“Правілы геймера”: дзеці раюць

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

31 мая ў рэспубліканскі пракат выйшла айчынная стужка для дзяцей і юнацтва “Правілы геймера”. Гэтым разам Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” пастаралася запусціць праект па ўсіх патрабаваннях сучаснага рынку: папярэдне на YouTube з’явіўся трэйлер, у дзень прэм’еры — рэкламны ролік на тэлебачанні.

/i/content/pi/cult/695/15267/19.JPGУ адрозненне ад рэкламнага шамацення, прэм’ера ў кінатэатры “Беларусь” прайшла даволі сціпла. Акрамя падлеткаў, што зняліся ў галоўных ролях — Марк Несцер, Даніла Кармалін, Фёдар Сушко і Аліна Рачкоўская, — з пастановачнай каманды да гледачоў выйшла толькі актрыса Валянціна Гарцуева. Не было бачна і звыклага натоўпу журналістаў. Шкада, бо карціна Ігара Чацверыкова па сцэнарыі Валянціна Залужнага з’яўляецца добрым прыкладам моцна зладжанага айчыннага прыгодніцкага кіно.

Рэжысёр не ўпершыню звяртаецца да дзіцячага дэтэктыва. У 2005-м ён выпусціў чатырохсерыйны фільм для падлеткаў “Тры талеры” па аповесці Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер”. Тая стужка з Андрэем Сакаловым у галоўнай ролі мела неблагі пракатны лёс.

У “Правілах геймера” сюжэтная канва ізноў круціцца вакол пошукаў адказаў на гістарычныя загадкі падчас летніх вакацый. Для новай карціны рэжысёр абірае герояў з сучаснымі запытамі: трое падлеткаў — заўзятыя геймеры, якія мараць перамагчы ў турніры па кіберспорту. Але першапачатковы меркантыльны інтарэс па пошуку грошай на ўступны ўзнос для ўдзелу ў гульні хутка перарастае ў пошук ключоў да разгадкі таямніцы радзівілаўскага абака (старажытнай вылічальнай машыны).

Натурныя здымкі праходзілі ў Нясвіжы на тэрыторыі гісторыка-культурнага музея-запаведніка, непасрэдна ў рэзідэнцыі Радзівілаў, а таксама ў Бабруйскай крэпасці. Не дзіва, што аператар-пастаноўшчык Аляксандр Смаляк не змог адмовіцца ад панарамных кадраў з вышыні птушынага палёту. Прыгодніцкая канва падмацоўвалася эфектнымі падводнымі здымкамі і шматлікімі трукамі з правальваннем у падзямелле.

“Беларусьфільм” усё ніяк не ўвядзе ў практыку выкарыстанне метаду фокус-груп, мо таму “Правілы геймера”, як і папярэдняя стужка “Тум-Пабі-Дум”, выйшла без уцямнага пазначэння ўзросту заяўленай аўдыторыі. Давялося ўзяць на прагляд васьмігадовага сына. Праверка дала станоўчы вынік: хлопчык, што расце на кінастужках з разбегам ад чорна-белай савецкай класікі да сучасных блокбастараў з шматмільённымі спецэфектамі кшталту Патэрыяны, не адрываўся ад экрана. Уедлівая маці нават схавала свой нататнік, у якім падчас сеанса з’явіўся немалы спіс заўваг. Канешне, можна разбіраць недахопы, але, мне падаецца, гэтую працу трэба ацэньваць па іншым рахунку: у параўнанні з многімі не вельмі ўдалымі папярэднімі праектамі Нацыянальнай кінастудыі, “Правілы геймера” — канкурэнтаздольнае кіно, якое сапраўды можа прыцягнуць гледача.

Калі не звяртаць увагі на некаторыя сцэнарныя нестыкоўкі, сюжэт сапраўды цікавы. Імпануе спроба рэжысёра пазбегнуць шаблоннага падзелу персанажаў на добрых і дрэнных. Юныя акцёры радуюць натуральнасцю эмоцый. Нават звыклыя амплуа Сяргея Чэкерэса і Валянціны Гарцуевай вельмі арганічна ўпісаліся ў кінасусвет Ігара Чацверыкова.

Па завяршэнні сеанса сын прасіўся паглядзець фільм яшчэ раз. Я была ўпэўнена, што гэта
абавязкова адбудзецца: пракат удала супаў з пачаткам працы летніх школьных лагераў. Але пра “Правілы геймера” не чуваць. На жаль, таямнічы аддзел маркетынгу кінастудыі так і не раскрыў дадзеныя па колькасці копій, якімі стужка выйшла ў пракат, як і па колькасці і часу сеансаў. Па дадзеных у свабодным доступе, у Мінску на канец тыдня трапіць на фільм Чацверыкова можна толькі ў кінатэатры “Піянер” на адзін сеанс у дзень. Спадзяюся, у рэспубліканскім маштабе “Правілы геймера” змогуць сабраць больш-менш уяўную касу. Аднак шкада, што ўладальнік правоў на кінакарціну не скарыстаўся такім простым рэсурсам, як школьныя культпаходы. Неблагой айчыннай карціне пагражае ізноў застацца па-за зонай глядацкага інтарэсу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"