Лета з балетам

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

6 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пачаўся чарговы штогодні фестываль — “Балетнае лета”. Цягам тыдня — да 13 чэрвеня — можна ўбачыць пераважна нядаўнія харэаграфічныя пастаноўкі тэатра, дзе салістамі, у тым ліку, выступяць запрошаныя зоркі.

/i/content/pi/cult/695/15261/11.jpgАдной з традыцый фестывалю стала прымеркаванне да яго балетнай прэм’еры. Сёлета ўпершыню на нашай сцэне з’явіўся “Пятрушка” Ігара Стравінскага — у пастаноўцы народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы, які аднавіў колішні спектакль з харэаграфіяй Міхаіла Фокіна. Той “Пятрушка” з зусім не лялечнымі жарсцямі скалануў Еўропу ў час “Рускіх сезонаў у Парыжы” акурат 107 гадоў таму — і цяпер дабраўся да Беларусі, каб уразіць сваім авангардам. Ён не толькі адкрыў балетнае свята, але і прайшоў на ім двойчы, з рознымі складамі артыстаў і дадаткам раней пастаўленых аднаактовак — “Жар-птушкі” і “Шахеразады”, таксама адноўленых з тых сезонаў, што ладзіў Сяргей Дзягілеў.

Сёння мы ўбачым балет “Спартак” — бліскучую харэаграфічную працу Валянціна Елізар’ева, якая ўжо стала нашай нацыянальнай класікай і вядома ў многіх краінах свету. Заўтра — наш новы “Карсар”, прэм’ера якога адбылася ў пачатку сезона. Паводле фестывальнай традыцыі, спектакль пройдзе з удзелам госця — Міхаіла Лабухіна з Вялікага тэатра Масквы. Панядзелак расквеціцца “Лебядзіным возерам”, паказ якога на “Балетным леце” ладзіцца не цалкам сваімі сіламі, а з запрошанымі зоркамі (гэтым разам выступяць Аксана Бондарава і Ігар Колб з Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга). Да балета “Ор і Ора”, упершыню прэзентаванага ў канцы мінулага сезона, пакажуць яшчэ і кінастужку пра тое, як нараджалася гэта гісторыя кахання.

На жаль, у сёлетняй праграме няма ніводнага “чужога” спектакля, а гэта так важна — параўноўваць не толькі майстэрства танцоўшчыкаў, але і мастацкі ўзровень саміх пастановак. Але, трэба спадзявацца, гэту нястачу хаця б крыху кампенсуюць сучасныя гасцявыя нумары фінальнага гала-канцэрта.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"