Аўдыя & Відэа

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Красавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць: гітарыст, кампазітар, гукарэжысёр Леанід НАРУШЭВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны журналіст Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/693/15233/opt.jpegГурт “Закон Гука”, міні-альбом “Каін”

А.: Мяркуючы па нешматлікіх пакуль яшчэ інтэрв’ю, гэты гурт пачаў разумець правілы гульні ў беларускім музычным асяроддзі: тут хоць і кожны сам за сябе, але галоўнае — трапіць у правільную тусоўку. Таму добрая беларуская мова, пакладзеная на рамантычны постпанк, робіць сваю справу.

Міні-альбом даволі змястоўны, хоць і пазбаўлены прыемнай вуху старога меламана цэласнасці. Вакаліст Лёкса Кузьмін месцамі не саступае па вобразнасці самому ідалу Ягору Летаву, ва ўсякім разе, мне так здалося. Ну добра, Уладзіміру Селіванаву з “Красных звезд”. Гурт спее. Жадаю яму паўнафарматніка.

B.: Вакальным напорам усё гэта нагадвае піцерскую каманду “Король и шут”, а яшчэ больш дакладна — Міхаіла Гаршанёва — супакой, Госпадзі, яго душу. Але ніякага панка з рускамоўнымі трэш-казачнымі тэкстамі ў рэлізе няма. Просценькі рок, часам з дамешкамі постпанка і гранжа, беларуская мова, песні пра жыццё і лёс. Ёсць прэтэнзіі на нешта цоеўскае, манументальнае, ёсць… Аднак, вельмі сумняваюся, што агульны вынік, — калі калектыў канчаткова /i/content/pi/cult/693/15233/BN_opt.jpegвызначыцца са сваімі стылем і філасофіяй — будзе гэтак жа ўражвальны, як і ў гурта “Кино”.

Гурт :B:N:, альбом “#коджыцця”

A.: Ёсць клубныя гурты, і слухаць іх трэба толькі ў клубах. Такія, ведаеце, песні пра сваё жыццё няшчаснае ці, наадварот, — пра вясёлую жытку ды пад добрае піва з закускамі. А бярозаўскія хлопцы першапачаткова заточаныя на стадыённае гучанне — так у іх атрымалася, энергія ў іх такая. Просценькія гармоніі, але кожнае слова — як перманент ў скуру.

Вельмі роўны, без асаблівых вынаходніцтваў, саўнд. Голас Алеся Лютыча мне здаўся трошкі падобным тэмбральна да Алекса “Стокса” з The Stokes: душа наросхрыст. Хачу дажыць і пачуць іх менавіта на вялікай пляцоўцы кшталту стадыёна “Дынама”.

Выдатны альбом. Бомба, як цяпер кажуць.

B.: Калі я чую ў музыцы якіх-небудзь выканаўцаў чагосьці, кшталту U2, гэтага мне дастаткова для таго, каб прызнаць творчасць артыстаў як мінімум цікавым. Каманда з Бярозы добрая сама па сабе. Ну, а калі ў трэку “#хвалi” ёсць “перагукі” з ірландцамі, для мяне яна добрая ўдвая (другі баявік рэлізу — “#бяжы_за_мной”). А была б і ўтрая, ды наступае бэнд на ўсё тыя ж граблі. Запісана, праспявана, сыграна ўсё на 4+/5, але без неабавязковых рэчаў, цалкам прахадных, ніяк калектыў абысціся не можа. Прафесійныя музыканты запярэчаць мне, што, маўляў, такія кампазіцыі, званыя ў іх асяроддзі цаглінамі, служаць абавязковымі злучнымі звёнамі паміж лепшымі песнямі альбома. Але “цагліны” ў :B:N: ужо занадта ніякія.

/i/content/pi/cult/693/15233/pt.jpegБеларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”,

альбом “Працяг...”

A.: Неяк нават расхваляваўся я, рэцэнзуючы новы дыск легендарнага ВІА: хто я, а хто яны? Усё значнае было створана калектывам пры Уладзіміры Мулявіне, і гэта не абмяркоўваецца. А незлічоныя “песняры” ў розных варыяцыях — усяго толькі кавер-бэнды. Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, шчыра кажучы, таксама ўспрымаецца дваіста. З аднаго боку, усё правільна — захоўваецца баяздольная адзінка, якая на якім-небудзь важным канцэрце або пасяджэнні зможа выканаць штосьці ў стылі “Песняроў”: неабходныя нашай дзяржаве такія заслужаныя і правераныя дзесяцігоддзямі эстрадныя калектывы.

Але з другога… Вось слухаю я новы альбом з жыццесцвярджальнай назвай “Працяг...” — і дзіву даюся. Атрымалася наша любімая салата “Аліўе”. Спачатку такое “Інтра” — заваба кшталту “чаму ж мне не пець” (сам трэк гэты будзе ў самым канцы, да бонуса). Раптоўная “распеўка” такая. Ох ужо гэтыя вакальныя а-ля мулявінскія раскладкі. Яны каго хочаш у зман увядуць. Потым патрыятычная “Я ліцвін” — глядзі, трымаюць хлопцы марку. Праспявана добра. Выдатна сыграна. (Наогул, трошкі адступіўшы, можна сказаць, што ансамбль вельмі моцны ў прафесійным плане. Граюць і спяваюць хвацка. Але хіба толькі што залішне салодкімі галасамі…)

А вось чым далей “у лес”, тым хутчэй я пачаў прагортваць песні адну за другой. Ажно пакуль не ўпёрся ў акапэльную “Паланэз Агiнскага” — як той казаў, наша ўсё. Галасы тут атрымаліся не такімі салодкімі, і вось гэтую песню я захаваю сабе на памяць. Ну, а дыск у цэлым усё ж выглядае як прэзентацыя ад агенцтва забаў: маўляў, “вяселлі, святы, запрашайце. Сапраўдныя “Песняры”.

