Пра тое, што нельга памацаць

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Праблемы захавання нематэрыяльнай спадчыны
З 27 па 29 красавіка ў Мінску адбылася ХІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання” — адмысловы, адзіны ў сваім родзе на Беларусі інавацыйны навуковы праект па сістэмнай падтрымцы, развіцці і прапагандзе традыцыйнай культуры, а таксама па інтэграванні яе развіваючага і этнаэкалагічнага патэнцыялу ў маладзёжнае асяроддзе. Рэалізоўваюць праект Міністэрства культуры краіны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

/i/content/pi/cult/694/15254/19.JPGУ 2004 годзе Беларусь далучылася да канвенцыі UNESCO па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, хаця больш дакладная назва таго, што ахоўвае канвенцыя — вусная спадчына чалавецтва, якую нельга памацаць. І з 2006 года па ініцыятыве тагачаснага рэктара ўніверсітэта — доктара педагагічных навук Ядвігі Грыгаровіч — у Мінску праводзіцца канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор”.

Праблемы абумовілі фармат

Фармат яе мае тры напрамкі: навуковы (даклады даследчыкаў і папулярызатараў фальклору і нематэрыяльнай культурнай спадчыны); рэпрэзентатыўны (знаёмства грамадскасці з элементамі спадчыны — мастацтвам носьбітаў аўтэнтычнага фальклору); этнакультурна-выхаваўчы (пошук інтэграцыі спадчыны ў сучаснасць праз постфальклор — маладым пераемнікам яе элементаў, паводле крылатага выраза аднога з даследчыкаў — пераемнікам, якія жадаюць быць падобнымі да фальклору). Досвед канферэнцый 2006 — 2018 гадоў сведчыць, што такі фармат запатрабаваны, “вытрымлівае” знешнія перашкоды і прыцягвае ўвагу грамадства да праблемы захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, фактычна — да праблемы захавання ідэнтыфікацыі беларусаў і звязаных з гэтым базавых элементаў іх этнічнай культуры.

Пра што гаварылі

Сёлета пра тое, што нельга памацаць, разважалі больш за 120 даследчыкаў і фалькларыстаў-практыкаў з Беларусі, Балгарыі, Бельгіі, Кітая, Літвы, Расіі, Польшчы, Украіны, Францыі, а таксама імкнуліся ўвасобіць 15 фальклорных калектываў рознага ўзроставага і рэгіянальнага складаў. Праграмныя даклады на пленарным пасяджэнні агучылі этнамузыколаг Галіна Кутырова-Чубaля (Польшча) — “Беларускія песні з рытмаформулай “страла”: меладычныя версіі, семантычныя “перакадзiроўкi”; этнахарэолаг Фларыян Карубі (Францыя) — “Эвалюцыя традыцыйнага французскага танца”; арганолаг Ігар Маціеўскі (Расія) — “Этнагістарычныя праявы ў традыцыйнай музычна-інструментальнай культуры ўсходніх славян і балтаў”; фалькларыст Наталля Мазурына (Беларусь) — “Вернасць прызначэнню: роля Уладзіміра Раговіча ў развіцці музычнай культуры Беларусі (да 80-годдзя майстра) ”.

Навуковая дыскусія па пытаннях розных аспектаў сучаснага вывучэння і захавання фальклору, распачатая на пленарным пасяджэнні, мела працяг і на секцыях канферэнцыі. Адна з іх (у год, калі споўнілася б 80 славутаму Уладзіміру Раговічу — вучню Рыгора Шырмы і саратніку Васіля Ліцьвінкі), цалкам была прысвечана ўнёску яго роду ў захаванне і папулярызацыю фальклору. Найбольш масавай аказалася секцыя, прысвечаная фалькларыстыцы ў адукацыйнай прасторы, — відаць, наша грамадства пачынае адчуваць актуальнасць гэтай праблемы. Вельмі плённа правялі секцыю па арганалогіі і марфалогіі народных музычных інструментаў, дзе была выказана добра абгрунтаваная гіпотэза пра імёны беларускіх дудароў, адснятых для папулярнай савецкай кінахронікі 1939 года. Дударскі сюжэт з фільма-хронікі “Песні і танцы беларускага народа” (сам па сабе з’яўляецца эксклюзіўным выпадкам у еўрапейскай і сусветнай аўдыявізуальнай антрапалогіі) быў вышуканы і ўведзены ў навуковы абарот таксама на канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор” яшчэ ў 2012 годзе. Інакш кажучы, традыцыя навуковых дасягненняў і адкрыццяў у галіне айчыннай фалькларыстыкі менавіта на гэтым навуковым форуме, плённа доўжылася і сёлета, ператвараючы вынікі працы канферэнцыі ў адмысловы інфармацыйна-паводзінна-крэатыўны гіпертэкст сучаснай культуры, прысвечаны традыцыйнай спадчыне.

