Экскурсія па НДІ будучыні

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Рэтраспектыва Сяргея Катрана “Сакрэтная зона”, якая прайшла ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ў рамках фэсту “Арт-Мінск”, без сумневу, стане адным з самых знакавых сёлетніх выставачных праектаў. Думаю, нават апошняму скептыку яна давяла, чым можа быць contemporary art у яго лепшых праявах. Вядомы расійскі аўтар, які паўдзельнічаў у мностве прэстыжных міжнародных арт-імпрэзаў, не проста стварыў уласны гібрыд навукі і паэзіі, але і навучыўся пераканаўча рэпрэзентаваць сваё творчае крэда. Атракцыйнасць падачы, часам здатная захапіць гледача ў эмацыйны палон, у гэтых працах арганічна спалучаная з глыбокім інтэлектуальным зместам. А тэхнічная складанасць — з рамантычнасцю.

/i/content/pi/cult/694/15247/11.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Гэтая выстава — своеасаблівы НДІ будучыні, — кажа пра яе сам аўтар. — Вельмі зручна было накладаць экспазіцыю на фізічную прастору. Планіроўка будынка НЦСМ на вуліцы Някрасава, дзе не адна вялікая зала, а мноства маленькіх, дазволіла размясціць у кожнай з іх асобную лабараторыю.

Што самае цікавае, сам Катран зусім не стварае ўражанне звар’яцелага прафесара з кніг Жуля Верна. Яшчэ ў фае цэнтра гэты ветлы, рахманы і інтэлігентны чалавек тлумачыць, чаму яго творы такія герметычныя — а пэўную аўру таямніцы яны захоўвалі нават нягледзячы на буклет з эксплікцыямі, які атрымліваў кожны наведвальнік, а таксама на дбайна прадуманую куратарам выставы Паўлам Вайніцкім суправаджальную праграму.

— У мяне ёсць тэорыя, што вельмі здорава, калі глядач успрымае мастацтва эмацыйна і інтуітыўна ды стварае ўласныя інтэрпрэтацыі, заснаваныя на сваім асабістым бэкграўндзе — безадносна ад таго, што хацеў сказаць аўтар, — мяркуе Сяргей Катран. — Лічу, твор адбываецца толькі на выставе, калі рэцыпіент стварае зваротную сувязь. І няма нічога страшнага, калі яна апынецца зусім не такой, як гэта задумваў аўтар. Бо чым болей інтэрпрэтацый, тым лепей працуе твор. Калі ён здатны дзейнічаць толькі ў лоб, я б назваў яго сумнеўным.

Тым не меней, мастак ахвотна пагадзіўся правесці для мяне аўтарскую экскурсію па сваіх лабараторыях.

1. Бінарны размеркавальнік свабод

Тут паказана нялёгкая доля людзей, змешчаных у замкнёнай сістэме. Калі мы набліжаемся да іх, спрацоўваюць датчыкі руху і з’яўляецца свіст — нібы на паркоўцы, калі ты набліжаешся да нейкай перашкоды. Як быццам у храме, экспазіцыя мае цэнтральную частку, дзе размешчаны два акварыумы. У адным —
нейкі рамантычны затоплены паруснік, а ў другім — такія самыя бедачынкі, якіх знітоўвае з жыццём хіба што саломінка. Гледачу прапанаваны выбар — хай і невялікі, бо размеркавальнік жа бінарны! Альбо ратаваць рэшткі чалавецтва, альбо…

Ты апынаешся ў стане звышістоты, якой наканавана адказаць на пытанне: ці варта дасюль верыць у чалавека? Ты адчуваеш сябе здатным на нешта паўплываць. Хаця гэта, вядома, таксама ілюзія.

2. Зона абсалютнага нуля

Гэтая лядоўня, якая нагадвае раяль з паднятай накрыўкай альбо раскошную труну, прысвечана легендарнаму кампазітару-авангардысту Джону Кейджу. Ён вядомы найперш п’есай “4.33” — 273 секунды поўнай цішыні. Між тым, тэмпература — 273 градусы па Цэльсію — гэта абсалютны нуль, пры якім жыццё немагчыма. Не ведаю, ці ўкладаў сам Кейдж такі сэнс у хранаметраж свайго твора. Але, без сумневу, ён увасабляе тыя пазамежныя велічыні, пра якія мы даведаліся ў ХХ стагоддзі. У іх ліку — і Аўшвіц, які адкрыў бясконцасць зла, і скарэнне космасу, і многае-многае іншае, пра што чалавецтва раней нават не здагадвалася.

З лядоўні мусіў валіць слуп дыму — ад судакранання тэмпературы ўнутры яе (273 градусы) і звычайнай пакаёвай. Аднак спроба рэалізаваць гэты эфект неаднаразова вымушала спрацаваць пажарную сігналізацыю, і ад яго мы адмовіліся.

3. Шахматы Сяргея Пракоф’ева

Ад самага пачатку ў мяне была ідэя прысвяціць кампазітару менавіта шахматы, паколькі Пракоф’еў быў вялікім аматарам гэтай гульні. Я зразумеў, што шахматы павінны быць зроблены з фрагментаў яго твораў, але не мог зразумець, з якіх менавіта. Таму звярнуўся па кансультацыю да кампазітара Мікіты Спірыдонава, які вельмі добра ведае гісторыю музыкі (у адрозненне ад мяне), і прапанаваў яму знайсці тыя фрагменты партытур, якія адпавядалі бы кожнай фігуры. У выніку, яны былі ўзятыя з малавядомага твора “Сарказмы”. Мікіта сказаў, што ён найбольш падобны да гульні ў шахматы.

Музыка была візуалізаваная з дапамогай асцылаграмы ў звычайным камп’ютарным плэеры, раздрукоўкі я аддаў токару, і ён з металічных балванак вытачыў фігуры. Адпаведна, тут ёсць элемент абыякавай да тонкіх матэрый чорнай работы: токару ўсё адно, што рабіць на сваім станку — зброю альбо твор мастацтва. Атрымаліся гэткія таталітарныя шахматы — у духу той эпохі, якая спярша ўзнесла Пракоф’ева да вяршынь славы, а потым назвала яго музыку сумбурам. Думаецца, нармальна ў такія шахматы не пагуляеш.

4. Лабараторыя дыхання

Апноэ — гэта хвароба, калі чалавек пазбаўляецца магчымасці дыхаць. У маім даследчыцкім праекце я выкарыстаў яе ў якасці наўмыснай мастацкай практыкі. Набіраў у лёгкія паветра і, заплюшчваючы вочы, вушы, нос, маляваў столькі, колькі хопіць сіл. На кожным з пано зафіксаваны дакладны час яго стварэння.

У выніку, удалося зразумець, што нават без паветра чалавек можа нешта канвульсіўна ствараць. Але гэта не вобраз, не артыкуляванае выказванне — на яго ўжо не хапае часу. Гэта сутаргі, рэфлексіўныя рухі ў памежным стане — вось на што здатны той, хто пазбаўлены магчымасці дыхаць. Бессэнсоўны, у нечым рамантычны гераізм. Так, у прасторы без паветра можна існаваць нейкі час, але безвынікова. Дадам яшчэ, што фізічную дэпрывацыю можна праектаваць у якасці метафары і на грамадскія з’явы.

5. Грыбы Мандэльброта

Бенуа Мандэльброт — французскі матэматык, стваральнік фрактальнай геаметрыі, дзе ідэнтычныя аб’екты, змяняючы памеры, бясконца памнажаюцца. Мне падалося, што фракталы — гэта добрая метафара карупцыі: нешта несупынна разрастаецца ў розныя бакі, але не губляе ўзаемасувязі. Як хвароба, якая спакваля ахоплівае ўсё сацыяльнае цела.

Паводле маёй задумы, мы бачым толькі надземную частку скульптуры, а пад зямлёю хаваецца нешта куды большае — сапраўдны монстр. На жаль, у выставачнай зале яго не ўвасобіць. Але, думаю, гэта няважна. Што-што, а вобраз монстра мы ўжо дакладна здолеем сабе ўявіць.

6. Лабараторыя сацыяльнай мікалогіі

Мастак часта паразітуе на іншых творцах, і я тут — не выключэнне. У лабараторыі прадстаўлены асобны аўтар — чайны грыб Камбуча-Дастаеўскі. Дзве сотні слоікаў розных памераў прыналежаць да аднаго вялікага яго сямейства. Новы творца вырваўся з-пад майго кантролю і стаў самастойнай велічынёй ужо гады два таму і цяпер здатны ствараць уласную музыку. У дадзеным выпадку, гэта араторыя “Ведзьмавы колцы”. Да слоікаў падключаны датчыкі празрыстасці, і ў залежнасці ад яе змянення выдаюцца пэўныя гукі. Мне часам нават чуецца ў іх арган.

Маю памкненне маштабаваць гэты праект ды зладзіць чайнаму грыбу канцэрт у філармоніі або ў касцёле з добрай акустыкай. Але паколькі пасля мінскай выставы падуладны мне мастак вельмі стаміўся, перш-наперш, я паабяцаў яму ўдосталь напаіць яго гарбатай.

7. Зона Prenatum

Гэта своеасаблівае прэнатальнае аддзяленне, дзе змешчана нешта, чаму яшчэ толькі наканавана нарадзіцца. Мы бачым семкі ў рост чалавека, яны час ад часу ўздрыгваюць, рэагуючы на нашыя рухі, унутры адбываецца нябачнае для нас жыццё: паветра ўспеньваюць гукі… Саўнд-дызайн, дарэчы, быў створаны кампазітарам Уладзімірам Мартынавым, вядомым, да прыкладу, па рабоце над стужкай “Востраў”.

