Бонус заўчаснага лета

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

З маем, пагадзіцеся, нам пашанцавала. Ці не ўвесь месяц прырода прапаноўвала майстар-класы пяшчоты і цяпла. Як бачна па рэдакцыйнай пошце, нашы работнікі культуры напоўніцу выкарысталі бонус заўчаснага лета. Да прыкладу, на базе дзіцячай школы мастацтваў горада Бярозаўка (Лідскі раён) распачаўся другі рэгіянальны конкурс-пленэр “Нёманская зямля”. Да слова, Бярозаўская ДШМ месціцца ў гістарычнай пабудове — у былым маёнтку заснавальніка шклозавода “Нёман” Юліуса Столе.

/i/content/pi/cult/693/15236/22.JPGУ конкурсе прынялі ўдзел юныя мастакі не толькі з Гродзеншчыны, але і з краін Балтыі. Наваколле Нёмана і стала месцам творчага спаборніцтва. Дырэктар Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў Вяслава Сычэўская напісала, што лаўрэатамі першай ступені сталі Аліна Буш (Квасоўка), Ганна Бераснева і Яна Крывеня (Ліда).

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна піша: “25 мая ў выставачнай зале нашай установы пачала працаваць абласная выстава-конкурс майстроў па вышыўцы сарочкі і фартуха “Чароўная нітка — 2018”. У экспазіцыі — узоры вышыўкі на народных строях Лепельскага, Сенненскага, Бешанковіцкага, Дубровенскага, Аршанскага, Глыбоцкага, Браслаўскага раёнаў. І тэхналогіі вышыўкі выкарыстаны самыя розныя: процягам, крыжыкам, мярэжкай, гладдзю, тэхналогіі сакалення, перавіцця. Выставу можна наведаць да канца чэрвеня”.

Наша чытачка з Падсвілля (Глыбоцкі раён) Любоў Нікіціна распавядае пра мясцовы вакальны гурт “Падсвільчанка”, якім кіруе Вольга Лубчонак. І кіраўніка, і салістак аўтар трапна называе сасудамі, якія злучаюцца паміж сабой. Кожны канцэрт “Падсвільчанкі”, пераконвае Любоў Нікіціна, — падзея.

Мураваная Ашмянка — аграгарадок Ашмянскага раёна. Мястэчка калісьці належала роду Дарагастайскіх. У мясцовай друкарні пабачыла свет першае ў краіне навукова-папулярнае выданне “Гіпіка, ці Кніга пра коней”. Аўтар кнігі Крыштаф Мікалай Дарагастайскі. Тыя часіны цяпер нагадваюць толькі рэшткі сядзібы ды частка алеі. Але непадалёк ад Ашмян дзейнічае конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка”. Справа Дарагастайскага працягваецца. 19 мая сельская бібліятэка Мураванай Ашмянкі запрасіла чытачоў на краязнаўчую вечарыну “К.М. Дарагастайскі — вялікі маршалак малой радзімы”. Інфармацыя прыйшла з названай бібліятэкі. Аўтар, на жаль, не ўказаны.

/i/content/pi/cult/693/15236/23.JPGДзяржынская цэнтральная раённая бібліятэка прапанавала Навагрудскай раённай правесці на мясцовым матэрыяле этнаграфічную дыктоўку “Збяры ў сваім сэрцы Беларусь”. Іна Шаўчук, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі, распавядае, што для падрыхтоўкі мерапрыемства была выкарыстана літаратура з краязнаўчага фонда згаданай установы.

Аўгустоўскі канал працягвае мацаваць славу турыстычнага брэнда Гродзеншчыны. Гэтым разам тут прайшоў фестываль-конкурс “Бібліятэчныя таленты зямлі Гродзенскай”. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык пастаралася пераканаць, што бібліятэкары — на ўсе рукі майстры. І са словам умеюць абарачацца, і рамёствамі валодаюць, і ў кулінарыі разбіраюцца.

У Мастоўскім раённым цэнтры культуры прайшоў абласны фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей”. У праекта — дваццацігадовая гісторыя. Пераможцы ўнесены ў банк інфармацыі пра маладых выканаўцаў і будуць рэкамендаваны да ўдзелу ў абласных канцэртах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Грыгаран.

Галіна Гашчук са Століна напісала пра класічны вечар у Радзівілаўскім парку. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч прапанавала гістарычную вандроўку ў арыстакратычныя салоны музычна-літаратурнай вечарыны. Атмасферу пазамінулага стагоддзя ўзнавілі ансамблі танца “Карамель” і “Карагод”, творчыя калектывы Столінскага гарадскога дома культуры, Столінскай і Рэчыцкай дзіцячых школ мастацтваў, раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, аўтар праекта “Жывая кніга” Тамара Круталевіч згадвае, як 17 чэрвеня 1988 года пісьменніца Святлана Алексіевіч сустрэлася з бярэзінскімі кнігалюбамі. На той час папулярнай была яе кніга “У вайны — не жаночы твар”. 23 мая бягучага года, распавядае аўтар, бібліятэчны тэатр аднаго акцёра прапанаваў чытачам аграгарадка Лешніца маналогі герояў кніг пісьменніцы.

Новы краязнаўчы буклет падрыхтавала Браслаўская цэнтральная бібліятэка. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч і дырэктар ЦБС Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская паведамляюць, што буклет гэты з’яўляецца своеасаблівай краязнаўчай азбукай Браслаўшчыны. Тут у алфавітным парадку прыведзены звесткі аб 45 адметнасцях краю: гістарычных, культурных, прыродных, пра вядомых ураджэнцаў, пра падзеі і мясціны, пра святы і паселішчы… Да прыкладу, можна даведацца, адкуль пайшла назва вёскі Яя, чым адметны касцёл у Відзах, пра асаблівасці возера Цно. Кожны з артыкулаў азбукі дапоўнены ілюстрацыяй і вершаваным эпіграфам. У планах бібліятэкараў — праца над наступнымі выпускамі азбукі. Рэалізацыя гэтага праекта — адзін са складнікаў краязнаўчай эстафеты “Беларускае! Роднае! Сваё!”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"