Што чулі і бачылі

У навукова-практычнай частцы канферэнцыі адбыліся тры відовішчныя інтэрактыўныя мерапрыемствы, скіраваныя на папулярызацыю фальклору: канцэрт носьбітаў аўтэнтыкі, майстар-класы яго вядучых даследчыкаў і пост-фальклорны канцэрт нашых маладых пераемнікаў традыцыі.

У камернай зале БДУКіМ адбыўся этнаграфічны канцэрт “Фальклор беларускай глыбінкі” з удзелам ансамбля “Паляшучкі” вёскі Букча Лельчыцкага раёна і музычнай інструментальнай капэлы “Круцеліца” з Вілейкі ў складзе Івана Валынца (дыятанічныя цымбалы), Аляксандра Жука (традыцыйная скрыпка), Уладзіміра Версана (баян). Я адзначыў бы выдатную вакальную форму лельчыцкіх спявачак, а кожны найгрыш вілейскай капэлы заканчваўся масавым імправізаваным танцам аўдыторыі.

Выязныя красавіцкія майстар-класы правялі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. На вечарыне смыкавай і дударскай музыкі Folk pride у сталічнымм клубе Гудвін выступілі мінскія постфальклорныя калектывы Vietakh і “Ліцьвіны”; майстры традыцыйнай літоўскай поліфаніі sutartines з віленскага гурта Kaukoras; віртуозная капэла смыкавай і дударскай музыкі Дзяніса Сухога, Стаса Чавуса і Яўгена Барышнікава; бліскучая фолк-спявачка Наталля Матыліцкая; эксперыментальныя маладзёжныя фальклорныя гурты даследчыкаў і пераемнікаў мастацтва вуснай традыцыі з БДУКіМ (“Талака”, “Этнасуполка”, “Страла”, “Агнявец”, “Рaме”). Вечарына сабрала разам каля 150 прадстаўнікоў айчыннай і замежнай студэнцкай і працоўнай моладзі, апантанай рэпертуарам і стылямі выканання аўтэнтычнага фальклору Усходняй Еўропы.

Якія высновы зрабілі

Найбольш актыўныя ўдзельнікі канферэнцыі на круглым стале, што правялі ў зале імя айчыннай інсітнай мастачкі Алены Кіш сталічнага этна-кафэ “Грай”, зазначылі, што “Аўтэнтычны фальклор-2018” — якасны крок да сістэмнай працы па адраджэнні культурнай памяці нашага і суседніх народаў, па адаптацыі традыцыйных каштоўнасцей Беларусі да сацыяльных і мастацкіх рэалій ХХІ стагоддзя.

Акадэмік з Санкт-Пецярбурга Ігар Маціеўскі, дацэнт Петразаводскай кансерваторыі этнамузыколаг Галіна Таўлай, літоўскі мастацтвазнаўца Вітаўтас Лукшас, украінскі філолаг Ярына Ставыцька, беларускі эстэтык і філосаф Энгельс Дарашэвіч, польская фалькларыстка беларускага паходжання Галіна Кутырова-Чубaля аргументавана і пераканаўча даводзілі аўдыторыі круглага стала, што сённяшняя глабалізацыя, па вялікім рахунку, актыўна імкнецца да ператварэння чалавецтва ў карыстальнікаў (спажыўцоў), пазбаўленых індывідуальнасці. Традыцыйныя каштоўнасці ж здольны вярнуць індывідуальнасць і асобнаму чалавеку, і цэлым народам, таму за імі — будучыня.

А ўдзельнікі канферэнцыі ад цэха практычнай фалькларыстыкі з розных рэгіёнаў Беларусі Жана Ачыновіч (Магілёўскае Падняпроўе), Святлана Балцэвіч (Заходняе Палессе), Эвеліна Шчадрына (Цэнтральная Беларусь), Алена Зачук (Віцебскае Падзвінне), Тарэса Адамовіч (Гродзенскае Панямонне) у своеасаблівым рэзанансе з мэтрамі-тэарэтыкамі падкрэслілі, што ў пошуках сучасных агульных перспектыў культуры і мастацтва чалавецтву варта памятаць пра іх вытокі ў асобных этнічных традыцыях і перыядычна звяртацца да рэгіянальнай фальклорнай аўтэнтыкі.

Загадчык кафедры этналогіі і фальклору ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй прэзентаваў на круглым стале выдадзены па выніках канферэнцыі з прадмовай рэктара ўніверсітэта Аліны Корбут зборнік навуковых прац яе ўдзельнікаў, які традыцыйна прысвечаны памяці аўдыявізуальнага антраполага Зінаіды Мажэйка (1933 — 2014) — даследчыцы, уключанай Кембрыджскім біяграфічным інстытутам у спіс 200 вядучых жанчын-інтэлектуалаў свету. Вячаслаў Калацэй адзначыў, што павага да навуковага тэстаменту доктара мастацтвазнаўства Зінаіды Мажэйка — адзін з прыярытэтаў пры планаванні далейшай работы ўжо стаўшага традыцыйным для фальклорнай супольнасці Беларусі і суседніх краін навуковага форуму — канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання”.

Алег БЕЛЫ, магістрант Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі