Выпадковы рух у невыпадковым парадку

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Харэаграфічны гурт “Данс Авеню” дзейнічае пры сталічнай гімназіі № 5. Быў утвораны ў 1998 годзе. З 2013-га — стаў узорным. Упэўнена перамагае ў конкурсах і фестывалях. Ужо сёлета атрымаў Гран-пры Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Паверхі”, на Чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па сучаснай харэаграфіі стаў лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі Modern&Contemporary Dance. Словам, зроблена нямала. Куды і як рухацца далей? На гэтае пытанне спрабуюць адказаць кіраўнікі “Данс Авеню” Жана АНГЛІНСКАЯ і Тамара КАНАШЭВІЧ.

/i/content/pi/cult/695/15273/25.JPG— Спачатку давайце згадаем, як усё пачалося?

Жанна АНГЛІНСКАЯ:  Мы вялі ў гімназіі ўрокі рытмікі. Па тры ансамблевыя гадзіны на паралель дазвалялі рабіць штосьці сур’ёзнае. Потым быў раённы конкурс. Кожны з нас паказаў свой нумар і меў поспех. З’явілася ідэя працаваць на адну мэту, разам.

— Але, наколькі ведаю, працавалі вы ў розных кірунках?

Тамара КАНАШЭВІЧ:  Мая адукацыя звязана з народным танцам, спачатку займалася яго стылізацыяй.

Ж. А.: А я эстрадным і класічным танцам. Мы спачатку пасябравалі з Тамарай Канстанцінаўнай, потым вырашылі аб’яднаць намаганні: стварылі калектыў. Адбіралі лепшых дзяцей. Пачыналі з эстрады, бо для народнага танца патрэбны касцюмы, з шыццём якіх узніклі праблемы. Як і з колькасцю хлопчыкаў, а без іх народны танец — падробка, што для нас рэч непрымальная.

— Вы парушальнікі стандартаў. У калектыве — два кіраўнікі.

Т.К.: Мы нават не спрачаемся паміж сабой. Выслухаем адна адну, паглядзім два варыянты, а выбіраем найлепшы.

І.С.: Вы людзі савецкія, у пэўнай ступені — кансерватары. Што прымусіла займацца танцам зусім іншага часу?

Ж.А.: Час жа і прымусіў. Тое, чым займаліся раней, стала сумным, аднастайным. Эстрадны танец надакучыў. А ў сучаснага — неймаверная прастора магчымасцяў. Тут трэба думаць, прапускаць матэрыял праз сябе. І дзеці гэта вельмі адчуваюць. Адна справа — выйсці на сцэну і штосьці там увасобіць. І зусім іншая — адлюстраваць унутраны свет героя, яго характар. Цікавая справа! Я назвала б гэта выпадковым рухам у невыпадковым парадку.

Т.К.: Эстрада — гэта збольшага папса, а сучасны кірунак мае на ўвазе любую годную музыку, нават класіку. Але выканаўца ў ёй павінен пачуваць сябе, як рыба ў вадзе. Падрыхтаваць такога, значыць, даць яму школу. Я кажу пра валоданне целам, каардынацыяй рухаў, гнуткасцю, пластычнасцю, уменне быць напоўненым сэнсам.

— Вы прызвычаіліся да “думання” на сцэне? А дзеці як да гэтага прыходзяць? Ці дапамагае ім тое, што яны — выхаванцы фізіка-матэматычнай гімназіі? Словам, як дзеці “зрастаюцца” з сэнсавай харэаграфіяй?

Ж.А.: Мы дзяцей з першага класа “лепім”. І яны паступова разумеюць, што ад іх патрэбна. Працуем разам над акцёрскім майстэрствам. Без гэтага немагчыма. Да прыкладу, у старэйшых ёсць нумар “Не танга”. Назваць яго танга было немагчыма, бо ў складзе ансамбля адны дзяўчаты. А як усё зрабіць, каб гэта чыталася і гучала? Толькі ў стылістыцы сучаснай харэаграфіі, толькі на піку высокага акцёрскага самавыяўлення.

— Дык мо вы — дыктатары, а дзеці — выканаўцы? Ці ўсё ж саўдзельнікі?

Т.К.: І дыктатары, і саўдзельнікі. Галоўнае, каб у групе быў лідар і дзеці за ім цягнуліся.

— А калі ён выканаўца цудоўны, а па характары дзеці яго не прымаюць?

Ж.А.: Найлепшы адчувае сваю значнасць, імкнецца ўсіх аб’яднаць, настроіць усіх на перамогу.

— Ёсць тут вельмі важны нюанс для мяне. Адзінота ў натоўпе, глабалізацыя, перанасычэнне інфармацыяй прывялі да таго, што лідарства перайшло да тых, у каго ёсць сіла ды нахабства. Лідарства вашых дзяўчынак — для сцэны? Ці яно дапамагае зацвердзіцца ім і ў соцыуме?

Т.К.: Несумненна!

— Гаворка пра клан амазонак?

Ж.А.: Не, хлопчыкі пад дзвярыма чакаюць — каб паднесці заплечнікі, прыходзяць на нашы канцэрты.

— Трэба выносіць сацыяльныя праблемы на сцэну?

Т.К.: Нельга гэта рабіць просталінейна. Мы прыдумалі назву для чарговага нумара — “Адчуваю”. Знайшлі музыку, падбіраем лексічны матэрыял, думаем над выразнасцю харэаграфіі, каб ненавязліва ўключыць гледача ў асэнсаванне таго, што адбываецца на сцэне.

Жаданне працаваць на адну ідэю спраўдзілася і пацвердзіла сваю мэтазгоднасць: сёлета калектыву — 20 гадоў. У яго ёсць будучыня — у вучнях, якія хочуць атрымаць прафесійную адукацыю і працягнуць творчую дзейнасць у калектыве ўжо ў якасці педагогаў.

Ірына СТРУЖКО,
метадыст па харэаграфіі
“Мінскканцэрта”