурсу, склад удзельнікаў фарміруецца на месцах. Кожная вобласць і асобна Мінск цягам папярэдніх рэгіянальных праслухоўванняў вылучае па тры выканаўцы, што лічыцца першым турам. Слухаючы ў Маладзечне цяперашнія выступленні пад мінусоўку, я вырашыла, што “не дапрацоўваюць” менавіта вобласці, дасылаючы на конкурс галасістых аматараў, а не тых, хто звяжа з эстраднымі спевамі сваю прафесію. Бо заўважны былі нецікавыя, а то і непрыемныя тэмбры галасоў, элементарныя праблемы з дыханнем, няўменне весці фразіроўку, няроўнасць гуку ў розных рэгістрах і саміх прыёмаў гуказдабывання, часам састарэлыя ці не вельмі ўдалыя аранжыроўкі, адсутнасць у хлопцаў сцэнічных строяў, няўменне паводзіць сябе на сцэне, разумеючы, што выхад і сыход — таксама частка выступлення. У перапынку, пачытаўшы ўнутрыпалацавую газету “Авацыя” з падрабязнай інфармацыяй пра кожнага з канкурсантаў, я атрымала шок: практычна ўсе яны — навучэнцы ці выпускнікі спецыялізаваных каледжаў. Дык, можа, праблемы яшчэ і ў навучанні? І тое, што сярод лепшых выканаўцаў трывала паўстаюць выхаванцы аддзялення “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага каледжа мастацтваў, — заканамернасць? І гэта пры тым, што журы звычайна імкнецца раздаць прэміі па розных рэгіёнах — “усім сястрыцам па завушніцах”.

/i/content/pi/cult/696/15287/11.jpgНекаторыя відавочна адораныя ўдзельнікі папросту патрапілі не на свой конкурс. Як ніколі многа было сёлета спевакоў з народнымі галасамі, сярод якіх асабліва вылучалася мінчанка Паліна Бурло. Можа, у гэтай сферы лепей падрыхтоўка? Ці больш перспектыўнай уяўляецца будучыня — удзел у фольк-гуртах, запатрабаваных у замежжы? На жаль, ніяк не былі адзначаны аўтары ўласных песень. І асабліва прадстаўніца Гомельшчыны Таісія Серыкава, якая добра разумее запатрабаванні моладзі і намацвае свой адметны аўтарскі стыль. А між тым, ужо не першы год вядуцца размовы пра неабходнасць вылучаць яшчэ і лепшыя конкурсныя песні, стымулюючы іх напісанне, у тым ліку, прафесійнымі кампазітарамі.

Абмяркоўваць непасрэдны падзел конкурсных прэмій — справа няўдзячная: рашэнні журы, як вядома, перагляду не падлягаюць. Тым не менш, пагаварыць ёсць пра што. Бо калі за бортам пераможцаў застаўся самы, бадай, прафесійны ўдзельнік, якому для перамогі на “Славянскім базары ў Віцебску” не хапіла ў свой час літаральна аднаго бала, наўрад ці можна ўспрымаць усур’ёз адэкватнасць маладзечанскіх ацэнак. З усёй конкурснай праграмы асабліва ўзрушыла, да марозу па скуры, другая песня ў выкананні Яўгена Доліча — “Белая царква” Алега Молчана на словы Аляксандра Лягчылава. Не заўважыць таго, што гэты спявак — сапраўдны прафесіянал, надзелены цудоўным тэмбрам, моцнай унутранай энергетыкай, інтэлектам, было немагчыма. Можа, таму ён і “не прайшоў”? Каб не псаваць агульную карціну.

