Пупавіна страты

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Пульсуючую нітку нечага наканавання раўнадушна перабіраюць тры сястры, для якіх не мае значэння, бог ты ці чалавек. Усё роўна жыццё незалежна ад чыіхсьці памкненняў наткнецца на нажніцы. У глыбіні бялёсага свету застануцца толькі гэтыя тры безузроставыя здані з адным вокам на траіх — сёстры Граі. Аднайменны спектакль Яўгена Карняга стаў не толькі этапным для маладзечанскай “Батлейкі”, але і пачаткам яшчэ аднаго кірунку на сучасным этапе айчыннага лялечнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/694/15250/14.jpgФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Імя Яўгена Карняга магнетычнае, мо таму што ён не грае з публікай у паддаўкі, а прапануе пайсці ёй услед за ім па іншым шляху разумення магчымасцяў тэатра. Яўген выкрышталізоўвае з класічных прыёмаў пластычнага тэатра самае трапнае, што дапамагае агаліць у першую чаргу думку, якая выведзе гледача на натуральную патрэбу ў рэфлексіі. Нездарма на яго папярэднія спектаклі “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” і “Бетон” людзі ходзяць па некалькі разоў — і з кожным праглядам у знаёмым, здавалася б, матэрыяле адкрываюць для сябе новыя глыбіні. Відавочна, “Сёстры Граі” стануць тым спектаклем, па білеты на які будуць паляваць гледачы, што маюць высокія патрабаванні да мастацтва.

Рэжысёр працягвае складаць асабістую тэатральную мову. У “Бетоне” ён упершыню скарыстаўся прыёмам кадравання прасторы. У “Сёстрах Граі” спадар Карняг пайшоў далей, адразу сканцэнтроўваючы ўвагу гледача на замкнёнай скрыні адмысловай батлейкі. У гэтым абмежаваным аб’ёме, створаным мастаком Вольгай Разумавай, і нараджаецца сусвет міфаў Старажытнай Грэцыі — усяго толькі падмурак для гледача, каб адштурхнуцца ў засяроджванні над сваімі пачуццямі і адчуваннямі.

Спектакль насычаны чыстымі колерамі, спалучэнне якіх часам узрывае заштампаванае ўспрыняцце неспалучальнасці. Белае на белым не будзе бачна? Пастановачная каманда выбудоўвае самыя пранізлівыя сцэны ў белым кабінеце. У многіх сцэнах бачна добрая работа з фактурай матэрыялаў, напрыклад, хаос ствараецца з шамацення цэлафанавых скруткаў. Прыкметна жаданне рэжысёра пазбягаць радыкальнага кантрасту, прынамсі яго бязмежная прастора, якая паступова насычаецца бялюткімі часткамі мармуровых статуй, не чорная, а папялова-шэрая.

Вядомае памкненне рэжысёра працаваць з цялеснасцю дазволіла ў “Сёстрах Граі” прадэманстраваць целы акцёраў у якасці лялек. У прасторы Карняга рукі куды больш гаворачыя за словы, а эмоцыі выпраменьваюцца і праз наўмысля заплюшчаныя добрую частку спектакля вочы. Сюррэалістычнасці карцінцы дадаюць шматлікія торсы, што ўтройваюцца, памнажаючы смутак, нараджаюцца адзін з другога, забіваючы свайго прабацьку, дзеляцца скурай, безнадзейна імкнучыся выратаваць блізкага. Віртуозная праца з акцёрамі, дакладнае разуменне біямеханікі, адточанае пачуццё густу, супраціўленне стэрэатыпам дапамагае рэжысёру ствараць сапраўды гіпнатычную выяву.

Для трупы Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” гэты спектакль Яўгена Карняга станецца этапным у іх прафесійным лёсе, бо ў такой сістэме, з нязвычным падрыхтоўчым перыядам, з бязмежным занурэннем у матэрыял ім наўрад ці даводзілася працаваць. Праз спробы, памылкі, эцюды, сумесныя пошукі, праз пераадольванне сябе Ірына Азёр, Марыя Барэйка, Таццяна Чаеўская, Таццяна Паўлючук, Міхаіл Асановіч і Аляксандр Майрын па-новаму адкрылі для сябе сваё цела. У пастаноўцы няма ніводнага ненатуральнага жэста, няма артыстычнай позы дзеля прыгожага ракурсу. Запавет Карняга ў тым, каб не іграць, а натуральна існаваць на сцэне. І вось ужо на трэцяй тэатральнай пляцоўцы мы бачым, наколькі гэтае рэжысёрскае патрабаванне дакладна спрацоўвае на ідэю.

Кампазітар Мікіта Залатар падрымаў тэму занепакоенасці і боязі кампазіцыямі з напластаваннем шумаў і нервовай пульсацыяй гукаў. Аднак рэжысёр па-майстэрску карыстаецца не толькі музыкай, але цішынёй, будуючы на гукавых ямах эскалацыю трывожнасці.

Рэжысёр адмыслова не дае ў праграмцы пераліку міфаў, на якія абапіраецца ў спектаклі. Па маім адчуванні, такі спіс быў бы да месца. Зусім не для таго, каб супастаўляць жэсты з зададзеным сінопсісам. Хутчэй, каб перад гэтым разгорнутым на сцэне жудам непазбежнасці не закрыць успрыманне гледача з-за ўнутранага страху не пазнаць задумы аўтара. Вось тут многія папросяць літасці ад пастаноўшчыка.

Канешне, каштоўнасць “Сясцёр Граі” не замыкаецца ў сюжэтнай канве, бо глыбіня паказанага нам свету шырэй за рампу батлейкі ці зборніка антычных паданняў. Лінія жыцця з’яўляецца ў першай са сляпых сясцёр недзе на ўзроўні пупка — бы тая пупавіна, яна разыходзіцца па свеце. Спачатку — хвалямі, падманваючы і людзей, і багоў у неабсяжнасці іх існавання. Але чым мацней тыя прагнуць жыць, тым відавочней тонкая нітка нацягваецца, рыхтуючыся да непазбежнага надрыву. І таму, хто кіруе лёсам, застаецца толькі назіраць, хто як гатовы прызвычаіцца да наканаванай страты.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"