Дварэц з трускаўкамі

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Аграгарадок Дварэц Лунінецкага раёна сёння — ягадны рай. Побач праходзіць аўтатраса М-10, якая лучыць Беларусь з Расіяй. Таму і гандлёвая плошча тут адна з самых вялікіх у наваколлі. Водар клубніц стаіць неверагодны. Іх закупляюць фурамі. А яшчэ і май з пачаткам лета аказаліся спрыяльнымі для ўраджаю трускавак (такая назва клубніц мне больш даспадобы). Кіло ягад у Дварцы, як сцвярджаюць мясцовыя знаўцы, каштуе гэтымі днямі 50-80 капеек. І як пераконваюць тыя ж знаўцы, пры дбайным падыходзе да ягаднай справы ёю можна займацца цягам усяго лета. Аднак не толькі гандлёва-камерцыйны сэнс мае дадзенае пытанне.

/i/content/pi/cult/695/15269/20.JPG

Справа ў тым, што клубніцы сталі для Лунінеччыны брэндам. Адбылося гэта прыблізна тады, калі гэты ж статус займеў для Піншчыны гурок. А ў 2013 годзе Дварэц стаў сталіцай першага раённага свята клубніц. На адным з такіх мерапрыемстваў пінскі гурок паспрабаваў прапанаваць лунінецкай трускаўцы руку і сэрца. Але нічога ў бедака не атрымалася. Відаць, занадта зялёны для шлюбу. А вось у мясцовых работнікаў культуры ўсё атрымалася. У другой палове чэрвеня (дата яшчэ ўдакладняецца) у Дварцы пройдзе шостае раённае свята клубніц. Усе асноўныя падзеі адбудуцца ў СДК, бібліятэцы і побач з гэтымі ўстановамі. Бібліятэкары адказваюць за інфармацыйны складнік (я быў у Дварцы, наведваў бібліятэку і такой падборкі рэцэптаў па прыгатаванні страў з клубніц ніколі не бачыў!), а клубнікі — за канцэртна-тэатралізаваны. Усе ж разам — за сувеніры ў выглядзе трускавак. Над штучнымі ягадамі таксама збіраюцца восы з пчоламі. А будуць яшчэ і падворкі адзінаццаці сельсаветаў раёна са стравамі, прыгатаванымі з клубніц (кажуць, асабліва вытанчанымі атрымліваюцца наліўкі). На свята, як і заўжды, прыедуць госці з суседніх раёнаў. Будзем спадзявацца, што неўзабаве завітаюць і замежныя суседзі.

Цікава, чаму маўчыць Лёзна са сваім святам суніц? Няўжо мерапрыемства з году ў год нецікавае атрымліваецца?

Фармат open air напоўніцу выкарыстоўваюць цяпер і шчучынскія бібліятэкары. Яны паведамілілі, што ў першыя чэрвеньскія дні адзначылі пачатак школьных вакацый не толькі вясёлым шоу з тэатралізацыяй, але і тым, што запрасілі чытачоў у адкрытую летнюю чытальную залу. Усё правільна, на вуліцы да кніг і апетыт зусім іншы: чытаеш — не начытаешся. А калі пры гэтым яшчэ і клубніцы трускаць?

Паміж Смаленскім і Віцебскім цэнтрамі народнай творчасці заключана пагадненне аб культурным супрацоўніцтве. У адпаведнасці з ім у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці дзейнічае абменная выстава твораў майстроў па ткацтве са Смаленска “Успомнім традыцыі ткацтва”. Як піша вядучы метадыст установы Ала Лялькіна, у экспазіцыі — вырабленыя ў этна-стылі майстрыхамі Вольгай Мінчанковай і Святланвай Палкоўцавай дыванкі, габелены, комплексы касцюмаў, сумкі, паясы, сурвэткі, галаўныя ўборы, лялькі-абярэгі… Падчас адкрыцця выставы Вольга Масквічова прапанавала майстар-клас па пляценні на каклюшках пояса з рускім арнаментам.

Не толькі ткацтвам, але і вышыўкай здзівіла Ракавецкая сельская бібліятэка-клуб (Смаргонскі раён). Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай раённай бібліятэкі Аксана Мамай распавяла: “На вечарыне “І тчэ, забыўшыся, рука…” была прэзентавана перасоўная выстава твораў пажылых людзей. Бібліятэкар Марыя Шэлег пазнаёміла прысутных з гісторыяй ткацтва, з сімволікай ягоных арнаментаў. Распавяла пра вышыўкі, выкананыя па розных тэхналогіях. Сярод іх — макрамэ, тамбурнае шво, рышэлье, беларускі арнамент. А існавалі яшчэ старадаўнія скандынаўскія тэхнікі. Шэраг прадметаў на выставе выкананы менавіта ў гэтых тэхніках”.

