Міжэтнічны флэшмоб на беларускім падворку

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Колькі нацыянальнасцяў жыве ў нашым спрадвеку мультыкультурным краі? Не меней за 34! Прынамсі, столькі іх прадстаўлена на XII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які ў гэтыя выхадныя буяе ў Гродне. На маштабны форум з’ехалася каля 800 непасрэдных яго ўдзельнікаў, выбітныя творчыя сілы краіны, акрэдытаваныя на Беларусі дыпламаты. Доўгачаканым госцем, які атрымаў у Гродне пастаянную прапіску, стаў і… Давыд Гарадзенскі. Помнік знакамітаму ваяру, чый вобраз скульптар Сяргей Аганаў увасобіў у больш як трохметровай гранітнай глыбе, быў адкрыты ўчора ля замкавых валоў. А ў цэнтры Гродна, які ператварыўся ў вялізную арт-пляцоўку, і зараз можна пераканацца, што карагод і сяброўскія абдымкі — з’явы роднасныя.

/i/content/pi/cult/694/15240/1.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Летні фестывальны сезон пачынае свой імклівы ход: у мінулую суботу ў Мінску ладзіўся Х Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет”, а ўжо ў гэтыя выхадныя эпіцэнтрам фестывальнага руху стаў Гродна.

Пачаўся фестываль традыцыйным шэсцем увечары 1 чэрвеня ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай, дзе адбылася цырымонія адкрыцця форуму. А да гэтага ў горадзе над Нёманам прайшла пасадка дрэваў на Алеі сяброўства і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу СМІ.

А сёння, на другі дзень фэсту, цэнтр Гродна ператварыўся ў суцэльную пешаходную зону, на якой ладзяцца розныя імпрэзы, конкурсы, інтэрактыўныя акцыі. Цікава, што галоўнай пляцоўкі сёлета няма. Міжнацыянальная сцэна размясцілася на плошчы Савецкай. А другая цэнтральная плошча — Леніна — стала беларускім падворкам з удзелам лепшых творчых калектываў з усіх абласцей краіны. Яго з’яўленне — адна з навацый гэтага фестывалю.

Менавіта на беларускім падворку сёння прайшоў міжнацыянальны флэшмоб пад назвай “Абдымем разам Беларусь” — адна з галоўных адметнасцей і навінак фестывалю. Вакол плошчы Леніна быў зладжаны вялізны карагод — “абдымкі” фестывальнай Беларусі, сімвал еднасць усіх народаў, якія пражываюць у краіне.

Асаблівасцю сёлетняга форуму стане і ўручэнне Гран-пры аднаму з нацыянальных падворкаў, дзе прадстаўнікі розных этнасаў знаёмяць гасцей са сваёй культурай і традыцыямі.

— Журы мае ацаніць усе адметнасці кожнага з 19 прадстаўленых на фестывалі падворкаў, — распавяла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Гэта і нацыянальны каларыт, і афармленне, і прадстаўленыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і цікавы паказ нацыянальных традыцый ды многае іншае.

Між тым, нават сам удзел у прадстаўнічым форуме таксама трэба было заваяваць на конкурснай аснове. Па словах Вольгі Антоненка, у папярэднім адборы прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек. Прадстаўнікі з 69 раёнаў, абласных цэнтраў і Мінска дэманстравалі журы традыцыйную культуру, гісторыю і абрады, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і нацыянальную кухню сваёй гістарычнай радзімы. У выніку былі адабраны 800 удзельнікаў, якія і прыехалі ў Гродна.

/i/content/pi/cult/694/15240/2.JPG— Упершыню ў сёлетнім форуме прадставілі сваю культуру кітайцы, — распавяла Вольга Антоненка. — Акрамя таго, на фэст “вярнуліся” і тыя нацыянальнасці, якія даўно не бралі ў ім удзел — латышы, балгары, мардвіны.

Яшчэ адной навінкай сёлетняга мультыкультурнага карнавалу стане паказ кінафільмаў, уключаны ў начную праграму фестывалю, а таксама 3D-mapping шоу “Палац мрояў” у двары Новага замка. Таксама адбылася і прэзентацыя дэма-версіі прысвечанай фестывалю настольнай гульні ды многія іншыя акцыі.

— Урэшце, магу расказаць пра яшчэ адну адметнасць сёлетняга маштабнага мерапрыемства: у яго рамках быў адкрыты культурна-выставачны цэнтр “Фестывальны”, — распавяла “К” Вольга Антоненка. — Тут размясцілася экспазіцыя, прысвечаная Фестывалю нацыянальных культур.

А заўтра, 3 чэрвеня, пасля двух насычаных падзеямі фестывальных дзён, госці і жыхары Гродна змогуць адправіцца на Аўгустоўскі канал. Тут запланавана тэатралізаванае шэсце, работа падворкаў з дэгустацыяй страў кухні розных народаў і пляцовак нацыянальных гульняў. Як мяркуюць арганізатары, з улікам бязвізавага рэжыму, што дзейнічае ў Беларусі, на гэтым open air захочуць пабываць і шматлікія замежныя турысты, якія такім чынам ушчыльную пазнаёмяцца з усім багаццем культурнай палітры нашай краіны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"