Бураціна лунае ў няпэўнасці

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Х Міжнародны фестываль тэатраў лялек прапанаваў дасведчанай публіцы цікавую палітру замежных калектываў, аднак найбольш уразіў менавіта нацыянальнай праграмай. Форум пацвердзіў: у Беларусі як нідзе шмат выдатных рэжысёраў, розных па почырку і кірунках мастацкіх пошукаў, але з аднолькава высокім патрабаваннем да сваёй прафесіі.

/i/content/pi/cult/693/15229/14.JPGУ пошуках лялек

Замежная праграма папярэдняга фестывалю вылучалася разнастайнасцю мастацкага вырашэння, прапаноўвала знаёмства з лялькамі розных сістэм — аж да такой рэдкай для сучаснага тэатра марыянеткі, уздымала гледача на новы ўзровень даследавання тэм, і часам даволі нечаканых — як, напрыклад, далікатная размова з дзецьмі пра прыняцце смерці блізкіх людзей. Сёлетняя панарама запрошаных спектакляў атрымалася куды аскетычнейшай.

У вочы кідаўся лабараторны характар некаторых пастановак. Напрыклад, іспанская кампанія Zero en Conducta прывезла ў Мінск эцюдныя замалёўкі пад правакацыйнай назвай “Хутка, але не занадта”. Аўтар, рэжысёр, мастак і акцёр спектакля Хасэ Антоніа Пучадэс прапанаваў пантамімны танец з аб’ектамі. Акцёрскі дуэт браў публіку юнацкай шчырасцю эмоцый, якія так часта скочваліся ў пацалункі.

Зусім малады калектыў Puppet’s Lаb з Сафіі ў клубах тэатральнага дыму прапанаваў шмат неблагіх пластычных эцюдаў на тэму цыклічнасці і бессэнсоўнасці чалавечага жыцця. У параўнанні з іспанцамі ў балгарскім “Я, Сізіф” з’явілася больш лялек (дызайнерскія — як напісана ў праграмцы — вышукі Марыеты Галамехавай).

Грунтоўней выглядаў монаспектакль “І ён сказаў…” групы Ariya з Тэгерана. Традыцыйны іранскі тэатр тут паўстаў у ракурсе новага мыслення, бо для ўсходняй краіны сапраўдным прарывам сталася магчымасць распавесці гісторыю, у цэнтр якой змешчана жанчына. Спецыфічная для нашага менталітэту пастаноўка прадэманстравала атмасферную працу з лялькай.

Віртуознае майстэрства лялькаводаў можна было пабачыць у французскай пастаноўцы Ubu’s кампаніі Pupella-Nogues. Падаецца, у тым заслуга актрысы з расійскімі каранямі Паліны Барысавай. На жаль, моцнае ўражанне пакінулі толькі мізансцэны, у якіх і ўдзельнічала адзіная ў спектаклі лялька — свіння, якая марыла пра ўладу любой цаной.

Сапраўды страпянуў пачуцці гледачоў і выклікаў прафесійны інтарэс тэатральнай супольнасці дзіцячы спектакль “Маленькі кравец” ізраільскага Train Theater. Аўтар, рэжысёр, мастак, выканаўца Орнан Брэер насыціў сцэнічнае дзеянне незвычайнымі візуальнымі рашэннямі: скажам, швейная машынка ператваралася ў хутканогага каня, а з сантыметру раптоўна лілася музыка. Уражвала далікатная праца з самымі маленькімі наведвальнікамі, уменне нягучна, запаволена (у супрацьлегласць памылковаму погляду, што сучасныя дзеці выключаюцца, як толькі на сцэне перастае ўсё мільгацець, блішчаць і скакаць), на паўтонах і шчырай інтанацыі ўцягнуць малечу ў суперажыванне гэтай адносна архаічнай гісторыі.

