Раяль як бяздоннае мора

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Сезон 80-годдзя Беларускай дзяржаўнай філармоніі быў багаты і на іншыя юбілейныя падзеі. Адной з іх стала 70-годдзе заслужанага артыста краіны, прафесара Юрыя Гільдзюка, якое супала з яго 35-годдзем на пасадзе мастацкага кіраўніка філармоніі. Канцэрт “Мае сябры, вучні, настаўнікі” адбыўся акурат у дзень народзінаў майстра — 15 мая, стаўшы фінальным клічнікам Міжнароднага фестывалю “Мінская вясна”.

/i/content/pi/cult/694/15249/12.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

За больш чым саракагадовую педагагічную дзейнасць Юрый Гільдзюк склаў сваю фартэпіянную школу, выхаванцы якой запатрабаваны сёння па ўсім свеце. І тое, што яны адклалі ўсе надзённыя справы і прыехалі на свята свайго выкладчыка нават з такіх далёкіх краёў, як Кітай і ЗША, сведчыць пра глыбокую да яго павагу. Праграма ўтрымлівала больш за чатыры гадзіны музыкі — пераважна фартэпіяннай. Але не пакінула пачуцця слухацкай стомленасці, бо разнастайнымі былі і самі творы (ад ХVII да ХХІ стагоддзяў), і, галоўнае, творчыя індывідуальнасці выканаўцаў розных узростаў: Юрый Мікалаевіч даў магчымасць выступіць на вялікай філарманічнай сцэне не толькі гасцям, але і ўсім сваім цяперашнім вучням. А як цікава было сачыць за зменамі гукавых фарбаў, калі за адзін і той жа раяль садзіліся розныя піяністы, “вывуджваючы” з яго зусім розныя тэмбравыя адценні!

У Аляксандры Паўлюкавец, у адпаведнасці з абраным творам, гук быў папраўдзе бахаўскім: дакладным, сухавата “клавесінным”. У Алены Лузан, якая паўстала дзівосна чуйным канцэртмайстрам, — класіцысцкім: светлым, лёгкім, як празрыстыя кроплі. Ледзь толькі ўступала альтовае сола Святланы Галубоўскай — тэмбр раяля змяняўся. У фартэпіянным суправаджэнні замест акварэлі ўзнікала пастэль, што адцяняла ўласцівую альту “матавасць”, прыглушанасць фарбаў.

Вылучаліся сакавітыя, тэмбравыя гучанні Яна Супаненкі — быццам увогуле змянілі раяль на больш гучны, з глыбінёй басоў і багаццем абертонаў. Стрыманы “зімова-скандынаўскі” гук Сяргея Смірнова, быццам расплыўшыся ў туманнай дымцы Мелодыі Грыга, раптам “змяніў клімат” і заззяў сонечнымі промнямі ў Экспромце Шуберта. Ад абодвух твораў сыходзіла такая ўтульнасць, што хацелася застацца ў гэтай музыцы назаўжды.

Аляксандр Данілаў выявіў не толькі знакаміты шапэнаўскі “флёр” лёгкіх пасажных россыпаў і ўласцівае творам кампазітара рамантычнае бунтарства, але і нечакана строгую харальнасць. Андрэй Сікорскі ў Вялікім бліскучым вальсе таго ж Шапэна быццам раскідваў чароўныя дыяменты. У Аляксея Пятрова атрымалася зрабіць з Паэмы Скрабіна сапраўдную “колерамузыку”, пра якую так марыў гэты класік. Колер “касмічна-месяцовага святла”, якога Арцём Шаплыка дасягнуў у “Тэрасе, азоранай месяцовым святлом” Дэбюсі, раптам ператвараўся ў адчуванне “святла духоўнага”. У ігры Андрэя Паначэўнага, які жыве і працуе ў Тэхасе, але штогод прыязджае да нас з новымі сольнымі праграмамі, з’явілася асаблівая мудрасць, сталасць, высакародная “сівізна”, стрыманая мяккасць і спакойная ўпэўненасць.

