Камедыя: грошы ці мастацтва?

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Камедый на тэатральных сцэнах становіцца ўсё больш. Крытыкі стогнуць — гледачы галасуюць рублём. Вось і ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага з’явілася чарговая камедыя з надзвычай прыцягальнай для публікі назвай —

/i/content/pi/cult/695/15265/16.JPGСпектакль пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра Сяргеем Кавальчыкам па п’есе “Блэз” Клода Манье. Але ж ці зацікавіць імя галоўнага героя ў назве? Дый у нашым моўным асяродку яно асацыюецца ў каго з блюзам, а ў каго з бэзам. Што ні кажыце, пройгрышны варыянт. Іншая справа — цяперашняя назва. Актуальнасць — 100 працэнтаў! Прыцягальнасць — 200, калі не ўсе 500. Працягласць уражвае не менш — амаль тры гадзіны. А пазітыву, смехатэрапіі, роздуму, суму — дазіравана, каму як.

Безумоўным здабыткам стала адкрыццё новых імёнаў — найперш Віталіны Бідзюк, сёлетняй выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якая тут занята ў цэнтральнай ролі Мары, прычым без дублёраў: спектакль, як і многія іншыя ў гэтым тэатры, зроблены на адзін склад артыстаў. Выхаванка майстэрні Сяргея Кавальчыка, лаўрэат міжнароднага конкурсу, Віталіна дэбютавала на горкаўскай сцэне ў спектаклі “Падводнікі”, дзе выканала адразу дзве невялікія, але значныя ролі — дачкі галоўнага героя Светы і Русалкі (у адной са сцэн). Там ад яе патрабаваліся непасрэднасць, натуральнасць, пластыка, уменне хутка пераўвасабляцца. Тут — камедыйнае дараванне, бо ўжо немагчыма сыграць саму сябе, трэба звяртацца да прафесійнага арсеналу. Штосьці, безумоўна, атрымалася. Астатняе, пэўна, складзецца надалей. Відавочна, што маладая актрыса валодае вялікім патэнцыялам. Але назваць гэтую ролю нейкім мастацкім звышадкрыццём даволі складана. Гэтак жа, як і ролю Блэза сярод ужо шматлікіх дасягненняў Уладзіміра Глотава, дзе лідзіруе яго Сын у колішнім спектаклі “Аракул?..” (“Зацюканы апостал”).

/i/content/pi/cult/695/15265/17.JPGМагчыма, справа ў тым, што прэм’ерная пастаноўка надта дакладна ідзе за п’есай? Купюры, зробленыя ў драматургічным матэрыяле, драбнюткія. Затое купюры грашовыя і агульныя іх сумы, агучаныя героямі, сталі папросту касмічнымі (маўляў, няма чаго на замежжа заглядацца: тамтэйшыя капіталісты з чалавека апошнюю скуру здзяруць). А вось аўтарскія рэмаркі: ад размяшчэння дзвярэй і месцазнаходжання некаторых дэталяў інтэр’ера да акуляраў на Мары і выканання апісаных у тэксце дзеянняў (накшталт далёка не арыгінальнага трука з лыжамі) — засталіся некранутымі. Ну, хіба доўгія косы гераіні вырашылі не падстрыгаць — і правільна: ні валасоў, ні парыкоў не напасешся. Дый было б дзеля чаго!

Таму жарты ў спектаклі спрацоўваюць пераважна размоўныя, а не пластычныя і ўласна тэатральныя, пабудаваныя, да прыкладу, на рэзкім супярэчанні між словамі і дзеямі, пачутым і ўбачаным. Тэмпарытм, уласцівы камедыі становішчаў, набіраецца паступова і дасягае піку толькі ў канцы. Гэта значыць, што калі гледачы пройдуць выпрабаванне першай дзеяй, дык атрымаюць бонус у выглядзе другой. Але вытрымліваюць не ўсе.

Магчыма, з часам, калі артысты канчаткова “абжывуць” гэты спектакль, адчуюць сябе ўнутры яго “як дома”, дык змогуць дадаць сваім героям крыху непрадказанай імправізацыйнасці, паспрабуюць зрушыць надта глейкі тэмпарытм, выкліканы, верагодна, стомленасцю ад рэпетыцый. Тады і ўзнікне ўласна камедыя! Бо пакуль амаль уся першая дзея — так, побытавыя “разборкі” без камедыйнага апломбу. Ці, можа, пастаноўшчыкі яго свядома пазбягаюць? Тэма ж у спектаклі ўзнята сур’ёзная: грошы ці мастацтва — дакладная праекцыя на цяперашні стан нашага тэатральнага працэсу. Фінал цалкам прадказальны: маўляў, будзе каханне — знойдуцца і грошы. Але можна заўважыць яшчэ адну лінію — прадзюсарства. Знайсці грошы і “раскруціць” мастака спрабуюць дзве дзяўчыны. Жэнеўева (Вольга Здзярская) распрацоўвае суцэльны план. А ў Мары ўсё атрымліваецца неяк само сабой, бо тая ўмее скарыстоўваць выпадковасці. Падказка для творцаў? Праўда, самыя вялікія грошы прыносіць удалы перапродаж… швабраў. Таксама падказка, што добра спрацоўвала ў 1990-я? У фінале сцэна цалкам “замуроўваецца”, перакрываецца “кітайская сцяной” з вялізных скрынак, ды для паклону — разбураецца. Яшчэ адзін сімвал?

Відавочна, што праз камедыю пастаноўшчыкі імкнуліся выйсці на набалелыя тэмы. Але спектакль застаўся дзесьці пасярэдзіне. Каб публіка схілялася да роздуму, відовішчу не хапае метафарычнасці. Дый хто яе плануе ў камедыях? А каб смех у зале не змаўкаў, нестае бляску, хітрынкі, фантанавання арыгінальных прыдумак, а не толькі пярэстых фарбаў (мастак — Ала Сарокіна) ды запальнай іспанкі Пепіты (Вікторыя Кавальчык).

Тое ж імкненне спалучыць камедыйнасць з чымсьці большым уласціва ранейшай працы Сяргея Кавальчыка — спектаклю “Гарачыя матулі” (“Знойные мамочки”) па п’есе Дэвіда У. Крыстнера на вечную тэму бацькоў і дзяцей. У перакладзе на рускую мову п’еса ўпершыню была пастаўлена ў Тульскім тэатры драмы — спектакль паказалі ў Мінску на гастролях, калі наш тэатр над ёй ужо таксама працаваў. У параўнанні з той версіяй, у нас — шэдэўр, пазначаны высокім мастацкім густам. Стыльныя сцэнічныя строі, дакладна прапісаныя характары дзвюх маладых душой “бабулек”, прынцыповы адыход ад рэалізму інтэр’ераў на карысць “партрэтнасці” персанажаў і формаўтваральных лейтматываў адразу некалькіх мізансцэн. А галоўнае — два бенефісы ў адным. Сачыць за тым, як радуюцца жыццю і, што немалаважна, сваім ролям народныя артысткі Беларусі Бэла Масумян і Вольга Клебановіч — адно задавальненне.

Можа, гэта і ёсць галоўны сродак разбагацець? Не марнець над грашыма і пошукамі таго, як прачнуцца мільянерам, а радавацца жыццю і мастацтву, а не побытавым сваркам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"