І тут не магу не звярнуцца да пастаноўкі для гэтага ж узросту Беларускага тэатра “Лялька”. Рэжысёру Віктару Клімчуку не ўдалося справіцца з пяшчотным матэрыялам “Умкі” менавіта праз прагу да шматлікіх светлавых, шумавых, танцавальных эфектаў. Нават маці-мядзведзіца, якая паводле тэксту павінна далікатна ўводзіць у жыццё няўрымслівага сыночка, чамусьці атрымала ў віцябчан празмерна агрэсіўную афарбоўку.

Міфалагемы сучаснай Беларусі

Гомельскі абласны тэатр лялек прывёз прысвечаную стагоддзю дадаізму камедыю “Пліх і Плюх” па аднайменнаму вершу Вільгельма Буша. Арганізатары крыху перастрахаваліся, прызначыўшы дзіцячаму спектаклю Юрыя Дзівакова катэгорыю “12+”, але, мяркуючы па рэакцыі залы, напоўненай малодшымі школьнікамі, хваляваліся дарэмна. Дзеці адразу прынялі правілы гульні, зададзеныя рэжысёрам. Зразумела, яны не спасціглі глыбіню адсылак да авангардысцкай плыні, што былі прыхаваны ў адмысловай — а ці можна было чакаць іншага ад гэтага рэжысёра? — ігры акцёраў, у іранічным візуальным шэрагу Таццяны Дзіваковай. І ўсё ж гамяльчане падарылі шыкоўны прыклад таго, як можна арганічна распавесці дзецям пра неабсяжнасць свету мастацтва.

Увогуле, беларускія тэатры на фоне замежных калег вылучаліся пошукамі арыгінальных формаў. Алег Жугжда выправіў у сталіцу “Пазалочаныя ілбы” з лялькамі, сабранымі з элементаў кухонных рэчаў. Спектакль, на фестывальны лёс якога Гродзенскі абласны тэатр надта і не разлічваў (усё ж, ён ставіўся да бенефісу акцёра Васіля Прабадзяка), дастаткова выразна прагучаў у Мінску.

/i/content/pi/cult/693/15229/15.JPGТры тэатры заявілі ў праграму спектаклі з удзелам мастачкі Таццяны Нерсісян. Вось прыклад, на якім трэба вучыць студэнтаў-сцэнографаў: як мастак у супрацоўніцтве з рознымі рэжысёрамі вынаходзіць арыгінальныя канцэпцыі, у якіх няма месца паўторам і самацытаванню. “Новая зямля” ад Аляксандра Янушкевіча (Брэсцкі тэатр лялек) вылучалася міфалагізацыяй нацыянальнага побыту, “Сіняя-сіняя” ад Ігара Казакова (Магілёўскі абласны тэатр лялек) прыцягвала спалучэннем матэрыялаў і паэтычнасцю падачы, блокбастар ад Матэа Сп’яцы “Пансіён “Belvedere” (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек) прадэманстраваў, як арганічна мастацкія традыцыі камедыі дэль артэ могуць пераносіцца на айчынную глебу.

Прадказальна цяжэй за ўсё было прарвацца на спектаклі Аляксея Ляляўскага, прывезеныя пецярбургскім праектным тэатрам Karlsson Haus. Аляксей Анатольевіч прадставіў сталічнай публіцы, якая паспела засумаваць па новых работах майстра, бясстрасна вывераны, на дзіва ілюстрацыйны WANTED HAMLET па п’есе Марсэля Крэмера, а таксама “Біяграфію” — асацыятыўную версію “Брыдкага качаняці” Андэрсена, у якой (на жаль, не без залішняй мітусні форм і слоў) рэжысёр выйшаў на тэму непатрэбных краіне людзей: калі творцы, што не ўпісваюцца ў зададзеныя кімсьці рамкі, так і не атрымліваюць магчымасці ператварыцца ў лебедзяў.

