“Цела” гісторыі — жыццё чалавека

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Выкладанне мінулага не павінна абмяжоўвацца толькі пазначэннем важных дат і падзей сусветнай гісторыі. Вельмі часта іх немагчыма зразумець без ведання гісторыі мясцовай. Дый непасрэдныя прыклады з жыцця тваёй роднай мясціны, з жыцця тваіх бабуль і дзядуль вельмі моцна дапамагаюць зразумець вехі вялікай гісторыі. Асабліва такі падыход да выкладання становіцца актуальным у Год малой радзімы.

/i/content/pi/cult/695/15272/24.JPGАдной з такіх важных вехаў у жыцці ўсёй Еўропы і Беларусі была Другая сусветная вайна. Важная яна і для гісторыі кожнага беларускага горада і вёскі, у тым ліку і Мінска. Таму дагэтуль пытанне вывучэння гэтай страшнай навалы “на месцах” актуальнае. “К” ужо пісала пра экспедыцыю па вывучэнню гісторыі Мінскага гета, арганізаваную Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна пры ММАЦ сумесна з Беларускім архівам вуснай гісторыі (гл. “К” № 42 за 2017 г.).

Надоечы пры падтрымцы Міжнароднага саюза памяці ахвяр Халакосту і ініцыятывы Culture goes Europe (Германія) пабачылі свет матэрыялы, выдадзеныя па выніках экспедыцыі — у форме дыдактычнага дапаможніка “Мінскае гета”.

— Яго галоўнай мэтай з’яўляецца не проста вынясенне ўрокаў на прыкладзе гісторыі Мінскага гета, а аказанне метадычнай дапамогі педагогам у правядзенні ўрокаў памяці, — адзначаюць арганізатары праекта. — У ходзе распрацоўкі дапаможніка мы арыентаваліся на пытанні, якія ўзнікаюць у вучняў. У якасці працоўных матэрыялаў выкарысталі ўрыўкі з дакументаў, цытаты з успамінаў сведак і іншыя крыніцы.

Метадычны дапаможнік уяўляе з сябе камплект з 16 картак, а таксама інструкцыі для настаўнікаў і дадатковыя матэрыялы, змешчаныя на CD. Як адзначыла кіраўніца праекта — дырэктар Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, кандыдат гістарычных навук Ірына Кашталян, — карткі не раскрываюць цалкам гісторыю Халакосту ў Беларусі, як і ўсю гісторыю Мінскага гета. І гэта якраз з’яўляецца адметнасцю выдання, таму што адукацыйны працэс адыгрывае важную ролю ў станаўленні асобы кожнага чалавека — вучні самі павінны навучыцца асэнсоўваць гісторыю і яе наступствы.

— Ад каштоўнасцяў, навыкаў, ведаў і ўстановак, якія атрымае моладзь, залежыць, якія грамадзяне з яе атрымаюцца, — кажа спадарыня Кашталян. — У Беларусі працэс пераасэнсавання шмат якіх праблем Другой сусветнай вайны, у тым ліку трагедыі беларускіх яўрэяў у перыяд нацысцкай акупацыі, пачаўся толькі ў 1990-я гады мінулага стагоддзя. Да гэтага часу не распрацавана дастатковая колькасць навучальна-метадычных і дыдактычных матэрыялаў па тэме гісторыі Халакосту. А па гісторыі Мінскага гета іх зусім мала.

Асаблівасць выдання заключаецца і ў тым, што яно змяшчае няшмат дат, затое вельмі многа гісторый людзей, якія перажылі трагедыю вайны. Спроба адысці ад агульных штампаў, банальнага пераказвання храналогіі і звярнуцца да самаго “цела” гісторыі — жыццяў людзей — утварае арыгінальны характар метадычнай распрацоўкі. Бо менавіта з трагедыі кожнага канкрэтнага чалавека і склалася трагедыя ўсяго народа. Прычым гісторыі гэтыя — не зачышчаныя вытрымкі з кніг, а ўспаміны канкрэтных людзей.

У працы бралі ўдзел не толькі “кабінетныя” гісторыкі, але і выкладчыкі-практыкі школ Мінска, аўтары дыдактычных і метадычных дапаможнікаў па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Перад выхадам у свет усе матэрыялы прайшлі апрабацыю і былі адобраныя даследчыкамі, якія спецыялізуюцца на тэме Халакосту. На дадзены момант вядзецца праца па падрыхтоўцы падачы ў Міністэрства адукацыі заяўкі на атрыманне выданнем шыфру навучальна-метадычнага дапаможніка.