“Брацтва ратушы” ў стымпанкаўскіх дэкарацыях

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Прэм’ера спектакля “Таямніца старой ратушы” стала шчодрым падарункам гораду ад Магілёўскага тэатра драмы з нагоды ўласнага юбілею.

/i/content/pi/cult/693/15232/18.JPGСпектакль — беларускамоўны. Мо сталічных тэатралаў гэтым і не здзівіш, а вось для Магілёва тое сталася падзеяй! Ужо некалькі гадоў на сцэне мясцовага тэатра драмы не гучала родная мова, ды і з пачатку 2000-х па-беларуску ставіліся хіба лічаныя спектаклі.

Сімвалічна, што п’еса “Таямніца старой ратушы” была ўпершыню пастаўлена на малой радзіме аўтара. Сяргей Кавалёў, які даўно жыве і працуе ў Любліне і ахвотна завітаў у родны Магілёў на прэм’еру, не хаваў крыніц натхнення: старадаўнія беларускія гарадскія хронікі самі па сабе з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі фэнтэзі. Прычым найперш яго натхнялі тыя легенды, што звязаны менавіта з Магілёўскай ратушай — хаця дзеянне магло б адбывацца ў любым з беларускіх гарадоў, які меў магдэбургскае права. Драматург падкрэслівае: для выхавання патрыятызму мы павінны папулярызаваць не толькі вясковы фальклор, але і гарадскую культуру. Бо гэта важная частка нашай гісторыі.

Рэжысёрам выступіў Уладзімір Пятровіч, знаёмы магілёўскаму гледачу пастаноўкамі “Вечар” А.Дударава, “Ноч Гельвера” І.Вілквіста, “Норд-ост” Т.Бухштайнера, “Час сэканд хэнд” паводле С.Алексіевіч.

— Я пагадзіўся ставіць гэтую п’есу, калі яна яшчэ нават не была напісаная! — распавядае ён. — Калі Сяргей Кавалёў прапанаваў мне зрабіць спектакль пра Магілёў на аснове гарадскіх легенд, адразу згадаў поспех колішняй пастаноўкі “Легенда пра Машэку” — крывавую, аднак рамантычную гісторыю пра разбойніка, у гонар якога, паводле адной з версій, наш горад і быў названы. У задуме аўтара мяне адразу прывабілі чарадзействы, замовы, загадкавыя прывіды, якія тэрарызуюць месцічаў.

Адвечная гісторыя барацьбы дабра са злом шчодра прыпраўленая магіяй, інтрыгамі і таямніцамі — невыпадкова жанр спектакля заяўлены як “гарадское фэнтэзі”. Каханне суседнічае з помстай, сяброўства — са здрадай, прага свабоды — з самадурствам уладароў. “Жыве брацтва ратушы!” — паўтараюць героі дэвіз-слоган, заклікаючы жыхароў горада (а таксама і гледачоў) да грамадскай салідарнасці. Фінал неадназначны. Узнёсла гучыць духоўны гімн “Магутны Божа”, пакідаючы надзею на трыумф святла. Але на пераможцаў з грукатам абрынаюцца жалезныя канструкцыі — і адразу з’яўляецца страх за будучыню.

Пастаноўка, адрасаваная перадусім падлеткам і моладзі, займела поспех і сярод інтэлігенцыі. Спектакль атрымаўся вострасюжэтным, дынамічным, відовішчным, са спецэфектамі і нават бойкамі. Без гумару таксама не абышлося. Кат у пастарунку закусвае піцай і распавядае вязню “прафесійны анекдот” пра ўзятую дадому “падпрацоўку”. Госць з Усходу патрабуе ў карчме “фугу, сушы, сакэ”, на што пекная карчмарка прапануе яму фірмовыя стравы мясцовай кухні: “смажаную куру сам-насам” і “вэнджанага селядца на грамаду”.

Дый у візуальным плане старадаўняе-традыцыйнае смела міксуецца з сучаснасцю. Старая ратуша ў сцэнаграфіі Андрэя Меранкова ўзвышаецца пасярод стымпанкаўскіх дэкарацый. У касцюмах Таццяны Лісавенка старадаўнія ўборы шляхты, рамеснікаў і гандляроў спалучаюцца з джынсамі і армейскімі ботамі. Гучаць аўтэнтычныя народныя замовы, у сцэне аўтадафэ абвінавачаная ў чараўніцтве карчмарка сыпле каларытныя праклёны: “А каб вам трасца ў бок, ліха ў плечы, соль у вочы і дзяркач у тое месца, на якім сядзіш!” Дарэчы, многія з гэтых фальклорных уставак былі прыўнесены ў спектакль рэжысёрам і акцёрамі.

— Але лейтматыў дзеі — гэта гісторыя чатырох маладых людзей, якія мусяць адстойваць сваё сяброўства і каханне коштам уласнага жыцця, — дадае Уладзімір Пятровіч. — Героі аб’ядналіся, каб супрацьстаяць Злу, увасобленаму не столькі ў міфічных пачварах, колькі ў несправядлівай, ліхадзейскай уладзе. Галоўны пасыл спектакля ў тым, што перамагчы цемру можна толькі згуртаваўшыся разам, а моц для барацьбы надае любоў.

Вольга СЕМЧАНКА,
загадчык літаратурнай часткі Магілёўскага
абласнога драматычнага тэатра