Самай чаканай падзеяй фестывалю стала прэм’ера новага спектакля Яўгена Карняга “Сёстры Граі”, пастаўленага ў Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка”. Папярэдняя інфармацыйная хваля сыграла з маладзечанцамі нядобры жарт. У перапоўненай зале цяжка было арганічна ўспрымаць гэтую гіпнатычную па сваёй мастацкай форме і ўнікальную па рэжысёрскай задуме работу, якая адмыслова замкнёная ў маленькай прасторы — гэткай павялічанай батлейцы. Але нават у такіх не самых спрыяльных умовах “Сёстры Граі” сталі перлінай фестывалю, да якой ужо прыглядаюцца арганізатары іншых форумаў, у тым ліку і замежных.

Як бачым, Беларусь — унікальная краіна: толькі нам не хапае пальцаў рукі, каб пералічыць усіх лялечнікаў, што на нашых вачах робяць гісторыю еўрапейскага тэатра. Але частка з гэтых рэжысёраў знаходзяцца па-за бесперапынным тэатральным працэсам. Як з сумам зазначыў на адным з абмеркаванняў Аляксей Ляляўскі: “Я мару, каб дырэктары айчынных тэатраў адрывалі таленавітую моладзь з рукамі, забяспечваючы яе планамі на тры гады наперад. Добра, што, напрыклад, Дзівакова паклікаў да сябе на пастаноўку Гомель, а Карнягу далі сваю сцэну сталічны РТБД і Маладзечна. Але гэта разавыя акцыі, і неардынарныя рэжысёры не маюць упэўненасці ў будучым. Шкада, бо тут ёсць пагроза для айчыннага мастацтва ўпусціць час”.

Што будзе потым?

Звычайна на закрыцці хочацца пачуць нешта накшталт “Да сустрэчы на гэтым месцы ў наступны раз”. Але сітуацыя з адзіным у краіне лялечным форумам нагадвае балансаванне на канаце: адбудзецца ён ці не, залежыць ад вельмі многіх фактараў, у тым ліку і фінансавых. Мне шчыра незразумела, чаму Бураціну, які лунае на яго эмблеме ўжо 28 гадоў, трэба шторазу даказваць сваё права на існаванне.

За гэты час узгадавалася публіка, якая ловіць старт продажу білетаў на лепшыя спектаклі двухгоддзя і дакладна ведае, чым візуальная паэтычнасць Карняга адрозніваецца ад шчымлівай лірычнасці Казакова, якіх авангардных прысмакаў чакаць ад Дзівакова, лёгка пераходзіць на хвалю іранічнасці Янушкевіча і рыхтуецца да расшыфроўкі інтэлектуальных кодаў Ляляўскага. Людзі, якія падыходзяць з падзякай да артыстаў і казыраюць успамінамі аб яскравых замежных калектывах першых фестываляў, беспамылкова прыгадваюць даты і месцы паказу тых гучных выступленняў. Ці трэба перапыняць традыцыю?

Ды і самім калектывам дзе, як не ў абдымках форуму, паглядзець адзін на аднаго і шчыра прызнацца сабе, у чым ты не дацягваеш і ў якім кірунку яшчэ не спрабаваў свае сілы. Вядома, навучанне не заканчваецца на моманце атрымання дыплому, але дзе рэжысёру і акцёрам атрымліваць стымул для росту над сабой? Канешне, ёсць іншыя фестывалі і конкурсныя праграмы для лялечнікаў у замежных праектах. Але толькі на мінскім форуме можна пабачыць за кароткі тэрмін усё лепшае ад усіх без выключэння айчынных калектываў.

У маім ідэалістычным уяўленні малюецца прызнанне Міжнароднага фестывалю тэатра лялек адным з мерапрыемстваў першаснай важнасці для краіны. Тады ён будзе мець сталае бюджэтнае фінансаванне. А прывітальныя словы з фестывальнага буклета пра форум як неад’емную частку культурнага жыцця нашай сталіцы набудуць рэальны падмурак.

Лялечнае мастацтва ўмее ператвараць мроі ў рэчаіснасць. Буду спадзявацца, што пад яго ўплывам і гэтыя надзеі наконт будучыні фестывалю набудуць рэальныя абрысы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"