B.: Вельмі паветраны, кіслародны ў цэлым выйшаў альбом. У асабліва адчувальных слухачоў нават галава можа закружыцца. Ну і яшчэ ў той жа “кошык” эпітэты — атмасферны, празрысты. Душэўны мелодыямі і тэкстамі.

Усё ж, да недахопаў аднясу тое, што цяжка зачапіцца за якую-небудзь асобную кампазіцыю так, каб распісаць яе захопленымі эпітэтамі. Для сябе я вылучыў трэкі “Сокал”, фрагментамі гітарна-драйвовую “А нi чоўна няма, нi моста” і “Чаму ж мне не пець” са смачным джазавым пройгрышам. I расчуліў тыповы для савецкай эстрады напеў “лай-ла, ла-ла-ла” ў песні “Няхай цячэ рака” — так і дыхнула “дабрынiнскiмi” шлягерамі 1970-х. Але дадзеная рэч, як і яшчэ адна на рускай мове — “Сыходжу” — мне здаліся трохі “іншароднымі целамі” на гэтым у астатнім беларускамоўным рэлізе.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/693/15233/Nite Nite Nite-3_opt.jpegГурт Nite Nite Nite, кліп на песню SFMO

А.: Ёсць, аказваецца, у Мінску такі сінт-поп гурт Nite Nite Nite. Ну, ёсць і ёсць. Вырашыў ён выпусціць дэбютны відэакліп. Гэта значыць, неяк заявіць пра сябе, каб адразу — на тэлеэкраны і інтэрнэт-каналы. Бо гэтыя андэрграўндныя штучкі — па 10 гадоў сядзець у склепе і, у рэшце рэшт, выціснуць з сябе альбомчык The Best — відавочна, не пра наш выпадак. Што правільна. Тэхналогіі дазваляюць цяпер ствараць наўпрост на каленках выдатныя трэкі, і ў дадзенага праекта нарадзіўся такі — з таямнічай назвай SFMO. Добры, шчыльны трэк. Добра праспявана, нармальна зведзена.

І тут музыкантам падвярнуўся, пэўна, нейкі вiдэакрыэйтар з Жодзіна, які і ўзяўся здымаць нятленку. Паколькі ўсё каштуе грошай, ухіл зрабілі на сяброўства. І запрасілі сябра свайго — віцебскага мастака Аляксея Літвіна стварыць у кадры нейкае пластычнае палатно (а-ля Слава Іназемцаў). Атрымаліся прамыя запазычанні (ці цытаванні — постмадэрнізм, як ні як) з сусветнавядомага кліпа Sia на кампазіцыю Chandelier, толькі замест дзіўна апранутай 11-гадовай дзяўчынкі ў кадры мітусіцца ўтрапёны мужчына. Паколькі ўсё адбываецца на фоне яго майстэрні і арт-цэнтра, мабыць, задача стаяла паказаць перажыванні мастака — магчыма, перад нараджэннем новай карціны. Ды ці мала прычын у мастака мітусіцца ў кватэры напаўапранутым? Больш за тое, гэты ролік, нягледзячы на пэўную безаблічнасць песні, мне спадабаўся больш, чым у спявачкі Sia. Ва ўсякім разе, не выклікаў у мяне пачуцця сораму і няёмкасці...

B.: Калі нашы інды-гурты пачнуць думаць аб камерцыі, а? У добрым сэнсе думаць, і ў яшчэ лепшым — аб камерцыі. Каб, зарабляючы, пускаць сродкі на сваё прасоўванне і далейшую творчасць. Вось жа выдатны трэк запісала сталічная сiнтвэйв-каманда — тое, што трэба для танцпляцаў! Але кліп, з дапамогай якога і можна было б падняцца ў якіх-небудзь беларускіх (а то і замежных) чартах, атрымаўся хоць і стыльным, але... ээээ... голенькім. Мне зразумелы гэты мінімалізм (ідэя?), калі ў роліку акрамя героя (у яго ролі — віцебскі харэограф і мастак Аляксей Літвін, які, на мой густ, валодае выдатнай пластыкай) іншых персанажаў няма: рух у абмежаванай прасторы. Але хоць бы бліжэй да фіналу перанясіце дзею на вуліцу, забяспечце мужчыне падтанцоўку! Выйшла б як у тых імпартных відэа, дзе пад рытмічны шлягер шалее народ. У добрым сэнсе шалее. І выйшаў бы цалкам сабе хіт-кліп. І пайшлі б гурту запрашэнні на выступы. А тое кануць у невядомасць і кампазіцыя, і тэлекарцінка да яе.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"