Шоу на свежым паветры прапанавала дзецям Дзятлаўская раённая бібліятэка. У двары ўстановы паказалі “Прыгоды клоўна Клёпы”. Пра гэта напісала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Вольга Бойка.

Летась Лельчыцкі раён, як распавядае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі тамтэйшага райвыканкама Галіна Лісіцкая, займеў да свайго ляснога бортніцтва статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дзіўная справа! Галіна Аляксееўна сцвярджае, што ў раёне і цяпер налічваецца больш за 200 бортнікаў. Некаторым — па 80 гадоў! Але цудоўна валодаюць рамяством і іх дзеці з унукамі. Вось гэта пераемнасць! Дык вось, пад кіраўніцтвам руплівай Рэгіны Гамзовіч — грамадскага эксперта ў галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны — у раёне працавала экспедыцыя ў складзе супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук і прадстаўнікоў СМІ. Сабраны вялізны матэрыял. Ён быў пакладзены ў аснову прэзентацыі лельчыцкага бортніцтва, што прайшла днямі ў ГЦК. А бортнікі з аграгарадка Глушкавічы падарылі Лельчыцкаму краязнаўчаму музею калодны вулей, кола для зацягвання борці на дрэва ды іншы рыштунак.

Астравецкая дзіцячая бібліятэка брала ўдзел у раённым свяце “InterАКТЫЎНАЕлета”. Бібліятэкар названай установы Ганна Керэль распавядае, што дзецям вельмі спадабалася выстава кніжных навінак, асабліва музычныя выданні.

Куратар сталічнай бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Чырвонага Касцёла Галіна Івуць піша: “У нас адбылася сустрэча з беларускай пісьменніцай Аленай Ігнацюк — аўтарам некалькіх паэтычных кніг. Гучалі не толькі вершы Алены Аляксандраўны, але і песні, напісаныя на яе словы”.

Рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, што традыцыйна ладзіцца на Касцюкоўшчыне, быў шырока прадстаўлены ў межах XVII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах. Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава распавядае, што “памяць пра нешараговага паэта Алеся Пісьмянкова, працягвае жыць у сэрцах землякоў”.

2 чэрвеня ў Парку чатырох стыхій Салігорска прайшоў VI рэгіянальны дзіцячы конкурс гульні і цацкі. Арганізаваў яго культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна. Свае цацкі і гульні прэзентавалі прадстаўнікі не толькі Салігоршчыны, але і Клецкага, Чэрвеньскага, Вілейскага, Лагойскага, Мінскага, Барысаўскага і Дзяржынскага раёнаў.

Пра выпускны баль у Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў напісала намеснік дырэктара Таццяна Печкур. Атэстаты атрымалі 58 выпускнікоў.

У Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прэзентавалі кнігу Аляксандра Чароміна “Брэст. Гісторыя памежнага горада (X — XXI стст.)”. Пра гэта распавяла галоўны бібліятэкар установы Ірына Навумчык.

Юныя мастакі з Ашмян, Смаргоні, Гальшанаў прынялі ўдзел у ІІ адкрытым рэгіянальным мастацкім пленэры “Малюем гісторыю разам”. Падзеі адбываліся ў аграгарадку Гальшаны. Цягам шасці гадзін дзеці рабілі замалёўкі замка Сапегаў. Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур распавяла, што дыпломамі першай ступені былі ўзнагароджаны Максім Ласёнак з Гальшанскай ДШМ і Маргарыта Дудко са Смаргоні.

Вельмі натуральным падаецца той факт, што заключныя мерапрыемствы XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур закранулі і Аўгустоўскі канал, які даўно стаў месцам шматлюдным і жаданым для многіх аматараў прыроды і мастацтв. Тут пастаянна дзейнічаюць чытальныя залы, а сапраўднай навінкай стаў арт-аб’ект на экалагічнай пляцоўцы. З Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра паведамляюць, што аб’ект уяўляе некалькі драўляных ствалоў з адтулінамі, дзе размяшчаюцца кнігі. “Кніжны лес”, прызначаны для аматараў чытання, размесцяць праз пэўны час у парку гарпасёлка Сапоцкін.

Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна прымала днямі ўдзельнікаў двух раённых конкурсаў: выканаўцаў эстраднай песні “Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая” і вядучых “Майстар добрага настрою”. Такім чынам у Маладзечне сабраліся 27 вакалістаў і 5 майстроў слова. Да летняй спёкі дадалася і гарачыня конкурснага саперніцтва. Ацэньваўся не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і якасць увасаблення сцэнічнага вобраза, музычнага суправаджэння, арыгінальнасць афармлення нумара і адпаведнасць рэпертуару. Першае месца ва ўзроставых групах сярод выканаўцаў эстраднай песні занялі Вадзім Пракапенка, Валерыя Барабанава, Яніна Хаміцэвіч, Антаніна Галубовіч. Найлепшым майстрам слова стаў семнаццацігадовы Дзмітрый Ціхановіч.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"