Калі куратарка махнула рукой

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Пра куратараў у нас кажуць з піетэтам: маўляў, гэта найлепшы сябра мастака. Ён не толькі тэхнічны выканаўца і адміністратар, але і саюзнік перад абліччам розных цяжкасцяў. Ён той, хто дакладна ведае, калі прыедуць працы і як іх размясціць у выставачнай прасторы. І ўжо хто-хто, а куратар ніколі не дапусціць дыскрымінацыі творцы! Такая ідылічнай карціна стварылася таму, што ільвіная доля працы па падрыхтоўцы выставы схавана ад вачэй наведвальнікаў. Таму ўсе канфлікты і непаразуменні таксама застаюцца па-за полем яго зроку. І трэба яшчэ адразу адзначыць: такі піетэт характэрны ў нас толькі ў дачыненні да куратараў замежных.

/i/content/pi/cult/694/15248/lukash_opt.jpegЗ нашых шырот часта здаецца, што маючы за плячыма такую школу, такую колькасць музеяў і галерэй, куратары з Заходняй Еўропы ўсе як на падбор з’яўляюцца прафесіяналамі і лёгка спраўляюцца з любымі цяжкасцямі. Што ж, мушу засведчыць: гэта не заўсёды так.

Берлінская выстава Art in Process, на якой мне давялося пабываць — своеасаблівая даніна памяці куратару і мастаку Ханцу Касперу (1942 — 2017). Беларускаму гледачу ён вядомы, бо незадоўга да сваёй смерці ладзіў вялікі праект у мінскім НЦСМ. Згодна з яго запаветам, “Мастацтва ў працэсе” павінна было аб’яднаць аўтараў Заходняй і Усходняй Еўропы.

Тры залы размешчанага ў цэнтры Берліна Рускага дома планавалі запоўніць работамі аўтараў з Расіі, Венгрыі, Германіі, Францыі, Італіі і Беларусі. Нашу краіну прадстаўляў праект скульптара Паўла Вайніцкага і саўнд-дызайнера Яўгена Рагозіна. Іх аб’ект, прысвечаны Чарнобыльскай тэматыцы, мусіў дапоўніць відэа-арт, карціны, гульні з геаметрычнымі фігурамі на плоскасці і ў прасторы ды іншыя часткі міжнароднай экспазіцыі. Так яно і здарылася. Але… ненадоўга.

Не клеілася ўсё з самага пачатку. Работы Яўгена Рагозіна, загадзя дасланыя для ўсталявання ў экспазіцыі, дзесьці згубіліся. Іх удалося аднавіць, але пасля праслухоўвання (ужо ў выставачнай прасторы) нямецкая куратарка Марыя Кураж раптам вырашыла, што гукі сіпення і подыху ветра цалкам несумяшчальныя з іншымі выставачнымі працамі — і папрасіла выключыць. Гэта выклікала вялікае здзіўленне, паколькі аўдыя складала адзінае цэлае з пластыкай Паўла Вайніцкага.

Калі ж гук нарэшце ўдалося адстаяць, пачаліся праблемы больш сур’ёзныя. Высветлілася, што выставачнай плошчы для ўсіх экспанатаў проста не хапае. Бачанне куратарам выставы і абраны ёй прынцып размяшчэння (для мяне ён так і застаўся незразуметым), а таксама складаная планіровачная структура залаў спараджалі канфлікт паміж працамі розных мастакоў і ставілі пад пытанне саму магчымасць экспанавання некаторых твораў без нанясення іх аўтарам маральнай шкоды.

Абстаноўка дарэшты абвастрылася, калі да адкрыцця заставаліся лічаныя гадзіны. У паветры настойліва лунаў пах супакойвальных кропель. Беларускія аўтары ўтрапёна змагаліся за знойдзеныя ў загашніках Рускага дома аптэкарскія тумбы — і ў іх такі атрымалася тыя адстаяць ды бліскуча прыстасаваць пад экспазіцыйныя патрэбы. Сведкамі крэатыўнага трыумфу, аднак, былі толькі субраты па цэху: у самы адказны момант куратарка кудысьці знікла, махнуўшы на ўвесь гэты вэрхал рукой.

Нягледзячы на сур’ёзныя арганізатарскія недахопы, беларускія мастакі ды іх расійскія калегі змаглі годна адказаць на выклік, кінуты абставінамі. Адной камандай налеглі яны на мантаж экспазіцыі, заўзята адстойвалі інтарэсы адзін аднаго, шукалі найлепшыя рашэнні для размяшчэння ў выставачнай прасторы такіх непадобных работ, як “Сусвет хутка згарэлых сабак” Сяргея Катрана (гэтым разам мастак прэзентаваў сузор’і Скунса і Праклятай пусткі), “Тэхназона” Алекса Ганчарэнкі (драматычны дыялог авангарду і постмадэрну) і, уласна, праект Вайніцкага і Рагозіна.

На адкрыцці куратар сказала, што ёсць мастакі, погляды якіх ёй не блізкія — і нават пералічыла канкрэтныя імёны. Таму пасля першага дня выставы беларускі твор было вырашана дэмантаваць. Салідарную пазіцыю занялі і расійскія мастакі Алекс Ганчарэнка і Сяргей Катран. Таму выстава Art in Process, якая магла б стаць прыкладам арганізатарскага непрафесіяналізму, стала вартым пераймання ўзорам творчай калабарацыі, а таксама ўзаемадапамогі і падтрымкі.

Ядвіга ЛУКАШЫК,
мастацтвазнаўца