Куплю білет да Кнігаграда

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Адна з галоўных культурных падзей чэрвеня — Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў гарпасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне. Фэст гэты — своеасаблівая мадэль будучай шчаслівай ды заможнай Беларусі. Заможнай у першую чаргу сваёй духоўнасцю, пераемнасцю векавых традыцый ды дакладным веданнем каранёў. Пакуль жа мы толькі імкнемся да ідэалу. Метадыст мясцовага Цэнтра культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага Людміла Вырвіч прэзентавала невялічкі перадфестывальны агляд. Вось, да прыкладу, як падрыхтаваліся да знакавай падзеі бібліятэкі раёна.

/i/content/pi/cult/694/15252/16.JPGНа базе Забалацкай больш за 15 гадоў дзейнічае Музей сельскай жанчыны. Этнраграфічныя раздзелы адлюстроўваюць быт і вясковую культуру першай паловы ХХ стагоддзя. Адны ручнікі чаго толькі вартыя! Бібліятэкар Лідзія Аслюк распавядзе падчас экскурсіі пра ўменне жанчыны сумяшчаць паўсядзённасць з творчасцю. Натуральна, што многія краязнаўчыя мерапрыемствы (нават раённага маштабу!) ладзяцца менавіта тут. Супрацоўнік Любанскай СБ Людміла Гардзей піша летапіс знікаючай вёскі Падветка. Занатавала, напрыклад, рэдкае свята — Іван-Галавасек. У Краснаслабадской СБ бібліятэкар Валянціна Вараб’ёва трымае сувязь з народным майстрам лозапляцення Васілём Удовіным. У Лаўстыцкай сельскай бібліятэцы Раіса Вайцяхоўская арганізоўвае экскурсіі ў хату-музей мясцовай захавальніцы бацькоўскай спадчыны Марыі Мухінай. Дзякуй аўтарцы за такую падборку. Прынамсі, бібліятэчны бок “Берагіні” такім чынам яшчэ ніколі не аналізаваўся.

З Гарадзішчанскай (Баранавіцкі раён) дзіцячай школы мастацтваў паведамляюць: навучэнка Паліна Хілевіч (настаўнік Людміла Пранчак) удзельнічала ў ІІ Міжнароднай алімпіядзе па музычнай грамаце і тэорыі музыкі “Чатыры чвэрці” (Екацярынбург) і ў намінацыі “Музычны тэарэтык” атрымала Гран-пры. Удзел у алімпіядзе прынялі амаль 800 знаўцаў музыкі. Далучаемся да віншаванняў юнага даравання!

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Кацярына Ермалінская піша: “Наша ўстанова далучылася да рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі “Беларусь супраць тытуню”. Бібліятэкары выйшлі на вуліцы горада, ладзілі анкетаванне ды заклікалі мінакоў задумацца пра сваю будучыню і зрабіць першы крок насустрач здароваму ладу жыцця: памяняць цыгарэту на цукерку. А вулічная кніжная выстава называлася “Дыхай вольна!” Я так урэшце прыйду да высновы, што з паленнем трэба рашуча заканчваць!

29 мая ў ходзе рэалізацыі праекта “Любі, браток, родны куток!” Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы сумесна з літаратурным аддзелам Лідскага гісторыка-мастацкага музея “Дом Валянціна Таўлая” ладзіла сустрэчу з пісьменнікам і земляком Віктарам Праўдзіным. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар’я Марцінкевіч піша: “Віктар Аляксандравіч — майстар дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру. На сустрэчы ён, маёр міліцыі ў адстаўцы, распавёў пра тыя жыццёвыя выпадкі, што натхнілі яго на творчасць”.

Любаншчына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям”. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Святлана Баброўнік распавядае: “Адбылася і сустрэча вучняў ДШМ з аўтарам кнігі “Радзіва “Прудок” Андрусём Горватам”.

Работнікі культуры аграгарадка Каралін Зэльвенскага раёна правялі фальклорнае свята “Перазвон талентаў”. Загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры Алена Ламека паведаміла, што апрача песень і рамёстваў на свяце былі прэзентаваны мясцовыя кулінарныя стравы, музычныя інструменты.

