Дзеці планеты і Брэста

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Днямі ў Брэсце ў трэці раз прайшоў Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Дзеці планеты”. Ён сабраў каля паўтысячы ўдзельнікаў з Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны.

/i/content/pi/cult/693/15230/16.JPGУзроставая мяжа — да 21 года. Ніжэйшай — папросту няма. Бо малодшымі былі групы “да шасці гадоў” (на практыцы атрымлівалася прыблізна з чатырох). Афіцыйных намінацый — шэсць: інструментальнае выканальніцтва, вакал, харэаграфія, тэатральнае майстэрства, выяўленчае мастацтва, цырк. У кожнай — свае асаблівасці і градацыі. Летась заўважылі, да прыкладу, як добра вяла гала-канцэрт шасцігадовая дзяўчынка, і сёлета з’явіўся конкурс “Я — вядучы”.

Гэтак жа ўпершыню ў праграме фестывалю ўзнікла запатрабаваная на сёння пескаграфія. Дарэчы, яна склала аснову сумеснага творчага праекта, ідэя якога нарадзілася ў час форуму і была рэалізаваная літаральна за два фестывальныя дні: песня + мульцік + модны паказ. Песню “Чорнае кацяня” знакамітага брэсцкага кампазітара Уладзіміра Бабкова на словы Вольгі Фядоскінай выконвала лаўрэат конкурсу — юная мінчанка Радаслава Хаменка. Адначасова на экране ішоў “мульцік”, створаны дзецьмі, якія ўдзельнічалі ў майстар-класах па пескаграфіі брэсцкай мастачкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Алены Чавусавай. А Тэатр мод Брэсцкай сярэдняй школы № 1 прадставіў сваю калекцыю “Чорны кот”, зробленую пад кіраўніцтвам Алены Гузарэвіч і Таццяны Давыдавай. Атрымаўся папраўдзе адметны сінтэз мастацтваў! На гала-канцэрце было багата і іншых разыначак.

— Вельмі важна развіваць таленты, падтрымліваць творчыя ініцыятывы, — гаворыць старшыня журы конкурсу, мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і музыкі Аляксандр Козак. — Таму для юных удзельнікаў былі прадастаўлены лепшыя сцэнічныя пляцоўкі горада, вельмі адказна і ашчадна працавала журы. Нашай галоўнай задачай было не падзяліць узнагароды, а падтрымаць творчыя памкненні, не адбіць да іх ахвоту сярод дзяцей і моладзі. Лічу, пераможцамі сталі ўсе. Бо галоўная перамога ў жыцці — над самім сабой. А нашы канкурсанты адарваліся ад гаджэтаў, камп’ютарных гульняў, ад пустога марнавання часу — і заняліся творчасцю. Можа, у далейшым яны абяруць іншыя прафесіі, але імпульс, закладзены з дзяцінства, дапаможа ім у любой галіне. Упэўнены, нашы сённяшнія ўдзельнікі вырастуць не бяздумнымі спажыўцамі, а людзьмі, чуйнымі да культуры і мастацтва.

— Конкурс развіваецца і ўдасканальваецца, — сведчыць член журы, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Ганул. — Прыемна, што сёлета на ім гучала шмат беларускай музыкі, тэматычна адпаведнай узросту выканаўцаў: творы Алены Атрашкевіч, Аліны Безенсон, Яўгена Глебава, Генадзя Ермачэнкава, Эдуарда Зарыцкага і многіх іншых нашых кампазітараў. Дзеці пасябравалі, і ў будучым гэта можа прывесці да ўстойлівага творчага супрацоўніцтва — паміж прадстаўнікамі як розных краін, так і розных відаў мастацтваў. Пашыраецца інтэрнэт-удзел, які апошнім часам практыкуецца на многіх падобных спаборніцтвах. Галоўнае, каб бацькі і настаўнікі не пеставалі ў сваіх выхаванцах “зорную хваробу” і звязаныя з ёй крыўды — а яны ўзнікаюць асабліва тады, калі на конкурсе больш высокага рангу і ўзроўню былыя перамогі не пацвярджаюцца. Ну, а Брэсту хочацца пажадаць, каб “Дзеці планеты” разам з іншымі фестывалямі ды конкурсамі, што праводзяцца тут, не толькі актывізавалі культурнае жыццё рэгіёну, але і станавіліся трывалай часткай гарадской інфраструктуры. Правядзенне такога шырокамаштабнага мерапрыемства з’яднала намаганні дзяржаўных і прыватных структур, сфер культуры і турызму. Упэўнена, тут яшчэ шмат патэнцыйных магчымасцяў: да дзіцяча-юначага фестывалю-конкурсу маглі б больш шырока далучыцца вытворцы і гандляры кніг, цацак, разнастайнай падлеткавай атрыбутыкі. Ад такога супрацоўніцтва карысць можа быць узаемнай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"