Карагод на асфальце

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Як захаваць сельскую аўтэнтыку ва ўрбанізаваны век? Пытанне не з простых
Штогод на Ушэсце жыхары некаторых вёсак на поўдні Беларусі збіраюцца, каб правесці старадаўні абрад Пахавання стралы. Робяць яны гэта спрадвеку, і не ў фармаце “фальклорнага фестывалю”, а для сябе. Зрэшты, апошнім часам усё больш вузкае кола вяскоўцаў разбаўляюць “турысты” — у тым ліку і мы, журналісты. Натуральна, нават адной сваёй прысутнасцю яны не могуць не паўплываць на ход дзеі. Але куды болей захаванню традыцыі шкодзіць сам няўмольны бег часу. Як жа зберагчы жывыя праявы народнай культуры, не сказіўшы пры тым іх сутнасць? Пытанне, актуальнае не толькі ў Год малой радзімы — але ў гэты час асабліва! І адказы на яго пакуль да канца незразумелыя.м

/i/content/pi/cult/694/15244/9.JPGДжунглі замест хатаў

Казацкія Балсуны — гэта самая што ні ёсць ускраіна зямлі беларускай. Да мяжы з Расіяй адсюль — пару кіламетраў. Лічыцца, што вёску і сапраўды заснавалі казакі — у якасці фарпоста Старадубскага палка. Аднак сёння і ў гутарцы, і ў песнях мясцовых жыхароў — чысцюткая беларуская мова. Сям-там на вока трапляюцца адрыны з сапраўднымі стрэхамі — бы ў этнаграфічным музеі, але занядбаныя і пахіленыя.

Што адразу ўражвае, дык гэта пусткі і джунглі хмыззя, якія займаюць вялізныя плошчы. Некалі на іх месцы стаялі хаты, але цяпер прырода бярэ сваё. У вёсцы засталося меней за дзве сотні жыхароў (у лепшы час было ўдзесяцёра болей!), а адзіны ацалелы сацыяльны аб’ект — несамавітая пашарпаная камянічка клуба народных традыцый.

Менавіта ля яго на Ушэсце і збіраюцца ўдзельніцы абраду. Яго завадатары — некалькі сталага ўзросту жанчын з гурта “Казачка” — перад пачаткам дзеі даюць майстар-клас дзятве, якую прывезлі з бліжэйшага “цэнтра цывілізацыі” — трохі большай вёскі Вялікія Нямкі. Зразумела, гэта ініцыятыва мясцовых уладаў. І ўжо ў ёй нейкі рыгарыст убачыць умяшальніцтва ў натуральны ход падзей. Але як іначай, калі сваёй малечы тут амаль і няма?

Агулам і без таго збіраецца добра калі паўсотні чалавек — не лічачы “турыстаў”. Хлопцаў адразу просяць пакінуць карагод — справа гэта толькі жаночая. Атмасфера самая нязмушаная і натуральная — прынамсі, да пары да часу.

/i/content/pi/cult/694/15244/10.jpgГрань — вельмі тонкая

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі “Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” з вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна” — а менавіта так гучыць яго поўная назва — вядомы ажно з XVII стагоддзя. Калісьці такі звычай бытаваў не толькі на Веткаўшчыне, і нават не толькі на тэрыторыі цяперашняй Гомельскай вобласці, а таксама і на землях, якія ў наш час уваходзяць у суседнюю Бранскую вобласць.

— Там таксама хаваюць стралу, песні і абрад вельмі падобныя, — распавядае метадыстка Веткаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Надзея Захарук. — Ідуць у строі разам з намі і падхопліваюць песні.

Некаторыя з колішніх агменяў традыцыі былі адселены пасля Чарнобыльскай навалы, некаторыя — самі абязлюднелі. Сёння звычай жыве хіба ў лічаных вёсках. Прычым усюды са сваімі асаблівасцямі.

— Скажам, у аграгарадку Шарсцін усё трохі іначай, чым у Казацкіх Балсунах, — апавядае Надзея Захарук. — Па-першае, збіраюцца ўвечары. Па-другое, там на Ушэсце хваінку носяць — ладзяць абрад “Колік”, які ў нечым падобны да стралы, але ж і адрозніваецца ад яе.

У недалёкім ад Казацкіх Балсуноў аграгарадку Стаўбун на Пахаванне стралы гэтым днём сабралася значна болей людзей. Сярод іх і мясцовыя жыхары, якіх тут багата, і шматлікія госці — з Мінска, Гомеля і суседняй Браншчыны. У вочы адразу кідаецца, што публіка гэта збольшага свядомая: ведала, куды едзе. Трапляюцца цэлыя сем’і з малымі дзецьмі, апранутыя ў густоўныя народныя строі.

Як запэўнівае Надзея Захарук, нягледзячы на наплыў “турыстаў”, абрад у Стаўбуне захоўвае сваю аўтэнтычнасць — нават пры тым, што карагоды часам ладзяцца на роўным асфальце. Ад балсуноўскага ён адрозніваецца: і песні пяюць такія самыя, і стралу закопваюць, але “крывога танку” няма.