Дзень вёскі адзначылі ў Вялікіх Арлах Столінскага раёна. Ганаровым госцем мерапрыемства, як паведаміла Галіна Гашчук, стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уродніч — жывапісец родам з Вялікіх Арлоў.

Святлана Робак, начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, паведаміла, што з адкрыццём летняга сезона на Аўгустоўскім канале пачаў дзейнічаць Кнігаград. Тут можна прыдбаць выданні па традыцыйных рамёствах краю.

У гарадскім пасёлку Казлоўшчына (Дзятлаўшчына) ажыццяўляецца праект “Народнаму скарбу — век векаваць”. У адпаведнасці з названым праектам тут упершыню ладзілася свята “Сёмуха”. Былі прэзентаваны абрады “Завіванне бярозкі” і “Ваджэнне куста”. А ў аграгарадку Круцілавічы адбылося Свята трактараў. Прайшоў тут не толькі конкурс на самы прыгожы трактар мясцовага сельгаспрадпрыемства. Ладзіліся канцэрт, прабег ровараў, спартыўныя спаборніцтвы.

IV адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў у аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна прымаў калектывы Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей. Найлепшым спектаклем прызнаны “Колазварот” Таццяны Нясцюрынай, які ўвасобілі артысты народнага тэатра “Батлейка” аграгарадка Залессе. І яшчэ адна інфармацыя са Смаргоншчыны Жодзішкаўскі дом культуры адкрыў танцавальную гасцёўню “Узрост танцам не замінае”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Браслаўскага раёна Ірына Макарэвіч і дырэктар ЦБСМ Вольга Ляснеўская пішуць пра ўмацаванне стасункаў паміж бібліятэкарамі Беларусі і Латвіі. Даўгаўпілскі край і Браслаўшчына — суседзі. Таму з мінулага года наш бок наладзіў кантакты з Латгальскай цэнтральнай бібліятэкай. У онлайн-рэжыме прайшоў абмен прафесійнымі напрацоўкамі. Падпісана і дамова аб творчым супрацоўніцтве.

На Свіслаччыне прыдумалі сямейны кніжны выхадны. Сёлета ён прайшоў на адкрытай пляцоўцы Нязбодзіцкай бібліятэкі — цэнтра краязнаўства. У праграме былі: літаратурна-музычная кампазіцыя, конкурсна-гульнёвая праграма, фотавыстава, выступленне лялечнага тэатра кнігі. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка.

Нізка навін з Ашмяншчыны. Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі запрасіў старшакласнікаў СШ № 3 на слайд-гутарку “Памяці ахвяраў СНІДу прысвячаецца”. Паведаміла загадчык аддзела Святлана Галінская. Бібліятэкар Людміла Падгайская распавяла пра работу аўтабібліятэкі ў вёсцы Вайневічы. Прыехала сюды выстава кніг “Мой край — часцінка вялікай краіны”. Тут былі выданні пра Ашмяны і ваколіцы, пра знакамітых землякоў. Да сваіх чытачоў бібліобус выязджае амаль кожны дзень. У аграгарадку Кальчуны адбыўся XII раённы конкурс дзіцячай эстраднай творчасці “Вясковы жаўранак”.

У Карэлічах прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага фотаконкурсу “Мая сям’я: шчаслівыя імгненні”. У ім бралі ўдзел восем сем’яў раёна. Перамагла сям’я Германюк з Карэлічаў.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч піша пра дзяцей, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, без тат. І разважае пра тое, што без добрага бацькі няма паўнавартаснага выхавання, што дарэмна адсутнічаюць званні і ўзнагароды “Бацька-герой”, “Бацькоўская доблесць”. Вельмі слушныя развагі, бо ў многіх краінах свету ёсць Дзень таты, які святкуецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня як выражэнне сыноўняй і дачэрняй любові.

Настаўнік ДШМ № 3 Барані Наталля Латышава распавядае пра тое, што вучаніца Валерыя Гейшалева на XVIII Міжнародным дзіцячым конкурсе экалагічнага малюнка (Токіа) атрымала першы прыз.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"