Танцы “на старане”

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Які ён, Бездзеж без музея?
“К” не прывыкла шукаць лёгкіх шляхоў і агульных тэмаў, таму ў гэты раз яе карэспандэнт вырашыў не трывожыць сваёй увагай знакаміты і за межамі краіны Музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” (тым больш, што пра яго наша газета неаднаразова пісала). І звярнуў погляд на іншыя ўстановы культуры, размешчаныя ў тым палескім аграгарадку.

/i/content/pi/cult/694/15253/17.JPGПраблема ў рамонце?

Не лічачы занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў старадаўняга велікоднага абраду “Стрылка”, суарганізатарам правядзення якога з’яўляецца згаданы музей, а ўдзельнікамі — “гурткоўцы” Сельскага дома культуры, нейкімі іншымі ўласнымі фірмовымі мерапрыемствамі СДК не вылучаецца. У чым мне адкрыта прызнаўся яго дырэктар Дзмітрый Страпко, заўважыўшы, што нічога крамольнага ён у гэтым не бачыць.

Бо галоўнае што? Каб на “звыклых” iмпрэзах установа не пуставала, каб не спынялася плынь ахвотных наведваць яе аб’яднанні — сольнага, харавога і фальклорнага спеваў, народны ансамбль народнай песні і музыкі “Сваякi”, ансамбль народных інструментаў. Цікава, што пераважае ў іх складах пол мужчынскі, а ўсяго тыя фарміраванні налічваюць, паводле дакументаў, каля сарака чалавек (ва ўсім Бездзежы — трохі болей за тысячу жыхароў).

— Мала, так, — канстатуе відавочнае спадар Страпко. — Але ўлічыце, што дзеці ды падлеткі выбіраюць паміж намі і Дзіцячай школай мастацтваў — і, як правіла, спыняюць свой выбар на апошняй, хаця знаходзяцца і тыя, хто ходзіць у абедзве ўстановы. Да ўсяго, апрача афіцыйных удзельнікаў гурткоў, іх наведваюць усе, хто захоча. А падчас канцэртаў Дом культуры звычайна поўны — іх жыхары аграгарадка наведваюць ахвотна. Я прыйшоў сюды працаваць 6 гадоў таму, і тады база ДК — і матэрыяльная, і чалавечая — былі вышэй пахвальбы. Спадзяюся, што і пры мне становішча ў горшы бок не змянілася.

Зрэшты, зусім ужо ідэалізаваць “базавую” карціну не стаў. Некалькі гадоў таму будынак быў адрамантаваны. Па словах спадара Дзмітрыя — у цэлым, някепска. Але і заўвагі па “абноўцы” ў яго ёсць — скажам, да глядзельнай залы, акустыка якой пасля рамонту злёгку парушылася. А да залы танцавальнай прэтэнзіі маюць, мабыць, і заўсёднікі дыскатэк: насцярожвае маладога кіраўніка падзенне іх наведвання (ад колішняй сотні чалавек на сёння засталося 30). Моладзь выпраўляецца ў суседнюю вёску, каб “адарвацца” там пад хуткія рытмы.

Прычыну такога перамяшчэння Дзмітрый Іванавіч зразумець не можа. Маўляў, і музыку ён “круціць” трэндавую, і апаратура на ўзроўні, і ў якасці “дэсерту” — конкурсы і віктарыны, але нешта народ не задавальняе. І нават незразумела, што менавіта. Нават калі браць у разлік тое, што рамонт пляцоўкі неабходна дарабіць, не настолькі ўжо яна ў сваім цяперашнім выглядзе не адпавядае выгляду сучасных танцполаў.

/i/content/pi/cult/694/15253/18.JPG— Вядома, хацелася б пасля сябе пакінуць Дом культуры ў цалкам адрамантаваным стане, — кажа яго дырэктар. — Напэўна, як толькі гэта здарыцца, я ўшчыльную задумаюся аб пераездзе ў горад. У які — пакуль не ведаю... У той, у які размяркуецца мая будучая жонка! Яна цяпер вучыцца ў Драгічыне, а сама з Пінска. Я люблю Бездзеж, яго адкрытых людзей, але ў горадзе, як мне здаецца, у мяне з’явіцца больш магчымасцяў для самарэалізацыі. Так, мне падабаецца працаваць з тымі людзьмі, якія ходзяць у гурткі. Але далей, на жаль, з колькасцю будзе толькі горш — хоць Бездзеж і цалкам газіфікавалі, і нават супермаркет плануюць адкрываць. На адным з нашых выступаў у Польшчы я разгаварыўся з мясцовымі, дык яны сказалі, што ў іх дакладна такая самая сітуацыя, як і ў нас — вёскі пусцеюць, клубы зачыняюцца. Думаю, усё ідзе да таго, што ў “слабых” беларускіх вёсках установы культуры, калі яны ў іх застануцца наогул, стануць працаваць толькі па выхадных, у астатнія ж дні гэта будзе немэтазгодна і нерэнтабельна.

А рэцэнзентамі культуры аграгарадка сталі дзесяцікласніцы — Вікторыя Палякова і Святлана Янушчык, якія таксама зазіраюць на суседскі “дыскач”, а пасля заканчэння школы маюць намер выправіцца ў Мiнск: Віка збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры (яна займаецца валейболам і дзюдо), але ў будучыні дзяўчына бачыць сябе... міліцыянерам. Святлана (валейбалістка і дзюдаістка) — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, марачы стаць “крутой” айцішнiцай. З Бездзежам сваё дарослае жыццё яны звязваць не збіраюцца — хіба толькі часам сюды завітаюць.

