Творчасць і вытворчасць

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Буйнамаштабныя праекты накшталт аздобы будынкаў, якія разам з акрэсленай функцыяй маюць і прэзентацыйнае прызначэнне (Нацыянальная бібліятэка, Палац Незалежнасці і гэтак далей), стварэнне мемарыялаў ці агульная эстэтызацыя грамадскай прасторы — усё гэта патрабуе скаардынаванай працы людзей розных творчых і вытворчых спецыяльнасцей. Такую каардынацыю і ажыццяўляюць некалькі спецыялізаваных арт-камбінатаў, падпарадкаваных Беларускаму саюзу мастакоў. Яны ж складаюць аснову эканамічнай дзейнасці і, адпаведна, самаго існавання творчага аб’яднання.

/i/content/pi/cult/696/15281/5.jpgМастацтва трэба рэкламаваць

Па вясне ў сталічным Палацы мастацтва праходзіла выстава пад назвай “Арт-Камбінаты”. Экспазіцыя распавядала пра дзейнасць Камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Аляксандра Кішчанкі ў Барысаве, а таксама Скульптурнага і Мастацкага камбінатаў у Мінску.

Менавіта ў Барысаве вытканы славуты “Габелен Стагоддзя”, унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, а таксама габелены, што ўпрыгожваюць Вялікі тэатр, Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, Палац культуры прафсаюза. З нядаўніх вядомых работ Скульптурнага камбіната — бронзавая “Брама памяці” для мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы, “Звон, які маўчыць” для Светлагорска, помнік князю Ўсяславу Чарадзею для Полацка і князю Альгерду для Віцебска. На Мастацкім камбінаце рабіліся вітражы, мазаікі, фрэскі, сграфіта, вядомыя бадай кожнаму мінчуку, стваралася аздоба ўсіх станцый сталічнага метро. Апошнім часам камбінат выконвае заказы Царквы.

Многія з наведвальнікаў адкрылі для сябе тое, што такія выдатныя ўзоры дэкаратыўнага і манументальнага мастацтва ствараліся і ствараюцца на беларускай вытворчай базе. Арганізатары ж не хавалі рэкламнага характару выставы і сваіх надзей на тое, што пасля прэзентацыі ў згаданых прадпрыемстваў пашырыцца кола заказчыкаў. Бо мэтай быў зусім не агляд дасягненняў, але асэнсаванне дзейнасці камбінатаў з вызначэннем доўгатэрміновай перспектывы — як найлепшым чынам скарыстаць творчы патэнцыял і вытворчыя магчымасці Саюза мастакоў.

Барысаў чакае

На першы погляд сітуацыя асаблівай трывогі не выклікае — камбінаты ўсё ж працуюць. Але справа ў тым, што захаваць наяўны патэнцыял можна толькі пры ўмове ягонага развіцця. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе мастацкія камбінаты ўвогуле захаваліся і неяк упісаліся ў новыя эканамічныя стасункі. Хочацца дадаць — пакуль яшчэ захаваліся.

У апошнія гады немалыя сродкі ўклалі ў рэканструкцыю Скульптурнага камбіната. І калі раней частку работы ён быў вымушаны аддаваць староннім выканаўцам, цяпер з’явілася магчымасць ажыццяўляць увесь тэхналагічны цыкл на ўласнай базе. Тое, што прадпрыемства пачуваецца някепска, відаць і па колькасці ўжо згаданых помнікаў і дэкаратыўнай пластыкі, што з’явілася ў розных гарадах краіны.

Наступным у чарзе на інвестыцыі мусіць быць Барысаўскі камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Аляксандра Кішчанкі — айчынны флагман па вырабе мастацкага тэкстыля і керамікі, які цяпер збольшага жыве за кошт сувенірнай прадукцыі, паколькі заказаў на габелены стала менш.

Што было, ёсць і можа быць

З 1975 года менавіта ў Барысаў цэлымі курсамі размяркоўвалі керамістаў і мастакоў па тэкстылі, хаця ехаць туды яны не надта рваліся — далекавата ад Мінска. Як згадвае мастак па тэкстылі Ала Непачаловіч, работы хапала ўсім, бо існавала правіла, паводле якога два працэнты ад кошту ўзвядзення грамадскага будынка мусілі пайсці на ягоную аздобу. Габелены лічыліся тады ці не найлепшым дэкорам для грамадскіх інтэр’ераў, знакам прэстыжнасці. Заказчыкі з усяго Савецкага Саюза па два гады ў чарзе стаялі за барысаўскай прадукцыяй. Ткачыхі габеленавага ўчастку мелі найбагацейшы досвед і праз гэта ўнікальную кваліфікацыю. Акрамя вытворчай базы, Барысаўскі камбінат быў яшчэ і творчай лабараторыяй, дзе ладзіліся сустрэчы мастакоў дэкаратыўна-прыкладной сферы з ўсяго СССР. У гэтым сэнсе Барысаў стаяў у адным шэрагу з такімі цэнтрамі прафесійнага сумоўя як Дзінтары, Сенеж, Гурзуф.

