Світанак, заранка і захад

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Можа, справа ў рускамоўным “перакладзе” прозвішча (а Эдуард Барысавіч быў родам з Расіі, у Беларусь патрапіў літаральна немаўляткам), але Зарыцкі заўжды асацыяваўся ў мяне з “зорюшкой-зарёй” — са світанкам.

Асабліва сімвалічна гэта стала ў апошнія гады, калі яго вельмі часта запрашалі старшынёй журы разнастайных дзіцячых, юнацкіх, маладзёжных спеўных конкурсаў. Ён нават жартаваў: маўляў, гэта ў мяне прафесія такая. Неаднойчы “журыўшы” разам з ім, штораз здзіўлялася, як ён умее ствараць атмасферу добразычлівасці, зацікаўленасці, увагі, з якой непрыхаванай радасцю ставіцца да кожнага добрага парастка на ніве эстрады.

Зарыцкі напісаў шмат грунтоўных твораў, у сваёй музыцы звяртаўся да вершаў беларускіх паэтаў розных стагоддзяў — выпусціў суцэльныя цыклы такіх твораў, падрыхтаваўшы разам з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі своеасаблівую песенна-рамансавую анталогію айчыннай паэзіі. А ў душы заўсёды заставаўся ўсё тым жа “вясёлым і знаходлівым” (калісьці ён і сапраўды быў заўзятым “кавээншчыкам”, нават выходзіў у чэмпіёны СССР), у сваіх імгненных імправізаваных жартах мог даць фору прафесіянальным гумарыстам. Дарэчы, жарты ягоныя былі такімі ж, як і ён сам — добрымі, лагоднымі, з гуллівай хітрынкай, але без жорсткай спапяляючай сатыры. І музыка была такой жа — стрымана ўсмешлівай, спагадлівай.

Знаным мастакам часта даруюць пякельны характар, выбухі гневу, крыўдлівасць, капрызы, нарцысізм. Зарыцкаму нічога не трэба было дараваць, бо ён быў гэткі “няправільны” творца — з абсалютна адэкватным успрыманнем рэчаіснасці і цвярозым стаўленнем да акружэння. Дый ментальнасць у яго была — выключна еўрапейская: ніколі ніводнага слова пра нейкія ўласныя праблемы. Пра хваробу яго амаль ніхто не ведаў — і пра побыт таксама. А ён шмат гадоў даглядаў хворых сваякоў — без аніякіх скаргаў. І ніколі не жаліўся на свой лёс. Калі ж пры ім пачыналі крытыкаваць кагосьці з адсутных калег, знаходзіў для таго словы апраўдання. Таму і ворагаў у яго не было — штосьці амаль немагчымае ў кампазітарскім асяродку, дзе сама прафесія, хочаш ці не, пачынае выпрацоўваць творчы эгаізм.

Такі вось парадокс, але беларускамоўная “расшыфроўка” прозвішча Зарыцкага “рыфмуецца” з заранкай: ці то птушачкай з чырвонай манішкай, ці то… захадам. А можа, усё так і ёсць? Ён прыйшоў да нас у абліччы гэткага пасляваеннага мірнага досвітку, спрэс пазбаўленага ваяўнічасці, генаў непрымірымасці, якія бываюць так уласцівы людзям мастацтва і асабліва шоу-бізнеса. Жыў — спеўнай птушачкай, што вабіць слых ды вока, не вымушаючы нас задумацца, як дастаецца ёй пражытак. А памёр — у абліччы сонечнага захаду, пакінуўшы промні свайго таленту. Не толькі музычнага, але і ўласна чалавечага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"