— У сваім праекце я спалучыў два матэрыялы — мёртвы бетон і жывое дрэва, і атрымалася вельмі цікавае сумяшчэнне, — гаворыць Аляксандр Сакалоў. — Уся работа нараджалася на імправізацыі. Мы з маім сябрам днявалі і начавалі ў каледжы, працавалі разам амаль паўтара месяца. Нам дапамагалі ўсе — ад педагогаў да тэхнічак і вадзіцеляў. І вельмі прыемна, што ўсім спадабалася. Мы пакінулі свой след у гісторыі школы, аб чым марыць амаль кожны вучань.
Васіль выплавіў са сталі некалькі прыгожых твораў, якія працягнуліся з першага па трэці паверх на лесвіцы. Тут і яйка, з якога ўсё пачыналася, і кветка, і птушка, а ў фінале — маленькая фігурка жанчыны.
Настаўнік Павел Лявонаў адзначыў на абароне, што гэтыя маладыя людзі — вельмі працалюбівыя і таленавітыя, і выказаў спадзяванне, што ў будучыні іх уклад у скульптуру стане важкім. “Хлопцам ужо цесна ў майстэрні, — гаварыў ён, — ім патрэбна выходзіць на новы ўзровень”.
У складзе дыпломнай камісіі быў загадчык кафедры скульптуры БДАМ Уладзімір Слабодчыкаў. Ён упэўнены, што хлопцы добра падрыхтаваны і маюць усе шанцы паступіць у акадэмію.
Папрацаваць рукамі, адчуць на самой справе, што такое скульптура, — вось што, па яго словах, патрэбна ўсім маладым творцам, гэта навучыць іх хутчэй, чым калі яны будуць праектаваць нейкія аб’екты на камп’ютэры, як зараз робяць многія.
C.Ю.