Скончылася ўсё гэта недзе ў 1990 годзе. Частку вытворчых памяшканняў набылі новыя гаспадары. У памяшканні габеленавага ўчастка былі выбіты вокны — па ім лёталі галубы і вароны. Тады нават зніклі экспанаты музея пры камбінаце — эталонныя ўзоры тыражаванай прадукцыі па ткацтве і кераміцы, якая там выраблялася. З гэтай прычыны, дарэчы, праблемна было прэзентаваць барысаўскае прадпрыемства на згаданай вышэй выставе.

Сёння ўсё ўжо не так сумна. Хоць буйнамаштабныя праекты ў галіне мастацкага ткацтва здараліся ў суверэннай Беларусі значна радзей чым у БССР, яны ўсё ж былі, як гаворыць Ала Непачаловіч.

— Мы так ці інакш захавалі нацыянальнае аблічча нашага мастацкага тэкстылю, а гэты брэнд, з якім можна паспяхова замацоўвацца на ўласнай прасторы і выходзіць на міжнародны ўзровень, — адзначае мастак. — У іншых былых саюзных рэспубліках такая мастацкая вытворчасць страчана, так што тое, што захавалася ў няпростыя гады нам сорам не скарыстаць разумна ў інтарэсах грамадства і дзяржавы.

Каб вярнуць барысаўскаму камбінату былую славу, статус і прыбытак трэба, на думку старшыні секцыі мастацкага тэкстылю БСМ Вольгі Рыднікінай, мець разлічаную на доўгую перспектыву праграму і выконваць яе пакрокава. Напачатку варта было б выправіць хібу, закладзеную ў структуру гэтай вытворчасці дзесяцігоддзі таму. Калісьці самі мастакі не надта хацелі выпраўляцца з Мінска ў Барысаў, а зараз яшчэ і патэнцыяльныя інвестары і заказчыкі. Пераносіць у Мінск саму вытворчасць нерэальна, ды і Барысаву рабочыя месцы трэба, а вось адкрыць у Мінску прадстаўніцтва камбіната, якое займалася б маркетынгам і менеджментам можна. Больш за тое — неабходна. А яшчэ варта камбінату мець у Мінску сваю фірменную краму. І самае галоўнае, у сталіцы павінна быць творчая лабараторыя, дзе будуць распрацоўвацца і эталоны тыражаванай прадукцыі па тэкстылі і кераміцы, і ўнікальныя творы для аб’ектаў.

Дызайн супраць “манументалкі”?

Ёсць меркаванне, што сучасная архітэктура не мае вялікай патрэбы ў манументальна-дэкаратыўнай аздобе, як было ў савецкі час. Маўляў, тады нават будынкі ўнікальнага прызначэння рабіліся паводле тыпавых праектаў, і мастацкая аздоба — фрэскі, мазаікі, сграфіта — мусіла надаць ім рэспектабельнасці. А сёння якасць архітэктурнага праектавання куды вышэйшая. Да таго ж, пэўнага эстэтычнага эфекту можна дамагчыся сродкамі дызайну. Можа, да таго, што “манументалка” не надта запатрабаваная, трэба ставіцца спакойна, як да непазбежнай з’явы?

— Паколькі я сам манументаліст, перспектыва страты манументальным мастацтвам пэўных пазіцый мяне, канешне ж, не радуе, — кажа намеснік старшыні Беларускага
саюза мастакоў, куратар выставы “Арт-камбінаты” Глеб
Отчык. — Але мушу прызнаць, што такая праблема ёсць. Я бываў за мяжой і бачыў, што, да прыкладу, тэхнікай фрэскі там валодаюць хіба што рэстаўратары. Мастака ж, які б гэта ўмеў, знайсці нялёгка. Можна фотаспосабам нанесці выяву на палотно, а палатно замацаваць на сцяне. Выглядае як фрэска. Манументалісты хацелі б рабіць супольныя праекты з архітэктарамі і дызайнерамі, але так атрымліваецца не заўжды. Самі разумееце, ніхто не хоча дзяліцца грашыма.

Ствараць і захоўваць

Калісьці камбінаты жылі выключна за кошт дзяржаўных заказаў, а зараз за рынак ім трэба змагацца.

— У свой час нашы мастацкія камбінаты былі манапалістамі — праз іх праходзілі не толькі маштабныя
праекты кшталту аздобы грамадскіх будынкаў, але і побытавая драбяза, — кажа Глеб Отчык. — Сёння бадай кожны можа стаць індывідуальным прадпрымальнікам, адкрыць уласную вытворчасць і, нават саступаючы ў якасці прадукцыі мастацкім камбінатам, усё ж такі ствараць ім канкурэнцыю за кошт цаны. Не лічу станоўчай з’явай і запаўненне нашага рынку кітайскай прадукцыяй. Падтрымка нацыянальнага вытворцы павінна быць.

Яшчэ адна сумежная праблема, вырашэнне якой у кампетэнцыі дзяржавы — абароненасць твораў мастацтва. Як ужо існуючых, так і тых, што маюць з’явіцца. Каб закон, скажам, абавязваў гаспадара ці арандатара будынка, упрыгожанага роспісам ці скульптурнай пластыкай, выклікаць рэстаўратара, калі твор пашкоджаны. Сёння ж мастацкую аздобу можна проста знішчыць, каб не мець з ёй клопату. Дасведчаныя людзі памятаюць, як, напрыклад, падчас пераробкі сталічнага кінатэатра “Вільнюс” у спартыўную залу знік унікальны роспіс у ягоным інтэр’еры; ці як пахавалі пад тынкоўкай сграфіта на фасадзе палаца культуры, што калісь належаў Мінскаму камвольнаму камбінату. Невядомы лёс габеленаў Аляксандра Кішчанкі, што ўпрыгожвалі фае мінскай Оперы напярэдадні апошняй рэканструкцыі будынка. Такое ж стаўленне і да помнікаў культуры даўняга часу. Глеб Отчык нагадаў, як у старажытным палацы, які сёння з’яўляецца адным з турыстычных брэндаў Беларусі, са сцен збілі раскрыты рэстаўратарамі роспіс XVIII стагоддзя, а месца, дзе ён быў, закрылі гіпсакардонам.

Тое, што спатрэбіцца заўтра

На думку Вольгі Рыднікінай, сёння далёка не ўсе, хто адказвае за культурную палітыку дзяржавы, усведамляюць наколькі важна захаваць мастацкую традыцыю, нацыянальную школу і іншыя чыннікі нашай тоеснасці. Існаванне пэўных інстытуцый, вытворчых і творчых структур можа выглядаць не надта рэнтабельным у сённяшняй эканамічнай
сітуацыі. Знішчыць лёгка, цяжка аднавіць, калі непазбежна паўстане такая патрэба.

Заняпад, а тым больш закрыццё такіх прадпрыемстваў — гэта не толькі страта рабочых месцаў, але паніжэнне ўзроўню выяўленчай культуры ўвогуле і канкрэтна — планкі эстэтычных запытаў. Сёння сістэма прахаджэння заказа праз арт-камбінаты гарантуе як кантроль якасці на ўсіх этапах, так і адзказнасць выканаўцы за канчатковы вынік. Што будзе, калі гэты кантроль знікне, відаць на прыкладзе некаторых узораў манументальна-дэкаратыўнай аздобы, што трапілі ў грамадскую прастору ў абыход арт-камбінатаў. Сумнае відовішча…

У гэтай сувязі спадарыня Вольга згадала рэальную гісторыю, якая вельмі нагадвае прыпавесць. Амаль сто гадоў таму адзін з прадстаўнічых будынкаў Лондана аздобілі мастацкай разьбою з дубу. Дзеля гэтага вырубілі дубовы гай. Тут жа пасадзілі новы — раптам узнікне патрэба штосьці замяніць. І ўзнікла, а “дубы ўжо чакалі”. Такі гаспадарчы падыход хацелася б бачыць і ў нас. Прынамсі, у галіне культуры. Думаць пра заўтра. І калі нешта сёння падаецца не надта актуальным, усё адно не пакідаць з’яву ці структуру без нагляду і падтрымкі, што азначае тое ж знішчэнне, хіба запаволенае ў часе, а хаця б закансерваваць, падтрымліваючы рабочы стан. Але проста кансервацыя — не выйсце. Бо хто не плыве наперад, таго адносіць назад. Жыццё — рух.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"