Пра яго пазней, пакуль жа адзначым: аўтэнтыка аўтэнтыкай, але арганізацыйны цэнтр абраду, як ні круці, усё той самы — гэта мясцовы дом культуры са сваёй няўрымслівай супрацоўніцай Святланай Парашчанка. Каб не такія лідары вясковай грамады, пэўна, свята б і не атрымалася. Прынамсі, у гэтых маштабах.

У той самы час, калі “замкнуць” народную традыцыю ў сцены клубаў, ёсць небяспека, што яна ператворыцца ў этнаграфічны тэатр, які будзе жыць згодна з гадавымі планамі работы раённых і абласных цэнтраў культуры. Як кажуць адмыслоўцы, падобныя тэндэнцыі сям-там назіраюцца нават у звязку з Пахаваннем стралы. Таму тут грань — вельмі тонкая.

“Дзевачкі, работаем!”

Павадзіўшы карагод і паспяваўшы свае псіхадэлічныя песні (тэксты ў іх, дарэчы, загадкавыя і цікавыя), удзельніцы абраду ў Казацкіх Балсунах ужо збіраліся было выправіцца ў жытняе поле. Але раптам іх перапыніў маладзён з адной са здымачных груп (а відэакамер было не менш за чатыры). Як выявілася, ён не паспеў своечасова запусціць квадракоптар. Таму карагод неабходна паўтарыць — спецыяльна для яго.

— Так, дзевачкі, работаем! — камандуе тэлевізійшчык. І бабулі пакорліва заводзяць яшчэ адну песню.

Аператары і фатографы залазілі ў самую гушчу падзей, “пасоўваючы” бедных носьбітак традыцый то так, то гэтак — для лепшай карцінкі. Кожныя пяць хвілін па-над чарадой удзельніц абраду раздаваліся гучныя вокрыкі: “Дзевачкі, стойце, чакаем аператара!.. Так, паўтарыце яшчэ раз!.. Дзевачкі, не так хутка!”

— Тое, як было сёння — гэта яшчэ прымальна! — спадарыня Захарук дае зразумець, што такі “прафесіяналізм” для нашых калег — справа звыклая. — Дый спявачкі нашыя ўжо старыя, і для іх каманда “стоп”— гэта магчымасць адпачыць трошкі.

Натуральна, добрая і якасная “карцінка” вельмі важная для фіксацыі абраду. Нават Надзея Захарук адзначыла, што на назойлівых “турыстаў” ужо прызвычаіліся не крыўдаваць.

— Для таго, каб зафіксаваць усё гэта багацце, каб яно засталося для будучых пакаленняў хаця б у выглядзе відэаздымак, можна пайсці на пэўныя ахвяры, — лічыць яна.

Хаця нават у тым жа пашпарце элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны адзначаецца, што абрад дагэтуль захоўвае сваю сакральную функцыю, якая ўплывае на ўспрыняцце і захаванне сельскагаспадарчага ладу жыцця мясцовай грамады і таму “патрэбна вельмі асцярожна ставіцца да допуску да ўдзелу ў абрадзе (нават у якасці назіральніка) знешніх суб’ектаў-спажыўцоў”. Тым больш, калі гэтыя назіральнікі імкнуцца ўзяць на сябе ролю рэжысёраў свята.

І тут паўстае яшчэ адно пытанне: як, вывучаючы і фіксуючы народныя абрады, не зашкодзіць ім, не змяніць натуральны іх ход на патрэбу прыгожага кадра? Дарэчы, сваёй прысутнасцю могуць моцна нашкодзіць не толькі журналісты, але і даследчыкі — ёсць сярод іх такія, хто замест навуковай фіксацыі спрабуе павучаць бабуль, “як было раней” і як правільна ўсё рабіць.

Пакачацца ў жыце

Раней да шэсця па дарозе да нівы заўжды далучаліся астатнія вяскоўцы, хто не паспеў да пачатку. Але гэтым разам такіх не было. Ніхто нам па дарозе не сустрэўся.

Ужо на полі малечаў падзялілі на купкі, вакол якіх з песнямі вадзілі карагоды. Гэта і ёсць “Крывы танок”, які бы абярэг мусіць ахоўваць жыццё грамады ад нягодаў. Напрыканцы дзяцей са словамі “Чыя каша падгарэла?” падхопліваюць ды падкідваюць угару — каб ураджай урадзіў.

А каб зберагчы здароўе на ўвесь год, заведзена качацца па траве. Прычым рабілі гэта не толькі малыя, але і тыя самыя зухаватыя “дзевачкі” — ды яшчэ і з фрывольнымі жартамі!

Урэшце, усе бягуць у жыта. Там і “хаваюць стралу” — кожная кабета ірве па тры каласкі і разам з якімсьці металёвым прадметам, хоць гузікам, хоць манеткай, закопвае ў поле:

— Ляжы, мая страла, да таго году, каб жывыя былі ўсе і здаровыя! — кажуць людзі і загадваюць жаданне.

А яшчэ — зрываюць па дзевяць каласкоў — “тры па тры”, як кажуць тутэйшыя — і дома ўжо ставяць іх за абраз. Людзі вераць, што так зберагуць хату ад маланак; а калі абвязаць каласкамі паясніцу, яны дапамогуць ад болю ў спіне.

Мясцовыя сцвярджаюць, што Пахаванне стралы заўжды святкавалася і не было такога, каб не праводзілі святочны рытуал. Толькі аднойчы, як нам расказалі, стралу не вадзілі і не хавалі — і тады ўвечары пачалася страшная навальніца з маланкамі і адна з іх пацэліла ў стайню і спаліла тую. З таго часу традыцыю ваджэння стралы больш ніколі не перарывалі.

І таму вельмі дзіўна гучыць статус гэтага элементу жывой народнай традыцыі, які афіцыйна пазначаны не катэгорыяй “А” (гэта значыць, элемент, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якога безумоўная i нязменная), а “Б” — адроджаная на другасным матэрыяле нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць.

“Традыцыя будзе жыць”

Зразумела, асноўная пагроза для мясцовай традыцыі — гэта не “турысты”. Вёска вымірае, а маладыя — і нават не зусім маладыя, — з яе з’язджаюць. Тыя ж, хто застаецца, адмаўляюцца ад парэштак традыцыйнай культуры пад уплывам глабалізаванай цывілізацыі. Хочам мы таго або не, але гэта — проста факт.

Ужо пасля качання ў жыце на зваротным шляху да вёскі разгаварыліся з мясцовай кабетай. Спадарыня Галіна нарадзілася ажно ў 1942 годзе і колькі сябе памятае, заўжды хавала стралу. Толькі раней усё было не так, як цяпер. Свята зусім не выглядала камерным.

— Людзей было больш, значна больш! — згадвае яна. — З кожнай хаты выходзілі, браліся за рукі ды рушылі па вуліцы. Хадзілі ўсе, не толькі маладыя. І старыя заўжды хадзілі таксама. Усе разам, усёй сям’ёй! Ды і сем’і раней былі вялікія — і па 9, і нават па 12 дзяцей. На кожнай вуліцы жыло многа людзей, і ў абрадзе ўдзельнічалі ўсе.

Пачуўшы нашу размову, падышлі іншыя кабеты, каб паўзгадваць мінулыя часы:

— Свята ўвесь час было, хадзілі без перапынку, — дадае адна з іх — Мне ўжо 60 гадоў, дык я змалку памятаю — заўжды хавалі стралу. Толькі прыгажэй было, чым цяпер, бо народу больш і ўсе такія маладыя.

— А цяперашнія маладыя, як падрастуць, дык ці будуць яны хадзіць? — задаецца пытаннем спадарыня Галіна. — Можа, толькі калі які завадатар будзе.

Сапраўды, завадатарамі сёння выступаюць тыя самыя “дзевачкі” — удзельніцы мясцовага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка”. Засталося іх добра калі пяток, дый некалькі, як нам сказалі, у той дзень прыхварэлі і ўдзелу ў свяце не бралі.

— Але сёлета мы маглі бачыць іх дзяцей, а таксама ўжо і ўнукаў. Яны вучаць матчыны песні і кожны год збіраюцца “на стралу”, — дадае Надзея Захарук. І дзеліцца аптымістычнымі прагнозамі. — Лічу, традыцыя будзе жыць — і праз дзесяць, і праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў. Маладзейшыя пераймаюць абрад ад сваіх матуль і бабуль. Ды і людзей, якія цікавяцца народнай культурай, сёння багата. Яны не проста прыходзяць на святы, але паўнакроўна ў іх удзельнічаюць.

З іншага боку, такі аптымізм добра было б падмацаваць нейкімі канкрэтнымі захадамі па стварэнні адэкватнага механізму пераймання традыцыі. Як падаецца, тут можа быць урадлівая глеба для рознага кшталту праектнай дзейнасці альбо супрацы са спецыялізаванымі на вывучэнні фальклору грамадскімі арганізацыямі.

Прыкладам, можна было б стварыць у той самай камянічцы ў Казацкіх Балсунах нейкую факультатыўную школу па вывучэнні мясцовых звычаяў — балазе, адзін толькі песенны пласт тут надзвычай багаты, і за гадзінку-другую ўсё не засвоіць. Зладзіць заняткі як для мясцовых жыхароў (і асабліва дзятвы), так і для прасунутых “турыстаў”. Толькі вось, сам клуб такі праект ніколі не пацягне: у ім працуе ўсяго адна супрацоўніца, дый тое на палову стаўкі.

Ну, а калі нехта з неабыякавых гарадскіх валанцёраў прыедзе ў тую ўстанову культуры, каб нешта падрамантаваць (а праца для яго яўна знойдзецца!), мясцовыя жыхары не проста скажуць яму “дзякуй”. Яны лішні раз пераканаюцца ў каштоўнасці сваёй аўтэнтычнай культуры і атрымаюць болей імпэту для яе захавання.

Фота аўтараў