Што ў вёсцы вам маёй?

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Прафесійныя фотамастакі ўсё часцей выбіраюцца па натхненне не ў якісьці экзатычны край, а ў звычайную беларускую вёску. Вось і сёлета прайшло ўжо як найменей пару выставаў, прысвечаных нашай традыцыйнай культуры: арцелі Piligrim у Нацыянальным мастацкім музеі і Альфрэда Мікуса ў галерэі народнага фотаклуба “Мінск”.

/i/content/pi/cult/694/15255/20.JPGФотаарцель Piligrim — гэта фотамастакі і дызайнеры Кацярына і Міхась Аракчэевы. Стаўшы сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, сужэнцы знялі шмат праектаў на тэматыку традыцыйнай культуры. Два з іх — “Нашы людзі” і “Адна зямля — адна памяць” — склалі аснову сёлетняй выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Чорна-белыя партрэты старэйшых вяскоўцаў зробленыя падчас этнаграфічных экспедыцый. На каляровых выявах — сучасная гарадская моладзь, сябры Аракчэевых па Студэнцкім этнаграфічным таварыстве, сфатаграфаваныя ў сваіх строях на ўзор народнага адзення.

Два праекты прадстаўлены разам не як супрацьпастаўленне, а як лагічны працяг адзін аднаго. Людзі мінулай эпохі сыходзяць, а на іх месца заступае новае пакаленне. Цікава, што публіка на адкрыцці была самая розная: ад даследчыкаў з Акадэміі навук да хіпстараў-тусовачнікаў. Такая разнастайнасць сведчыць пра ўзрастанне інтарэсу да традыцыйнай культуры ў беларускім грамадстве, пра тое, што тэма сапраўды запатрабаваная.

Мабыць, кожнаму хочацца “падглядзець” трошкі жыцця іншых людзей. Вяскоўцы знятыя ў сваім штодзённым асяродку, а гарадская моладзь — у студыі. Але амаль на кожным партрэце — нейкія атрыбуты, што раскрываюць характар выяўленай асобы: адна дзяўчына вышывае, другая трымае кветкі, трэцяя грае на гармоніку. Героі размешчаны на фоне каляровых тканых посцілак, што надаюць выявам святочны акцэнт і адсылаюць да старых вясковых здымкаў: у пасляваенны час посцілкі часта слугавалі дэкаратыўным элементам для індывідуальных і групавых партрэтаў. Дарэчы, нефармальная ініцыятыва “Веха” нават збірае калекцыю такіх здымкаў, менавіта з посцілкамі.

Новы фотапраект Альфрэда Мікуса мае назву “Любаншчына традыцыйная”. Нязменнай засталася аўтарская ўвага да герояў і прынцыпы працы “ў полі”. Альфрэд звычайна шукае “інсайдэра” сярод мясцовых жыхароў, які і прыводзіць яго да герояў. У Любанскім раёне такім інсайдэрам стаў небезвядомы Сяргей Выскварка. Той запрашаў сталічнага госця на традыцыйныя святы, што ладзіліся ў розных вёсках раёна, ды і проста да бабуль у госці.

Гэты праект цікавы тым, што акрамя фатографа і кансультанта мае яшчэ каардынатарку Настассю Кухарэнку. Дзяўчына нарадзілася ў Любані, танчыла ў ансамблі “Верабейкі”, якім кіруе Сяргей Выскварка, вучылася ў Наваградку і Мінску, цяпер жыве ў Пухавіцкім раёне, але на малую радзіму не забываецца. Шчыльна супрацоўнічае з установамі культуры, штогод з падтрымкай сваёй сям’і ладзіць Школу традыцыйнай культуры “Пятровіца”, куды з’язджаюцца навучэнцы з усёй Беларусі і замежжа. Настасся хацела, каб раён меў свой фотаальбом, і ў якасці яго аўтара выбрала менавіта Альфрэда Мікуса.

Збольшага любанцы знятыя не ў штодзённым адзенні, а ва ўрачыстых строях. Але сітуацыі даволі жыццёвыя: жанравыя замалёўкі пры стале, на агародзе, са слоікамі закатак, з хатнімі жывёламі, падчас святкаванняў, танцаў, абраканняў… Дзякуючы спецыфічнай апрацоўцы, фотаздымкі Альфрэда Мікуса маюць лёгкае жоўтае адценне і выглядаюць вельмі сонечнымі. Большасць мадэляў на выявах пасміхаецца. Пазіраючы на гэтыя фота, атрымліваеш немалую дозу пазітыву.

Як бачым, тэма вёскі, спадчыны, традыцыйнай культуры не губляе актуальнасці ў беларускім фотамастацтве. На фоне іншых працэсаў у грамадстве вымалёўваецца ўстойлівы беларускі трэнд. Будзем спадзявацца, гэта надоўга.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
фалькларыстка