Словы пра паэта Рыгора Барадуліна

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Героя чарговага сяброўскага нарыса ведае не раўнуючы кожны беларус. Але мастаку і літаратару Адаму Глобусу ўдалося знайсці тыя штрыхі да партрэта класіка, якія засталіся па-за ўвагай яго шматлікіх біёграфаў. У нечым гэта нагадвае падмалёўванне рожак у падручніку — занятак трохі хуліганскі, але па-свойму творчы і, несумненна, шчыры.

/i/content/pi/cult/694/15257/22.JPGЗаядлы чытач

Ад бацькоў у спадчыну мне засталіся чорныя канверты з фотаздымкамі. Там шмат партрэтаў з подпісамі. У словах столькі любові і павагі, што дзіву даешся. Зразумела, што большасць падпісаных фотапартрэтаў жаночыя, але ёсць і мужчынскія. Сярод іх трапіўся зусім малады твар густавалосага стылягі — Рыгора Барадуліна, які на зваротным баку картачкі напісаў для таты цэлы верш:

Жадаю пану Вячаславу

Каб уздымаў ён прозы славу.

Каб як кагор,

Быў кожны твор…

Чытач заядлы

Твой — Рыгор.

Броўка

Пятрусь Броўка назваў сваю кнігу паэзіі “А дні ідуць”. Рыгор Барадулін сказаў пра тую кнігу лаканічна і ёмка: “А другія стаяць”.

Су Дун-По

Паэт Су Дун-По асуджаў тых, хто напіваецца і спіць у прысутнасці гасцей. Падобную звычку меў паэт Барадулін, які хутка хмялеў і пасля некалькіх чарак клаўся спаць. Сябры працягвалі баляванне, а Рыгор Іванавіч салодка хроп у ложку.

Уставаў Барадулін на досвітку і адразу сядаў за працоўны стол. Пакуль бяседнікі спалі і пакутвалі ад цяжкага пахмелля, ён паспяваў нарыфмаваць процьму радкоў. Я ні разу не чуў, каб нехта асуджаў Барадуліна за такія паводзіны. Наадварот, усе хвалілі Рыгора за вялікую працаздольнасць і веданне меры ў выпіўцы. Мусіць, ніхто са знаёмцаў Барадуліна не чытаў верш Су Дун-По, дзе сказана, што спаць пры гасцях — кепскі ўчынак.

Любімыя заняткі

Любіў наліваць гарэлку ў чарачкі. Нават калі не піў сам. Нават калі нехта не вельмі й хацеў, каб яму налівалі. Барадулін напаўняў чаркі з непрыхаванай радасцю. Яму падабалася, калі за сталом добра балявалі і гучна спявалі. Мяне Рыгор Барадулін напаіў двойчы.

Барадулін захапляўся перакладамі. Перакладаў усіх. Перакладаў заўжды. Перакладаў паўсюль, дзе ездзіў. Мусіць, няма на свеце такой краіны, чыіх паэтаў не перакладаў Барадулін. Ён перакладаў, і яго перакладалі. Мусіць, больш за Барадуліна нікога з беларускіх паэтаў і не перакладалі. Ты мяне перакладзеш, а я цябе паперакладаю. Я вам, а вы нам. Мы ў сябе надрукуем і выдадзім, а вы ў сябе выдасцё.

Барадулін сябраваў з усім светам. Перакладніцкую эстафету Рыгора Барадуліна перахапіў Андрэй Хадановіч. Нават бародка ў Андрэя Хадановіча часам выглядае ну чыста барадулінскай.

Барадулін умеў сябраваць са знакамітымі, выбітнымі і патрэбнымі людзьмі. Ён быў найлепшым паслядоўнікам Петруся Броўкі, які лічыўся найпершым з савецкіх беларускіх пісьменнікаў. Ён быў найлепшым сябруком і бяседнікам Уладзіміра Караткевіча, калі той стаў папулярны і запатрабаваны. Ён хадзіў у сябрах Васіля Быкава, калі таму далі ўсе савецкія ўзнагароды. Рыгор Барадулін не саромеўся быць другім, быць Санча Панса пры Дон Кіхоце. Ён нават мог пацалаваць камусьці руку!

