Новыя культурныя гарызонты

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

З 4 па 7 чэрвеня ў Мінску і Гродна ўпершыню прайшлі Дні культуры Рэспублікі Татарстан у Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/695/15260/9.JPGНагодай для шэрагу святочных мерапрыемстваў стала імклівае развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі. На гэтым тыдні Беларусь наведала вялікая дэлегацыя ў 110 чалавек, якія прыехалі не толькі падзяліцца сваім вопытам, але і пазнаёміцца з дасягненнямі Беларусі. Культурная акцыя была арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, а таксама аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у горадзе Казань.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дзён культуры адбылася 5 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі. Удзел у ёй узялі першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга і намеснік Міністра культуры Рэспублікі Татарстан Святлана Персава (на здымку).

— Сувязі Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Татарстан актыўна пашыраюцца — гэта супрацоўніцтва паміж нашымі музеямі, творчымі калектывамі і навучальнымі ўстановамі, — адзначыла ў вітальнай прамове Ірына Дрыга. — У Беларусі татарская дыяспара з’яўляецца актыўным удзельнікам культурных мерапрыемстваў. Выдатна, што мы маем унікальную магчымасць убачыць ва ўсім багацці і разнастайнасці старажытную і сучасную культуру Татарстана.

/i/content/pi/cult/695/15260/10.jpgПадчас цырымоніі Нацыянальнаму літаратурнаму музею Рэспублікі Татарстан ад імя беларускага мастака Уладзіміра Чарнышова перадалі дзве карціны, прысвечаныя Янку Купалу. У фае Белдзяржфілармоніі працавала фотавыстава “Этнаграфічная мазаіка татарскага народа” і выстава народных рамёстваў. На наступны дзень, 6 чэрвеня, з мастацтвам Татарстана знаёміліся жыхары Гродна.

У сталічным кінатэатры “Беларусь” госці правялі прэзентацыю Казанскага міжнароднага фестывалю мусульманскага кіно, а таксама паказалі некалькі сваіх кінастужак. У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Шматколернасць татарскай нацыянальнай культуры” са збораў Елабужскага дзяржаўнага музея-запаведніка. Перад гэтым яе таксама паказалі ў Полацку і Гомелі.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"