Каментарый Вікторыі ПАЛЯКОВАЙ:

— Чаму раней больш народу было на дыскатэцы ў Доме культуры? Таму што ў час яе правядзення працавала кавярня, а цяпер — не. Моладзь па вечарах чыпсамі на прыпынках храбусціць. Гэта раз. Два — у суседняй вёсцы дыскатэка лічыцца маднейшай за нашу? Можа, калі б у ДК вучылі якім-небудзь незвычайным танцам, а не народным, я б у яго і запісалася. Або калі б аднакласніцы мае туды хадзілі — таксама кампанію ім склала б. А з малымі дзеткамі танцаваць у ДШМ не хочацца.

Каментарый Святланы ЯНУШЧЫК:

— У гурткі Дома культуры не хаджу — вольны час аддаю спорту. Чытаю. Напрыклад, Чарльза Букоўскі. Заставаўся б яшчэ час — можа, занялася б спевам, але я спяваць не ўмею.

Фасадам жахлівы, але добры ўнутры

Бездзежская дзіцячая школа мастацтваў спецыялізуецца на трох кірунках: інструментальным (балалайка, гітара, фартэпіяна, баян, акардэон), харэаграфічным (народныя і класічныя танцы) і выяўленчага мастацтва. Выкладчыцкі склад установы налічвае 10 педагогаў (ва ўзросце, у асноўным, да 50 гадоў), а ўзначальвае яе Святлана Шумак, якая працуе там ужо 15-ы год.

— У школе вучыцца 74 чалавекі, — расказвае яна. — Я лічу гэта добрым паказчыкам (памятаючы пра тое, што ў сярэдзіне 2000-х у Бездзежы было болей за пяць тысяч жыхароў, а сёння іх лік ледзь за тысячу перавальвае). Аднак гэтай колькасці не хапае для таго, каб нагрузіць настаўнікаў так, каб за кошт дадатковых гадзін павялічылася б і іх зарплата. Але большая частка выкладчыкаў і без таго працуе больш, чым на стаўку. А яшчэ нашы педагогі ездзяць у вёску Заверша, навучаюць 15 тамтэйшых дзяцей iгры на баяне.

За апошнія пяць гадоў школа прыдбала шэсць новых інструментаў, што толькі распаліла апетыт Святланы Трафімаўны — існуе патрэба ў набыцці яшчэ фартэпіяна і баяна. А таксама камп’ютэрнай і відэа / аудыятэхнікі (на цяперашні момант настаўнікі выкарыстоўваюць на занятках галоўным чынам ўласныя дэвайсы). А вось у завяршэнні рамонту памяшканняў ДШМ, якая знаходзіцца ў той самай пабудове, што і Дом культуры, не мае патрэбы.

— Чатыры гады таму мы пераехалі сюды з маленькага дамка і адразу ж трапілі ў выдатныя пакоі, — распавядае спадарыня Шумак. — Праўда, сам фасад агульнага будынка — страшны. Відаць, рукі пакуль да яго не дайшлі. Або грошы.

Школа мастацтваў зарабляе платнымі канцэртамі. Бывае, іх столькі наваліцца, што дырэктару становіцца шкада дзяцей — нагрузка на іх выпадае яшчэ тая. Але і яны ўжо разумеюць, дзеля чаго ўсё гэта, ды і ў радасць ім частыя выступы на публіцы.

Каментарый Вікторыі ПАЛЯКОВАЙ:

— У маім класе шмат тых, хто вучыўся і вучыцца ў школе мастацтваў. Хтосьці з іх і будучыню сваю не бачыць без музыкі або малявання, разлічвае паступіць у адпаведную навучальную ўстанову, каб стаць сапраўдным прафесіяналам.

Каментарый Святланы ЯНУШЧЫК:

— Ведаеце, калі мы з імі гутарым пра тое ды гэтае, яны кажуць, што выкладчыкі вучаць іх быць добрымі і па жыцці — калі ўжо выбралі такое захапленне. Я, здараецца, зайздрошчу сваім сяброўкам і сябрам. Па-добраму!

Тое, што адбываецца ў культуры Бездзежа — наглядны прыклад таго, што ў нас наогул дзеецца ў сферы вясковай культуры. Песімізм з аптымізмам перамяшаныя тут у розных прапорцыях.

Адны кіраўнікі ўстаноў, расчараваныя з нейкіх прычын сваёй працай, спяць і бачаць, як у хуткім часе перабяруцца на новыя ўчасткi работы, дзе для ўвасаблення іх дзёрзкіх мэтаў умоваў будзе куды болей. Папракаць тых з іх, хто гадамі спрабаваў прышчапіць старому сучаснае, асабіста ў мяне рука не падымаецца. Балазе, нешта ж у іх і атрымлівалася, а потым раптам перастала. І чалавек, шчыра закаханы ў культуру свайго роднага кутка, што называецца, “ламаўся”.

Іншыя ж, трапіўшы ў такія самыя абставiны, працягваюць несці культуру ў масы. Нягледзячы на брак неабходных сродкаў, на недастатковы прыток таленавітых і адданых маладых спецыялістаў, а часам і на інертнасць насельніцтва тых населеных пунктаў, у якіх яны служаць. Не працуюць, а менавіта служаць — не фармальна, а з энтузіязмам, бо проста па-іншаму не могуць.

Увогуле, у культуры ўсё — як і ў звычайным жыццi. У якое пойдуць і вось гэтыя дзве бездзежскія дзяўчыны. Яны ў вясковую культуру так і не закахаліся — або не змаглі іх у яе старэйшыя таварышы закахаць. Сумна? Напэўна. Але і нічога такога ўжо страшнага. “Усяму свой час”, як гаворыцца ў вялікай кнізе. Хочацца верыць, беларускае, спрадвечнае яшчэ да іх прыйдзе — хай і праз іншае асяроддзе.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"