Каложскі падворак патрабуе паратунку

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Гродна — сапраўды лідар Беларусі па колькасці гістарычных помнікаў на сваёй тэрыторыі. На жаль, па колькасці звязаных з імі скандалаў — таксама. І калі да баталій вакол рэстаўрацыі Старога замка мы ўжо патрошку пачалі прызвычайвацца, то спрэчкі адносна рамонту на Каложы выбухнулі неспадзявана — рабочыя, пакінутыя без нагляду археолагаў, быццам бы знішчылі культурны слой. Каб зразумець, што насамрэч адбылося каля Барысаглебскай царквы — помніка архітэктуры ХІІ стагоддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці нулявой (самай высокай!) катэгорыі, — “К” выправілася ў Гродна.

/i/content/pi/cult/696/15282/6.JPGРамонт замест рэстаўрацыі

Летась Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдаткаваў сродкі на правядзенне рамонтных работ на Каложскай царкве. Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, атрыманая сума — 200 000 рублёў.

— Драўляная частка сцяны была ў аварыйным стане, таму і замянілі яе пакрыццё, — патлумачыла спадарыня Клімовіч. — Усім работам папярэднічалі даследаванні. Нават пытанне, якой павінна быць новая шалёўка, вырашалася кансіліумам. У абмеркаваннях бралі ўдзел усе, каго толькі мы змаглі прыцягнуць — не толькі Міністэрства культуры і адміністрацыя Гродзенскага аблвыканкама, але і даследчыкі, гісторыкі, рэстаўратары, прадстаўнікі царквы — той жа пробашч айцец Аляксандр. Праект распрацаваны інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”, а яго выкананне даручана адной з самых буйных будаўнічых кампаній Беларусі — “Гроднажылбуду”.

Па ўмовах гранта былі прадугледжаны менавіта рамонтныя работы, а не рэстаўрацыя — гэта значыць, работы з пашкоджанымі элементамі: напрыклад, абнаўленне шалёўкі без замены ўласна інжынерных канструкцый.

Як распавяла навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта Алена Шчасная, на жаль, у Беларусі зараз адсутнічаюць спецыялізаваныя архітэктурна-рэстаўрацыйныя ўстановы, таму прыходзіцца прыцягваць будаўнічыя арганізацыі. Але гэта не азначае, што работы выконваюцца на нізкім узроўні.

— Так, часам могуць узнікаць праблемы, калі працуюць не рэстаўратары — прыходзіцца дадаткова штосьці тлумачыць, існуе рызыка памылак, — зазначыла спадарыня Шчасная. — Але ў чым плюс менавіта гэтых людзей — апрача таго, што яны сапраўдныя спецыялісты, усе яшчэ і мясцовыя, жывуць у гэтым горадзе і ставяцца да яго вельмі адказна, з павагай. Іншая справа, што ў краіне трэба аднаўляць сістэму рэстаўрацыйных устаноў. Але гэта — дзяржаўная задача, і яна мусіць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні. Тады ў перспектыве і гаворку пра паўнавартасную рэстаўрацыю Каложы можна будзе весці — нікуды не падзецца, з часам гэта давядзецца рабіць.

Як захаваць культурны слой

/i/content/pi/cult/696/15282/7.JPGТакая пастаноўка пытання, як выкананне рамонтных работ на старадаўняй царкве будаўнічай кампаніяй, сапраўды не можа не выклікаць здзіўлення. “К” ужо неаднаразова адзначала, што ў краіне заўважна не хапае кваліфікаваных спецыялістаў. Архітэктурная рэстаўрацыя — не выключэнне.

— Мы разумеем складанасць сітуацыі і праблемы, якія могуць узнікнуць, — адзначыла Алена Клімовіч. — Таму ўвесь час імкнемся знаходзіцца побач з будаўнікамі. Дый нам і самім цікава назіраць за работамі. Узяць хаця б аднаўляемую сцяну — каб яе выраўняць, трэба было падняць дах. Што рабілі вельмі акуратна: не па сантыметрах нават, а па два-тры міліметры.

Як патлумачыла Алена Шчасная, праца вельмі складаная, і падчас яе выканання адкрылася вельмі шмат сакрэтаў:

— Пры правядзенні антыаварыйных работ высветлілася, што каркас ХІХ стагоддзя захаваўся ў вельмі добрым стане — яшчэ за часамі Расійскай Імперыі яго ставілі як часовую канструкцыю, але ён прастаяў ужо сто гадоў і дагэтуль мае значны рэзерв трываласці. Але само яго вонкавае пакрыццё трэба было мяняць — у сувязі з тым, што царква знаходзіцца на
паўднёвым беразе ракі, які больш церпіць ад агрэсіўнага прыроднага ўздзеяння.

Выяўлена, што падмурак Барысаглебскай царквы знаходзіцца ў катастрафічным стане — “замазаная” пры апошняй рэстаўрацыі Юзафам Ядкоўскім цэментам плінфа літаральна крышыцца пры дотыку да яе.

— Толькі калі мы знялі слой зямлі і адкрылі падмуркі, пабачылі аварыйны стан сцяны. Аператыўна ўнеслі змены ў праект. Але ўзважана — галоўнае ж, не зашкодзіць! — паведаміла Алена Клімовіч. — Было некалькі прапаноў, якім чынам можна выратаваць падмурак. Напрыклад, панізіць узровень зямлі. Аднак тады ўзімку тут будзе збірацца снег. Іншы варыянт — вырабіць новую плінфу і ёй замяніць пашкоджаную, але гэта вельмі дорага і занадта доўга, а пакідаць муры адкрытымі і незакансерваванымі ніяк нельга. Хаця прапанова — слушная, яна падышла б для рэстаўрацыі Каложскай царквы. Таму камісія прыняла рашэнне пакрыць аварыйныя фрагменты кладкі кансервацыйным растворам і вапнай — такім чынам закансерваваць яе ў чаканні будучай паўнавартнаснай рэстаўрацыі.

Раней крытычных заўваг ні па рамонце сцяны, ні па ўнутраных работах у царкве фактычна не было. Больш за тое, мы са свайго боку зрабілі вельмі шмат, каб перадухіліць магчымыя непаразуменні — увесь час тлумачылі, як ідзе працэс, і на мясцовым тэлебачанні, і праз рэспубліканскія і мясцовыя газеты, электронныя СМІ. Вельмі важна, каб людзі ведалі, што адбываецца.

— У апошні час розгалас выклікалі работы па добраўпарадкаванні падворка і земляныя працы на прылеглай да храма тэрыторыі, — працягнула Алена Шчасная. — Чаму гэта трэба? Хто бываў раней на Каложы, ведае, што тут раслі дрэвы. Пасаджаныя для прыгажосці, яны спляжылі дрэнажную сістэму. Таму неабходна яе аднаўляць.

Справа ў тым, што рэстаўрацыя Юзафа Ядкоўскага трыццатых гадоў мінулага стагоддзя была праведзена не вельмі якасна, і мы проста выпраўляем памылкі нашых папярэднікаў. Вызначылі, дзе раней капаў Ядкоўскі, а дзе — Алег Трусаў і Сяргей Піваварчык. І работы праводзіліся толькі там, дзе археолагі ўжо “прайшліся”. Закрануўшы “новы” кавалак і пабачыўшы чалавечыя парэшткі, рабочыя адразу ж спынілі працу. У сувязі з тым, што археолага не было ў той момант на месцы, усё замарозілі да яго прыезду, таму нельга сказаць, што ёсць істотныя страты культурнага слою. Іншая справа, што вакол царквы ўсюды могілкі. Таму, калі “выйсці” па-за вызначаныя для работы межы, заўжды можна знайсці косткі.

Знайсці археолага са сваіх

Сапраўды, асноўная агучаная прэтэнзія — гэта адсутнасць на аб’екце археолага. Праектнай дакументацыяй быў прадугледжаны нагляд. Але, як адзначылі абедзве суразмоўцы, пастаянная прысутнасць яго не толькі не заўжды патрэбная, але і папросту немагчымая.

— Рабочыя сапраўды парушылі план работ, і мы прызнаем гэтую памылку. Ад такога ніхто не застрахаваны, але галоўнае, каб памылкі не былі беззваротнымі. І гэтага мы якраз не дапусцілі! Зрабілі адпаведныя высновы, і ў будучым такога не паўторыцца, — запэўніла спадарыня Клімовіч.

Іншае пытанне, чаму такая сітуацыя наогул стала магчымай. Існуе практыка, калі Інстытут гісторыі НАН Беларусі прызначае археолагаў з іншых гарадоў. Натуральна, каб забяспечыць іх пастаянную прысутнасць, трэба прадугледзіць даволі значныя дадатковыя выдаткі на службовае жытло. Такіх фінансаў, як правіла, няма. Таму і атрымліваецца, што прызначаны для нагляду спецыяліст фізічна не можа прысутнічаць на аб’екце ўвесь патрэбны час. Магчыма, варта мяняць усю сістэму — прызначаць мясцовых “наглядчыкаў”? Натуральна, пры іх наяўнасці.

Па каментарыі адносна сітуацыі з некарэктнай работай будаўнікоў на Каложскай царкве “К” звярнулася і да заказчыка работ — упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. На жаль, намеснік старшыні УКБ Сяргей Царук не змог знайсці ў сваім насычаным графіку часу для сустрэчы. Відавочна, у сітуацыі, якая склалася вакол Барысаглебскай царквы, своечасовае інфармаванне вельмі важнае. Калі ж яго няма, а адказныя асобы не жадаюць агучваць праблемы, нараджаюцца чуткі і плёткі. Чаго тады здзіўляцца, што ў інфармацыйным полі падымаецца хваля крытыкі?