/i/content/pi/cult/694/15249/13.jpgАльгерд Грышчанка пакуль вучыцца ў восьмым класе Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі. Але ў ім ужо праглядаецца не толькі добрая школа, але і ўласны творчы імпульс. Вядомыя творы ён сыграў цалкам па-свойму! Папраўдзе майскае гучанне адпаведнай п’есы з “Пораў года” Чайкоўскага ўспрымалася не столькі як “Белыя ночы” (так называецца гэты твор), колькі як бялюткі вясновы сад у майскай квецені. А ў “Рытмах вуліцы” знакамітага беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай, п’есе, якая была абавязковай на міжнародным “дарослым” конкурсе ў Мінску і атрымала безліч інтэрпрэтацый, юны піяніст паставіў акцэнт на першае слова назвы — у той час, як астатнія звычайна падкрэслівалі другое, тым самым “апраўдваючы” залішнюю “крыклівасць”, якая Альгерду зусім не ўласцівая.

Гучалі і фартэпіянныя дуэты — як у казках, тры разы. Розныя па стылістыцы (ад Рахманінава да сучаснай аргенцінскай рамансавай “папсы”) і складу ўдзельнікаў (а некаторыя ансамблі ўзніклі менавіта для гэтага выступлення), яны забяспечылі канцэрту своеасаблівае атачэнне.

А які сюрпрыз зрабіў свайму прафесару Аляксандр Палякоў! Гадоў пяць таму малады музыкант пазнаёміўся з мастачкай Святланай Саўчук, якая робіць незвычайныя карціны з дапамогай “зорнага пылу”. Малюючы чорным па чорным, у завяршэнне працы яна пасыпае карціну дробнымі бліскаўкамі, што прыліпаюць да чорных мазкоў, і толькі тады выява напоўніцу становіцца бачнай. Аляксандр граў Другую Венгерскую рапсодыю Ліста, а Святлана “варажыла”-прытанцоўвала, рухаючыся ў такт музыцы. Сябры жартавалі з піяніста: маўляў, навошта твая віртуознасць, калі шоу і так забяспечана! Але музыка не “патанула” ў чорнай бездані, не стала “фонам”, а заззяла ўсім суквеццем фарбаў, яшчэ больш каларытным на фоне “чорнай дошкі”.

Разам з апошнімі нотамі, мастачка крутанула пасыпаную золатам карціну — і толькі тады мы ўцямілі, што яна малявала ўверх нагамі. Ды не абы-што, а партрэт юбіляра! Той, дарэчы, нічога не ведаў пра такі падарунак — Святлана ні ў афішы, ні ў праграмцы не была пазначана. Шкада, што з-за сціпласці Юрыя Мікалаевіча партрэт адразу ж вынеслі ў закуліссе. Затое сам музыкант не аднойчы з’яўляўся на сцэне. Ды не для таго, каб слухаць прамовы (іх на канцэрце якраз не было), а каб музіцыраваць.

Юрый Гільдзюк іграў і старадаўнія, і сучасныя творы, выступаючы ў партнёрстве з Мінскім струнным квартэтам, знаным нямецкім арганістам Ёганесам Гефертам, а таксама з заслужаным артыстам Расіі, скрыпачом Сцяпанам Яковічам, з нашай вядомай цымбалісткай Ангелінай Ткачовай, якая ўжо амаль 30 гадоў жыве і працуе ў Грэцыі, і тамтэйшыя кампазітары пішуць для яе шматлікія творы, разлічаныя менавіта на беларускія цымбалы. Усё было вельмі стыльна, быццам саліравала сама Муза, якой не патрабуюцца знешнія эфекты. Можа, у тым і сакрэт прафесійнага выканальніцкага даўгалецця юбіляра? У ягонай няўрымслівай патрэбе музіцыраваць і штодня ўдасканальваць сваё майстэрства.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"