Па мастацкім маршруце

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Шпацыр па горадзе, літаратура і тэатр — што паміж імі агульнага? Ці можна спалучыць усё гэта разам і навошта? У які бок скіроўваць экскурсійны рух? Такія думкі перапаўнялі мяне ў час незвычайнай экскурсіі па Мінску “Горад Горвата”.

/i/content/pi/cult/696/15283/bun2_opt.jpegСёння і заўтра такія экскурсіі ладзяцца бясплатна, але па запісе. Напярэдадні ж на шпацыр (ад вакзала да ратушы) запрасілі журналістаў. Нагодай стала прэм’ера ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Пастаўлены там спектакль “Радзіва “Прудок” паводле аднайменнай кнігі Андруся Горвата ў дадатковай рэкламе, здавалася б, патрэбы не мае: квіткі на Камерную сцэну раскупляюцца спраўна. Таму ў азначанай экскурсіі мяне прыцягнула жаданне стварыць чарговы рэкламны прадукт, не пазбаўлены самастойнай каштоўнасці.

Нагадаю: спачатку быў праект Movabox, які прыцягнуў да кнігі дадатковую ўвагу патэнцыйных чытачоў і выклікаў надзвычай крэатыўную прэзентацыю выдання з боку купалаўцаў. У гэтым тэатры раней працаваў і Андрусь — дворнікам, пакуль не з’ехаў у вёску на сваю малую радзіму, працягваючы весці дзённік, што ператварыўся ў кнігу. Потым Раман Падаляка, які рэжысіраваў згаданую прэзентацыю, зняў кароткаметражку “Ягор”, што зрабіла фурор на фестывалі мабільнага кіно. Чарговым крокам стаў яго ж спектакль, падтрыманы з трох бакоў: Міністэрствам культуры, тэатрам і мабільным аператарам. Нарэшце, гэта экскурсія.

Блукаючы разам з экскурсаводам Юліяй Масленчанка, можна было пачуць не толькі тое, як Горват апісваў у сваёй кнізе Мінск, але і тое, што цяперашняй вуліцы Кірава, якая спярша была Міхайлаўскай (адсюль і назва сквера), збіраліся даць імя графа Караля Чапскага, які, будучы губернатарам, пабудаваў не толькі піўзавод, але і яшчэ раней тэатр — цяперашні Купалаўскі. І шмат чаго яшчэ, уключаючы тэлефонную станцыю, праз якую сувязь у нас з’явілася раней за Санкт-Пецярбург. А вось першы пад’ёмны кран набылі толькі ў 1940-м, таму Дом урада будаваўся ўручную. А вітражы на Галоўпаштамце, што глядзяць ва ўнутраны дворык, усталяваны так, як нідзе ў свеце: з абодвух бакоў закрыты шклом. Каб не разбіліся! Бо каштавалі вельмі дорага: кожны — як два аўтамабілі “Жыгулі”.

“Маршрут Горвата”, вядома, пралягае да Купалаўскага тэатра, на падыходзе да якога турыстычным аб’ектам становіцца кніжная крама: маўляў, Андрусь яе часта наведваў. Каля службовага ўваходу ў тэатр удзельнікаў экскурсіі пільнуе Раман Падаляка, распавядаючы пра свой спектакль. Потым усе з усмешкамі ідуць да ўніверсама “Цэнтральны”, дзе аўтар кнігі часцяком падсілкоўваўся.

Нязмушана, з гумарам, цытатамі, сустрэчамі… Чаму б не развіць цудоўную ідэю? Пра вулачкі, куточкі ды іншыя аб’екты ў цэнтры Мінска можна знайсці выдатныя радкі ў Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Глобуса, у іншых паэтаў ды пісьменнікаў. Па дарозе спаткаць не адно рэжысёра, але і герояў той-сёй пастаноўкі. Ды проста прыдуманых персанажаў, якія незаўважна ўцягнуць у інтэрактыў, зробяць экскурсію тэатралізаванай. Ці, наадварот, тэатральны спектакль — “экскурсійным”.

Штосьці падобнае ўжо ўзнікала. Можна згадаць і галерэю “Стрытвокер” на фестывалі “ТEAРТ-2014”, і спектакль-праменад “ПраБабруйск” на леташнім Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дзесьці штосьці ладзіцца, дзесьці не. Але ідэі камунікатыўнага мастацтва, разнастайных сінтэзаў-сімбіёзаў, якія сваім нараджэннем будуць абавязаны яднанню прадстаўнікоў розных сфер культуры, літаральна лунаюць у паветры.

Традыцыйныя заклікі “паглядзіце налева — паглядзіце направа” добра спрацоўваюць пры пераходзе праезнай часткі. На жыццёвым шляху, незалежна ад таго, хто ты — фізік, лірык ці меркантыльны эгаіст, патрэбна ўменне не толькі глядзець, але і бачыць, не адно слухаць, але і чуць, адчуваць. Падобныя праекты могуць быць часткай не толькі крэатыўнага раскручвання, відовішча на свежым паветры, але і часткай выхаваўчага працэсу. Сучаснаму чалавеку патрэбны не адно масавыя мерапрыемствы, каб згубіцца ў натоўпе, але і тая атмасфера, што захоўвае асабістую прастору і тым самым выхоўвае індывідуальнасць. Усё, як у кніжцы Горвата. Каб знайсці сябе, неабавязкова замыкацца ў глухой вёсцы. Можна проста аглядзецца па баках — і зірнуць на ўсё новымі вачыма.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"