Ноч і драйв ужо не тыя

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Воляй лёсу падчас сёлетняй Ночы музеяў я патрапіў у Ок16 акурат у той момант, калі архітэктар і культуртрэгер Георгій Заборскі казаў у сваёй лекцыі пра агульны досвед, які ўзнікае ў свядомасці людзей дзякуючы тым ці іншым творам мастацтва, становячыся глебай для кансалідацыі. Вось як раней, калі глядацкая аўдыторыя тых ці іншых фільмаў (скажам, “Чапаеў”) вымяралася пакаленнямі. Сёння такіх культурных з’яваў ужо практычна няма: кіно ў кожнага сваё. І таму, як сцвярджае лектар, агульны досвед трэба ствараць наўмысна. Здавалася б, папулярная міжнародная акцыя — найлепшая для гэтага магчымасць. Але…

/i/content/pi/cult/693/15228/_MG_8589-44444444_opt.jpegНоч музеяў ужо не тая. Яшчэ пару гадоў таму ёй быў уласцівы наплыў “няпрофільнай публікі”. Цяпер праблема адваротная і куды больш звыклая: як прывабіць аўдыторыю? Флагманаў гэта асабліва не тычыцца (чарга каля Нацыянальнага мастацкага была не нашмат меншай, чым у мінулыя гады), але раней натоўпы збіраліся ці не ля кожнага музея. Цяпер ужо не.

Адсякаць “лішніх людзей” (што на пачатку зазвычай рабілася з дапамогай узмоцненых пастоў міліцыі, потым — дарагіх квіткоў, і ўрэшце — рафінавана-эстэцкай і наўмысна-занудлівай праграмы), сёлета не спатрэбілася наогул. “Лішнія людзі” проста не прыйшлі.

У прынцыпе, гэта вытлумачальна. У той нядаўні час, калі мы далучыліся да Ночы музеяў, на Беларусі паўсюдна адчуваўся сапраўдны голад на нестандартныя “івэнты” і проста тусоўкі. Але літаральна за апошнія гады ўсё змянілася. Прапанова стала перавышаць попыт, і “нямэтавы глядач” цяпер праводзіць той вечар у адным з бараў “на Зыбе” альбо яе адпаведніку, якія паназ’яўляліся ці не ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

Тым болей, некаторыя музейшчыкі вельмі па-свойму адрэагавалі на абвінавачванне ў “балаганнасці” і “папсовасці” — і сталі ўтрапёна вынаходзіць антыдот. У выніку, замест карнавальнага тлуму і моцных хэдлайнераў, наведвальніку прапануецца нешта адваротнае. І яму гэта, відавочна, не падабаецца. Усё ж, як ні круці, Ноч музеяў успрымаецца нашым народам як свята. А культуралагічная лекцыя а трэцяй ночы — задавальненне так сабе.

І ў выніку Ноч музеяў рызыкуе канчаткова страціць сваю колішнюю шалёную папулярнасць ды патануць на пярэстым тле розных іншых імпрэзаў. Іх асартымент у Мінску вялікі, але той самы агульны досвед яны не забяспечваюць. Хутчэй, адбываецца нейкая дысперсія і высілкаў і, адпаведна, глядацкага досведу.

Менавіта таму вельмі важная кансалідацыя высілкаў музейных і калямузейных устаноў. Але пры гэтым не менш істотна і ствараць у кожнай з іх належную крытычную масу, зграбаючы ў адну праграму як мага больш розных творчых сіл. Балазе, у Беларусі гэта магчыма: людзі мастацтва вельмі рады, калі іх кудысьці запрашаюць. І зазвычай нават не пытаюць пра ганарары.

Балет і канцэрт класічнай музыкі ў пашарпаным заводскім цэху — гэта па-свойму цікава. Аднак было б вельмі здорава, каб па суседстве рабілася нешта іншае — можа, падобнае, а можа, і кантраснае. Менавіта моцная канцэнтрацыя энергіі на квадратны метр плошчы і здатная стварыць той агульны досвед, магчымасць атрымаць які прымусіць гледачоў устаць з канапаў ды барных крэслаў.

Але, канешне, найперш для гэтага трэба, каб у саміх музейшчыкаў зноў з’явілася адчуванне здаровага драйву ды памкненне зрабіць у гэтую ноч нешта сапраўды незвычайнае.

І яшчэ. Перакананы, што рана ці позна Ноч музеяў зноў стане акцыяй не камерцыйнай, а менавіта культурна-асветніцкай — як тое і было ад пачатку. Бо менавіта на гэтай ніве музейныя ўстановы — па-за канкурэнцыяй, і ніякі бар “на Зыбе” іх не заменіць.