Другую прэмію атрымала Аліна Чыжык з Гродзеншчыны. У песні “Ля парога” Аліны Безенсон на словы Лізаветы Палеес ёй не хапіла дыкцыі, а народная “Каля майго церама”, праспяваная амаль а капэла, стала адной з разыначак. На трэцюю пазіцыю нечакана выйшаў магіляўчанін Дзяніс Чуракоў з дзвюма песнямі Уладзіміра Мулявіна. Першае месца заняла Злата Ларчанка з Дзяржынска — сёлетняя выпускніца згаданага Мінскага каледжа мастацтваў па класе Святланы Борахавай. За плячыма маладой спявачкі і заняткі ў Святланы Стацэнка ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, трэцяе месца на дзіцячым конкурсе “Славянскага базара ў Віцебску”, перамогі на “Маладзічку”, “Маладых талентах Беларусі”, удзел у фінале нядаўняга Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2018”. Цяперашняя перамога дазволіць ёй без іспытаў паступіць у БДУКіМ. Але ж ці ўбачым мы Злату, да прыкладу, на наступным фестывалі ў Маладзечне?

Пытанне недарэмнае. На канцэрце адкрыцця канкурсантам былі ўручаны дыпломы. Але ніхто з іх так нічога і не праспяваў, каб можна было ацаніць, за што ўзнагародзілі. Не склалася і традыцыя запрашаць былых лаўрэатаў на наступныя фестывалі, каб сачыць за іх прафесійным ростам. Хаця фармальна — пераможцы мінулых гадоў удзельнічаюць ва ўсіх маладзечанскіх фэстах. Дададзім: тыя пераможцы, якія працуюць у Нацыянальным канцэртным аркестры.

Безумоўна, да кожнага такога свята калектыў на чале з Міхаілам Фінбергам праводзіць вялізную працу. Сёлета было заўважна: у вельмі многіх удзельнікаў песня з аркестрам удалася лепей. Больш рэпеціравалі? Адчувалі адказнасць? Ды ўсё ж няблага было б сумяшчаць конкурс з тымі ж майстар-класамі, каб з удзельнікамі напярэдадні папрацавалі не толькі выкладчыкі на месцах і дырыжор, але і педагогі па вакале.

Погляд збоку не перашкодзіў бы і салістам аркестра. Канцэрт адкрыцця “Мелодыі лёсу”, прымеркаваны да 80-годдзя народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка, пакінуў самыя лепшыя ўражанні і цёплыя ўспаміны. Ідэя перакласці на родную мову яго рускамоўныя песні, надаць ім сучасныя аранжыроўкі — шыкоўная. Пераклады Васіля Жуковіча літаральна дыхалі любоўю да музыкі і слова. З такой жа любоўю быў падабраны адпаведны кожнай песні відэашэраг, які часам складаўся ў гатовыя кліпы і нават выціскаў слязу. Цудоўныя лучанкоўскія мелодыі — краналі нанова. Іх хацелася спяваць ды спяваць, як і зрабіла ў фінале публіка амфітэатра. А вось выступленні салістаў былі рознымі. Ад дасканаласці некаторых — дух займала. Але ўдалымі, паказальнымі, каб на іх маглі вучыцца тыя ж канкурсанты, аказаліся, на жаль, не ўсе. Хтосьці элементарна не трапляў у ноты. Камусьці бракавала густу. Камусьці — пачуцця стылю: усё ж песенная класіка Лучанка і замежны джаз-рок патрабуюць рознай спеўнай манеры. Калі і адважвацца на такі “пераклад”, дык вынік павінен быць пераканальным, бездакорным.

Увогуле ж, агульная праграма сёлетняга фестывалю, прымеркаванага да Году малой радзімы, уражвала вялікімі і маленькімі адкрыццямі. Тут і выстава твораў Меера Аксельрода, якая пазней паедзе ў Мінск і Бабруйск, і надзвычай сардэчная творчая сустрэча з народнай артысткай Беларусі Наталляй Гайда, бліскучае выкананне творчымі калектывамі фінбергаўскага аркестра камернай музыкі, заўсёдныя паэтычныя чытанні, два спектаклі, што склалі гэткі мініфестываль нацыянальнай драматургіі (“Вечар” Мінскага абласнога драматычнага тэатра і “Кар’ера доктара Рауса” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі), і шмат чаго іншага. За ўсімі цікавосткамі другога фестывальнага дня конкурс стаў далёкай гісторыяй. А каб стаў яшчэ і падзеяй, ёсць роўна год — да наступнага фестывалю.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"