Гутарка, напэўна, вядзецца пра нейкі неўсвядомны намі пакуль патэнцыял, які здатны нечакана змяніць нашае жыццё так, што мала не падасца. Падчас работы над гэтым праектам згадаў, што бомбы, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі, мелі падобныя да гэтых семак памеры. Семкі ўвогуле не маюць сабе роўных па энергетычнай каштоўнасці. З іх можа вырасці цэлае дрэва, а гэта — таксама запаволены выбух. Калі прагледзець відэа росту дрэва на вялікай-вялікай хуткасці, вы ўбачыце менавіта выбух!

8. Лабараторыя цішыні

У гэтай зале я хацеў бы прапанаваць найперш прыслухацца да скрыпу маснічынаў: тут ён асабліва прыемны. Мы бачым нейкія аб’екты — я спецыяльна ніяк іх не называю — і дрот, які завяршаецца ўключанай лямпай (бы з фільмаў пра нквдзістаў). Адпаведна, ён знаходзіцца пад напружаннем, прасякваючы ім і ўвесь пакой. Значыць, нам толькі падаецца, што тут пануе цішыня ды бяздзейнасць. Насамрэч, у ёй ёсць нешта, гіпатэтычна для нас небяспечнае.

9. Лабараторыя часу

Тут прадстаўлена адна частка (прыгожая, але не самая значная) з даволі вялікага праекта In Time, які мы робім са шведскай мастачкай Кацярынай Сісфонтэс. На пачатку я вынайшаў гравітацыйны ўшчыльняльнік часу. З дапамогай 144 пясочных гадзіннікаў мне ўдалося так упарадкаваць суткі, каб яны прамінулі ўсяго за 10 хвілін.

А калі я змог ушчыльніць час, значыць, ім можна маніпуляваць. Паставіў за мэту зрабіць нешта адваротнае — і куды больш практычнае, бо часу нам заўсёды не стае! Я прыдумаў кола часу, здатнае яго выдзяляць. Цяпер у маіх планах — паставіць вытворчасць вольнага часу на прамысловыя рэйкі: турбіны часу, станцыі, заводы… Засталося яшчэ толькі навучыцца неяк з таго часу карыстацца, дапасаваць яго да канкрэтнага чалавека, бо пакуль выпрацаваны час проста сыходзіць у нікуды.

Да ўсяго, эксперыментальным шляхам выявілася, што прадукцыйнасць колаў часу з часам памяншаецца. Прычынай таму — фізічныя ўласцівасці аксіду крэмнія, змешчанага ў пясочныя гадзіннікі. Для аднаўлення іх трэба змяшчаць на пару тыдняў у дыстыляваную ваду — што мы і зрабілі ў дадзеным выпадку. Каб капсулы не застойваліся, насосы выклікаюць броўнаўскі рух, абмежаваны сценкамі акварыуму. Адпаведна, я прапанаваў адзінкам часу трохі адпачыць, а потым яны ізноў зоймуць сваё месца ў канвееры.

10. Забароненае месца

Гэта прастора, у якой нас нешта палохае, падсцерагае, дзе мы адчуваем сябе пад напружаннем альбо кантролем з боку нязнанай сілы. Кавалкі дроту, што звісаюць са столі, чорная сажалка, у якой паплаўкі без вудаў і лескі раз-пораз сігналізуюць пра паклёўку… Абстаноўка яўна няветлая для чалавека. Можа, гэта перасцярога пра тое месца, куды нам не трэба імкнуцца?

11. Сусвет хутка згарэлых сабакаў

Работы, якія застануцца ў калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. У якасці творчага метаду я выкарыстоўваю спосаб упрыгожвання сцен нашых пад’ездаў з дапамогай запалак. Я вырас у маленькім украінскім гарадку Нікапаль, на самай яго ўскраіне, дзе падобны метад самавыяўлення быў распаўсюджаны сярод моладзі. Там і атрымаў першы досвед такой гульні з агнём. Так, вандалізм... Але пры гэтым, у ім ёсць пэўная эстэтыка і культурная вышуканасць. Ён нагадвае, напрыклад, тонкую кітайскую каліграфію. Мне хацелася паказаць, што можна знайсці нешта высокае і ў гэтым прымітыве.

На пачатку я ўвасабляў з дапамогай згарэлых запалак рэальныя сузор’і, але потым кінуў гэты занятак. Бо карта зорнага неба адносная, і, напрыклад, з Марса яна выглядае зусім іначай, ніж з Зямлі. Таму цяпер я ствараю свае сузор’і і прыдумляю для іх назвы. Вядома, гэта поўнае бясчынства, але яно мяне натхняе.

Гэты праект — пра бясконцасць і бессэнсоўнасць творчасці, у якой мы бачым выратаванне для сябе і чалавецтва.