Аб ролі Міхаіла Булгакава ў культуры адной вёскі

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Гэты населены пункт служыць прыкладам таго, як пры абмежаваных магчымасцях і ў вельмі сціснутых абставінах можна “рабіць” культуру ў вёсцы. 73 жыхары засяляюць Леснiкi — у асноўным, людзі пенсіённага ўзросту. Якія і самі не хочуць проста “дажываць”, і якім не дае бавіць дні толькі ва ўспамінах аб мінулым і ў хвалюючым чаканні наступнага наведвання іх сваякамі чалавек яркі — і сваёй знешнасцю, і сваёй дзейнасцю. Пра такіх у гады развітога сацыялізму сказалі б — з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І як жа выдатна, што не зніклі яны і дагэтуль!

/i/content/pi/cult/695/15270/21.JPGПа Воланду

Валянціна Лук’яновіч дванаццаты год кіруе Домам сацыяльных паслуг. З такой установай, што адносiцца да галіны культуры, я за час сваіх паездак па краіне сутыкнуўся ўпершыню.

— На сёння ўстанова такога тыпу, наколькі я ведаю, у Драгічынскім раёне засталася ўсяго адна, — паведамляе Валянціна Мікалаеўна. — Штомесяц тут праходзіць сход жыхароў вёскі — з удзелам кіруючых работнікаў рознага рангу, на якіх абмяркоўваюцца і прымаюцца рашэнні па надзённых пытаннях. Сістэматычна да нас прыязджаюць служачыя сацыяльнай сферы, якія аказваюць разнастайныя паслугі — і ў гэтым выпадку Дом з’яўляецца прыёмным цэнтрам.

Дзейнічаюць пры ДСП і тры “культурных” аб’яднання: песеннае — аматараў фальклору “Спадчына” (жанчыны ад 35-ці да 45-ці гадоў), “Суседзi” — для пажылых людзей (яно арганізуе і праводзіць усе вясковыя мерапрыемствы і ўшаноўвае вяскоўцаў у індывідуальным парадку) і сямейны народны фальклорна-этнаграфічны калектыў сясцёр Лук’яновіч. Два першыя фарміраванні збіраюцца раз у месяц, а апошняе — двойчы на тыдзень.

— Калі я чую, што пра Леснікi гавораць як пра паміраючых і неперспектыўных, то гатовая “выбухнуць”, — прызнаецца загадчыца. — Мы — тыя, хто арганізуе вясковы вольны час, самі ж жывем тут і разумеем, што, так, не выключана, не за гарамі той дзень, калі наш куток усё ж такі сыдзе ў гісторыю. Ну а што ж далей — класціся і паміраць? Ні ў якім разе! І сабе не дазваляем упадаць у роспач, і іншым не даем! У суседняй вёсцы Скрыпелi пражывае наогул 10 чалавек, але і яны не застаюцца без увагі ўладаў і нашай: сёння гэта адзін дом з яго агульнымі для ўсіх клопатамі і радасцямі. Я нават змяніла назву “Свята вёскі”: ужо два гады мы адзначалі “Свята землякоў”. І асабіста я веру, што, па меншай меры, Леснікі адродзяцца! Прыязджаюць жа тыя, хто ўсяляюцца ў дамы сваіх памерлых бацькоў, уладкоўваюцца там. Нейкія пустуючыя хаты купляюць прыезджыя з бліжэйшых гарадоў. Усё залежыць ад нас, ад нашых дзеянняў, ад жадання дыхаць гэтым паветрам, дакранацца ды гэтай прыроды, якія б умовы ні прапаноўвала жыццё.

І тузае спадарыня Лук’яновіч насельніцтва (улічваючы, вядома, немалы ўзрост некаторых): ні адна падзея, што колькі-небудзь мае адносіны да беларускіх абрадаў, звычаяў, распаўсюджаных і ў дадзенай мясцовасці, і, натуральна, толькі тут, не абыходзіць яна бокам. Калі так яно і ёсць (а не давяраць гэтай паненцы падставы ў мяне няма), то, мабыць, у Лесніках я таксама ўпершыню сустрэўся з такім усёахопным падыходам. А раз ёсць “эксклюзіўныя” традыцыі, то існуюць і іншыя спецыфічныя асаблівасці, выяўленыя, напрыклад, у дыялекце, што адлюстроўваецца ў песеннай манеры ансамбляў. З “руціны” ж — правядзенне дзесьці раз у месяц... дыскатэкі! Ёсць яшчэ, аказваецца, у вёсцы такія бабулі і дзядулі, што пад гукі дыска фору сваім унукам і ўнучкам даюць! Пра танцы паведамляецца і праз інтэрнэт, і тады ў ДСП сцякаюцца збацаць рок-н-рол і вальс, заплаціўшы рубель, а то і два, людзі з суседніх населеных пунктаў. Збіраюцца яны, загадзя папярэджаныя, і ў тыя дні, калі ў Леснікі прыбывае бібліёбус (раз-два на месяц), якi мясцовых абслугоўвае проста на дамах.

Да цяжкасцяў працы Дома сацыяльных паслуг Валянціна Мікалаеўна ставіцца па-філасофску: нядрэнна б адрамантаваць будынак, але і без таго iмпрэзы ў ім не спыняцца; зношваюцца касцюмы і абутак — знаходзяцца ўмельцы, якія іх абнаўляюць. Як мне падалося, кіруецца загадчыца ў сваёй дзейнасці і знакамітай фразай з рамана “Майстар і Маргарыта”: “Ніколі і нічога не прасіце! Самі прапануюць і самі ўсё дадуць!” Але калі я ўжо прыстаў да спадарыні Лук’яновіч з пытаннямі пра праблемы, яна распавяла, што вельмі шкадуе, што так і не паспелі аднавіць ветраны млын на ўскраіне вёскі, пабудаваны каля ста гадоў таму — да нядаўняга часу мясцовая славутасць. Не паспелі яго адрэстаўраваць і адкрыць у ім музей: не так даўно млын згарэў. Але ў Доме сацыяльных паслуг рарытэтныя экспанаты для краязнаўчага міні-музейчыка на ўсю моц збіраюцца: я нават войкнуў, разглядаючы старыя плыткі!

Неабходныя каментарыi

За дадатковым асвятленнем культурнага жыцця вёскі я адправіўся да дому, што стаяў непадалёк ад ДСП — у надзеі застаць гаспадароў. Спакой іх ахоўвала не надта злы сабака, які для парадку на мяне ўсё ж гыркнуў. На ягонае папярэджанне, што на тэрыторыі з’явіўся нехта чужы, з хаты выйшлі двое старажылаў Леснікоў. Размова з Марыяй і Аляксандрам Коўганко выйшла і сумная, і жыццесцвярджальная адначасова.

— Чуеце, як у нас тут ціха? — пытаецца Марыя Максімаўна. — Паміраюць людзі, толькі летась “сышло” чалавек 12. Аднагодкам жа нашым цяжка прыходзіцца — усё хворыя, ледзь ходзяць. Ледзь свае гаспадаркі вядуць, ды і што тут весці — адна карова на вёску засталася. Мы таксама ўжо бездапаможныя. Дзеці — у нас іх чацвёра — жывуць у гарадах. Калі будуць вельмі патрэбныя, то хутка яны не прыедуць.

— Але не забываюцца на нас, — уступае ў гутарку Аляксандр Васільевіч. — І грашыма дапамагаюць, і па дому, калі наведваюць нас. І мы ім дапамагаем — сёе-тое яшчэ вырошчваем на зямлі.

— Да Дома сацыяльных паслуг не даходзіце? — гэта ўжо цікаўлюся я. — Там жа мерапрыемствы перыядычна праводзяць — усё ж вам нейкае адцягненне ад побыту...

— Ды вы на ногі мае паглядзіце — куды ўжо мне, — Марыя Максімаўна садзіцца на лавачку і адкладае ў бок невялікія мыліцы. — Праўда, гадоў пяць таму яшчэ зазіралі. Весела там было, песні спявалі. Але ў нас чуваць, калі ў Доме нешта адбываецца.

— Толькі на вялікія святы, бывае, выбіраемся, але вельмі рэдка — пакуль туды-сюды пройдзеш — усе сілы аддасі, — згаджаецца са сваёй жонкай муж і сядае з ёй побач. — Дзеці, калі прыязджаюць, то падвозяць. Вось яны ўсе спяваюць!

— Пакуль прыязджаюць, пакуль спяваюць, і вёска наша будзе жыць! — упэўнена Марыя Максімаўна. — Пакуль Валянціна нікога не забывае, праведвае, цікавіцца, як хто жыве, пытаецца, ці патрэбна каму якая дапамога, збірае тых, хто яшчэ можа хадзіць, на святы. Вельмі клапатлівая яна. І начальнікі такія ж: як прыедуць, абавязкова да нас зойдуць, пагавораць — нам ужо на сэрцы добра.

— А кніжкі чытаеце, бібліёбус да вас даязджае?

— Так вочы ўжо не бачаць, стамляюцца, — праводзіць рукой па твары Марыя Максімаўна. — На тэлевізар толькі і хапае, на серыял які. А машына з кніжкамі прыязджае, бачым мы яе, людзі, што маладзейшыя за нас, падыходзяць, выбіраюць нешта. Вы не глядзіце, што мы ўсё скардзімся вам. Гэта ж жыццё такое — старыя “сыходзяць”, маладыя працягваюць жыць. А значыць, і спяваць, і танчыць, і кніжкі чытаць. Пасля ад’езду нашых дзяцей мы яшчэ два тыдні ў сябе прыходзім. Але гэта прыемная стомленасць. Усё ў нас, увогуле, добра.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"