“Кватэрнае” пытанне

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

У сучасным свеце, які не трывае межаў і ўмоўнасцяў, выставачныя залы часта ператвараюцца ў творчыя лабараторыі. А вось працэс адваротны, калі прыватная майстэрня працуе як галерэя, з’ява хоць і не новая, але вельмі рэдкая. А таму — цікавая і смелая. Ідэю такіх “кватэрнікаў” сёння падтрымліваюць мастакі Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін. У іх майстэрні, якая знаходзіцца ў доме насупраць сталічнага Палаца мастацтва, адбылася ўжо не адна выстава.

/i/content/pi/cult/696/15285/8.JPG— Мы можам сабе гэта дазволіць — запрасіць знаёмых і сяброў, паказаць ім работы, — кажа Антаніна Слабодчыкава. — Я ўвогуле вельмі люблю гасцей, мне падабаецца такі рух, і калі ён да таго ж вакол мастацтва, то гэта прыемна ўдвая. Спачатку мы думалі рабіць у майстэрні прэзентацыю адной работы. Здараецца, што яе ніхто не бачыць, калі распачынаеш праект, а потым яна становіцца неактуальнай. Але можна запрасіць сяброў, каб яны паглядзелі на твор, абмеркавалі, каб адбылася прафесійная камунікацыя. Як толькі мы атрымалі майстэрню, адразу зладзілі выставу Сяргея Бабарэкі, дарэчы, першую ў Беларусі — вельмі хацелася зрабіць яму прыемна. Мы не працуем як прафесійная галерэя з планавым дзеяннем, ды і сама выстава доўжыцца дзень-два. Усё атрымліваецца спантанна.

Зразумела, што людзей, ужо зусім чужых, у майстэрню не пусціш. Не такое гэта месца. А вось суседзі — сярод жаданых гасцей. Хто як не яны павінны ведаць, чым выкліканы шум і грукат? Адным з найбольш упадабаных мерапрымстваў для іх стаў канцэрт Міхея Насарогава. Але, канешне, у першую чаргу тут чакаюць сяброў і добрых знаёмых. Зрэшты, важна і разумець, хто ж уваходзіць сёння ў мастацкую ці музычную супольнасць, і гэта магчыма праз стварэнне для яе своеасаблівай кропкі прыцягнення.

У майстэрні Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна доўгі час працуе і творчая лабараторыя “1+1=1”. Яна адкрыта для людзей, якія трапятліва ставяцца да мастацтва і спасцігаюць сутнасць творчага працэсу праз вывучэнне саміх сябе і аналіз сваіх адносін да прадмета ці з’явы. Вынікам пэўнага этапа лабараторнай працы і стала чарговая выстава ў майстэрні — “Адкладзенае дзеянне”.

У 2016 годзе ў межах праекта “10 майстэрняў” Антаніна правяла шасцідзённы аўтарскі курс “Суб’ектыўная рэальнасць”. Яго ўдзельнікі вырашылі працягнуць зносіны і рэгулярна сустракацца. У студыі яны вучацца рабіць калажы, але прыходзяць туды перш за ўсё тыя, каму цікавы мастацкі вопыт Антаніны Слабодчыкавай.

— Каб дапамагчы знайсці сваю тэму, творчы працэс тут пачынаецца з самакапання і асэнсавання свайго жыцця. І гэта значна цікавей, чым навучыцца спалучаць колеры і будаваць кампазіцыю, — кажа Антаніна. — Крытычная ацэнка твора губляе сэнс, калі разумееш, што давялося пераадолець вучням, каб яны прыйшлі да такіх вобразаў. Таму фармат “кватэрніка” для такой выставы цалкам прыдатны. У адрозненне ад галерэі, якая прапануе самаму шырокаму колу гледачоў вывераны прадукт з разлікам на далейшае прасоўванне мастака, майстэрня ўтварае іншую прастору, у якой тэхнічныя памылкі даруюцца.

Ілона Дзяргач прапанавала для выставы відэа пад назвай “Куратар абавязаны”, створанае сумесна з Таццянай Гаўрыльчык. На экране дзяўчына старанна мые падлогу майстэрні. Ілона ўзгадвае 2013 год, калі яна толькі пачынала працаваць куратарам. Да разумення сутнасці сваёй справы ў той час даводзілася ісці праз балючыя памылкі, асэнсоўваць іх і адначасова расці: “Маё выказванне пра змешванне роляў і сферу адказнасці ў рэчышчы мастацтва ў час, калі ў нас яшчэ няма куратарскай школы”.

Вольга Баравікова, адна з першых вучаніц Антаніны Слабодчыкавай, прапанавала серыю калажаў Destiny’s child. Яна стварае вобраз праз вялікую колькасць паўтораў аднаго элемента: “Для мяне калаж — яшчэ адна грань свету, дзе я магу самавыяўляцца і вырашаць унутраныя пытанні, перадаваць сваё абурэнне, пратэст ці радасць”.

Адданы вучань студыі Аляксандр Сон у калажнай серыі “Сёе-тое” распавядае пра ўзаемадзеянне вобраза і тэкста. Крысціна Брукштын прысвяціла інсталяцыю-мемарыял “Вясна” знакавым для сябе рэчам. Яшчэ адна інсталяцыя “Адкладзенае дзеянне” створана Ганнай Бундзелевай з падушак і карункавых накідак.

— Часта можна пачуць: “вялікі талент”, “нармальнае мастацтва”, “вышыўкі і так занадта шмат”, — тлумачыць Ганна. — Я адшукала сапраўдныя пажаўцелыя ад часу карункі і вышыла гэтыя словы. У гэтым ёсць тэрапеўтычны момант — нарэшце атрымліваецца выказацца пра набалелае. Так, вышыўкі шмат. Як і жывапісу, графікі, фатаграфіі. У пэўны момант становіцца шмат усяго. І падобнымі словамі ацэньваюць цябе як аўтара. Напрыклад, “дэкаратыўна” — і разумей як хочаш. Няма ні негатыўнай, ні пазітыўнай канатацыі.

— У мяне няма амбіцый прасвятляць людзей, даводзіць да іх нейкія паняцці, — кажа Антаніна Слабодчыкава. — Я магу толькі нешта прапанаваць, а чалавек бярэ ці не. Так, магчыма мая творчасць уплывае, але як гэтага пазбавіцца? Вось прыходзіш і заяўляеш: «Я люблю апельсін». Гэта можа некага ўразіць, і ён таксама палюбіць апельсін, а можа і не. Але несці адказнасць за тое, што ён палюбіў апельсін я не магу — толькі параіць. Тое, у чым сама разбіраюся, а гэта значыць — апельсін. Але і яны бываюць рознымі. Мастацтва непараўнальна больш разнастайнае. І самае галоўнае, што мы робім яго тэмай сваіх зносін.