Калі Рыгор Барадулін назваў мяне разумным і пацалаваў руку, я так расчуліўся і расхваляваўся, што ажно не заўважыў, як набраўся самагону.

Супернік

/i/content/pi/cult/694/15257/23.JPGДумаў напісаць пра ворагаў Барадуліна, але панятак “вораг” страшэнна ёмісты. Назавеш нейкую дробную нікчэмнасць ворагам, а гэтая дрэнь і ўздымецца ў сваіх вачах. Пачне напінацца, пачне пыхаю надзімацца, пачне геройстваваць. Таму абмяжуюся паняткам “супернік”.

Асноўным супернікам Рыгора Барадуліна лічыўся Ніл Гілевіч, якому захацелася застацца ў беларускай літаратуры Ведзьмаком Лысагорскім. Барадулін з Гілевічам усё жыццё бегалі навыперадкі.

У Барадуліна, як і ў Гілевіча, было пачуццё гумару, але яно прападала, калі гутарка заходзіла пра Гілевіча. Дарэчы, і ў Гілевіча гумар пераходзіў у зласлівы сарказм, калі згадваўся Барадулін.

Парадокс маіх адносінаў з Барадуліным і Гілевічам у тым, што творчасць Рыгора Іванавіча мне значна бліжэйшая за творчасць Ніла Сымонавіча, якога я паважаю выключна за “Сказ пра Лысую гару”, а вось грамадская дзейнасць Гілевіча мне больш зразумелая за дзейнасць Барадуліна. Рыгор Барадулін заўжды цягнуў на паэтычны Алімп шмат другараднага, слабога і малаталенавітага. Гілевіч не баяўся дапамагаць і здольным людзям. Прыкладам, ён дапамог літаратурнаму таварыству “Тутэйшыя” з аматарскага гуртка ператварыцца ў творчы саюз.

Літаратурныя суполкі

Таварыства “Тутэйшыя” Рыгору Барадуліну не падабалася, бо не было ў ім лёгкасці і бадзёрасці, не было дзёрзкасці і тэатральнасці. Барадуліну быў бліжэй рэвалюцыйны і бурапенны “Маладняк”, чым паэты нашаніўцы і празаікі з “Узвышша”.

З пазнейшых літсуполак Рыгору Барадуліну можна было б уступіць у які “Бум-бам-літ”. Разам з Валянцінам Акудовічам Рыгор Барадулін выдатна глядзеўся б у рознааблічнай зграі бумбамлітаўцаў. Нават назва паэтычнага зборніка “Нагбом” больш падыходзіць да паэзіі Жыбуля ці Вішнёва, чым да паэзіі філалагічнага пакалення. Зразумела, што Рыгор Барадулін — сын свайго часу і яркі прадстаўнік менавіта філалагічнага пакалення, але мне шкада, што бумбаўлітаўцы не залічылі яго ў свае стракатыя шэрагі.

Акутагава

Акутагава заўважыў, што тыя, хто насміхаецца над іншымі, пабойваюцца насмешак над сабой. Па-японску жорсткае і дакладнае назіранне. І Ніл Гілевіч, гэты напалову Вядзьмак Лысагорскі са сваімі вершыкамі ў “Вожыку”, і з’едлівы Янка Брыль з “Ніжнімі Байдунамі”, і рагатун-весялун дзядзька Караткевіч з карыкатурнымі малюначкамі — усе як адзін баяліся кпінаў і жартаў у свой бок. Яны крыўдзіліся, злаваліся, а часам і помсцілі насмешнікам.

Але ёсць сярод беларускіх насмешнікаў і выключэнні... Рыгор Барадулін больш весяліўся, чым злаваўся, калі бачыў карыкатуры на сябе і чуў вострыя словы пра сваю шматаблічную персону.

Кніжныя серыі

Узровень пісьменніка правяраецца выхадам ягоных твораў у серыйным аздабленні. Усё зроблена, як і ва ўсіх астатніх творцаў: вокладка, якасць паперы, колькасць старонак; але нейкая кніга ў серыі прадаецца лепей за астатнія, яна карыстаецца попытам, яна запатрабаваная. Пры знешнай роўнасці, яна найлепшая.

Серыйныя кнігі Рыгора Барадуліна заўсёды вылучаліся ў лепшы бок. Ягоны зборнік — адзін з найцікавейшых у “Бібліятэцы беларускай паэзіі”, і ў “Бібліятэцы “Вожыка” кнігі Барадуліна — сярод найвесялейшых.

Разгляданне і перачытванне кніг Барадуліна ў серыйных вокладках навяло мяне на думку, што ягоны талент паэта бліжэй да Коласаўскага, а не да Купалаўскага, як шмат каму падаецца. У Барадуліна Коласаўскі гумар, Коласаўская заземленасць, Коласаўская матэрыялістычная грунтоўнасць. Кніга Барадуліна “Дойны конь” ў “Бібліятэцы ”Вожыка” выглядае арганічна і натуральна побач з кнігай Якуба Коласа “Дзядзькаў сведка”.

Шапкі

Ёсць мужчыны, якія ў пэўным узросце замест прычоскі пачынаюць насіць шапку. Рыгор Барадулін быў з такіх. Дарэчы, берэты і кепкі яму заўжды пасавалі.

Рух

Рыгор Барадулін шмат рухаўся. Ён быў рухавы, акрылены і несупынны. Апошні раз я бачыў Барадуліна на вуліцы Кірава. Ён ішоў кароткімі крокамі і ледзь падымаў над зямлёю падэшвы. Яму было цяжка, але ён усё роўна спяшаўся. Я не спяшаўся і вырашыў прайсці пару кварталаў з Барадуліным. Загаварылі пра паэзію, пра вершы Алеся Разанава на нямецкай мове... “Разанаў пачаў пісаць па-нямецку. Думае здзівіць немцаў сваімі вершамі. Не здзівіць” — у словах Барадуліна чуўся сарказм.

У Барадуліна заўжды было шмат гумару, а яшчэ болей іроніі. Ён быў перакананы, што вершы мусяць здзіўляць і весяліць публіку. Нават у сваёй сівабародай старэчасці Рыгор Барадулін насіў клятчастую цёмна-чырвоную блазнаватую кепку. У той цыркавой кепцы я і бачыў Барадуліна апошні раз.

Ала

Калі ў паэта знаходзіцца адзін прыхільнік таленту — выдатна. Зразумела, адна пчала мёду не наносіць, і ўсё ж нават адзін прыхільнік кардынальна змяняе сітуацыю. Цяпер паэт не можа сказаць, што ён нікому не патрэбны, што яго ніхто не разумее, што жыццё ягонае — марная справа.

У паэта Барадуліна было шмат прыхільнікаў, але сярод іх вылучалася Ала. Яна лічыла Барадуліна найвыбітным паэтам свайго часу. Арганізоўвала пераклады ягоных вершаў на ангельскую мову. Рабіла ягоную бібліяграфію і думала, што з беларускіх пісьменнікаў Барадулін першым мусіць атрымаць Нобелеўскую прэмію. Нават сустрэчу Барадуліна з Рымскім Папам Ала дапамагла арганізаваць.

Можна сказаць: Барадуліну пашанцавала мець сярод прыхільнікаў такую Алу. Праўда, усіх астатніх прыхільнікаў Барадуліна яна лічыла другаснымі. “Замінаюць Яму працаваць. Не даглядаюць Яго. Прымушаюць Яго займацца рознымі глупствамі!” — шмат усяго падобнага я чуў ад Алы.

Кепскае пра свайго куміра Ала сказала мне толькі аднойчы. Яна сказала гэта, стоячы на Кальварыйскіх могілках: “Як Ён мог пахавацца на нейкіх вясковых кладах? Такі чалавек, і на вясковых могілках — кепска. Ён мусіў быць пахаваны ў Мінску, на Кальварыі, тут!” Калі Ала нападала на прыхільнікаў Барадуліна, я маўчаў. А тут, калі зрабіла закід паэту-нябожчыку, я з ёй пагадзіўся.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар