Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
За неарыгінальнай назвай шоу і, шчыра кажучы, спрэчнай сюжэтнай лініяй пра стомленага ад поспеху італьянскага прадзюсара, якой пастановачная група вырашыла аб’яднаць традыцыйныя нумары, хаваецца вартая ўвагі падзея: на сталічны манеж у рэшце рэшт вярнуліся крэатыўныя айчынныя артысты. Як распавёў мастацкі кіраўнік установы Вітаўтас Грыгалюнас, яго калектыў наладзіў супрацоўніцтва з аматарскімі цыркавымі студыямі — Белдзяржцырк цікавіцца, што там адбываецца і якія таленавітыя юнакі пачынаюць заяўляць пра сябе, а таксама ўважліва сочыць за спартсменамі. У выніку працы на перспектыву ў новую праграму ўключаны нумары заахвочаных дадзеным відам мастацтва юнакоў, узрост большасці з якіх крыху большы за 20 гадоў.
Замежныя госці прадставяць клаўнаду і некалькі групавых нумароў. Напрыклад, надзвычай эфектна выглядаюць расійскія акрабаты на амерыканскім коле. Сярод айчынных выканаўцаў, па словах мастацкага кіраўніка, таксама маглі б знайсціся тыя, хто асвоіў бы гэты эфектны жанр. Праблема ў рэквізіце: болевай кропкай для беларускага цырка застаецца немагчымасць зрабіць прыстасаванні, якія б адкрылі нашым артыстам новыя жанравыя гарызонты.
Выступаючы ў больш традыцыйных кірунках, выхаванцы Белдзяжрцырка дэманструюць віртуознае валоданне тэхнікай і прыкметна дадаюць у майстэрстве. Прынамсі, сёлета ў сталіцы пасля амаль двухгадовага перапынку можна пабачыць знаёмую чытачам “К” антыпадыстку Алену Клімовіч. У нумара хоць і захавалася старая назва, але драматургія змянілася, трукі ўскладніліся, а сама артыстка прыкметна дадала як у тэхнічнасці, так і ў артыстызме. Не дзіва, што зорны нумар прынёс Клімовіч чарговую перамогу: на ХХХI Міжнародным фестывалі сяброўства і мастацтваў “Сакавіцкая вясна”, што ладзіўся ў Пхеньяне, у намінацыі “Сольны нумар” яна заваявала срэбра.
— “Сакавіцкая вясна” лічыцца ў цыркавым свеце прэстыжным форумам, — удакладніў спадар Грыгалюнас. — Ён ахоплівае некалькі відаў мастацтва: акрамя цыркавога — балет, вакал, харавыя спевы. Артысты Белдзяржцырка супернічалі з прадстаўнікамі Кітая, Манголіі, Японіі, Расіі, Тайланда, Лаоса, Сінгапура, Балгарыі, Арменіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы, Кіпра, Казахстана, Кубы. І тое, што мы атрымалі пры надзвычайнай канкурэнцыі срэбра — найвыдатны вынік!
На форуме ў Паўночнай Карэі апладзіравалі Беларусі двойчы: медалі такога ж гатунку ў групавой намінацыі ўзялі артысты Белдзяржцырка Вераніка Рыбчонак і Максім Вінаградаў. Іх нумар “Паветраныя гімнасты на палотнах” не ўпершыню ўздымаецца на п’едэстал. Прынамсі, увосень на Першым Мінскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва дуэт таксама ўзяў срэбра. Мастацкі кіраўнік упэўнены ў паспяховай творчай будучыні Веранікі і Максіма, якіх пачалі актыўна запрашаць у замежжа.