А бабулька — амаль сапраўдная!

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

У большасці нашых музеяў цішыня парушаецца толькі з нагоды нейкіх акцый кшталту адпаведнай ночы. Ды, як падаецца, варта імкнуцца зачапіць наведвальніка за жывое і ў буднія дні. Пра тое, як гэта зрабіць, сёння задумваюцца музейшчыкі ўсяго свету.

/i/content/pi/cult/693/15227/12.jpgФота Руслана АНАНЬЕВА

Будучы ў Стакгольме, зайшла ў Музей Сярэднявечча — дарэчы, бясплатны, як і многія музеі Швецыі. Ён узнік, можна сказаць, выпадкова: збіраліся будаваць падземную паркоўку, але натрапілі на археалагічныя знаходкі. Уласна “музейных каштоўнасцяў”, якія павінны захоўвацца пры пэўных умовах (і якія, зразумела, нельга чапаць) тут няшмат. Але асабіста вас, да прыкладу, хвалююць чарапкі-абломкі-рэшткі, што знаходзяцца пад шклом? А вашых дзяцей?

Згаданы музей вабіць іншым: ён стварае саму атмасферу. Дазваляе, бы на машыне часу, перанесціся ў далёкую ад нас эпоху і пабываць у сярэднявечным горадзе, населеным жыхарамі. Ніякіх асобных пакояў — вялізны “ангар”, падзелены на зоны. Набліжаючыся да чарговага аб’екта, ты яго не толькі бачыш, але і чуеш: праз царкоўныя песняспевы, выццё ветру, цокат капытоў, бразганне зброі. Чалавечыя фігуры і прадметы побыту выглядаюць настолькі натуральна, што ў нейкі момант я канчаткова страціла адчуванне рэальнасці.

У тым музеі я сустрэла толькі адзін забараняльны надпіс: над сталом унутры цаглянага дома, куды можна ўваходзіць (зразумела, гэты будынак — “навадзел”, але цалкам “у стылі” даўніны) былі намаляваны перакрэсленыя міска ды кубак: маўляў, просьба тут не бяседнічаць.

Экскурсаводаў і арміі ахоўнікаў — таксама няма. Пры жаданні вы можаце скарыстацца навушнікамі з аўдыёгідам, але і без таго перад вамі — “ажыўлены” падручнік гісторыі, вывучаць які зусім не сумна.

Дарэчы, з якога ўзросту дзеці дапускаюцца ў музей? У Дрэздэнскай мастацкай галерэі ды ў іншых музеях Германіі, Аўстрыі, Італіі часцяком сустракала маладыя сем’і з каляскамі ці слінг-заплечнікамі з немаўлятамі. Праўда, трох- пяцігадовым наведвальнікам там было б нецікава: не думаю, што яны нароўні з дарослымі “вывучалі” б экспазіцыю. А вось у Гарадскім музеі Хельсінкі ім спадабалася б дакладна. Туды можна прыходзіць усёй сям’ёй ці сяброўскай кампаніяй, прычым на ўвесь дзень — і кожнаму знойдзецца справа. Бо музей — гіперінтэрактыўны.

Кожны з пакояў прысвечаны хельсінкскаму гарадскому жыццю пэўнага гістарычнага перыяду. Усё можна памацаць, патрымаць, з усім пагуляцца. Муляжы адпавядаюць арыгіналу навобмацак: бульба — цвёрдая (хай і з пенапласту), рыба — крыху слізкая і больш мяккая (гумовая), хлеб — “свежы” (з паралону). Ты здатны ўявіць сябе рыбаком, шаўцом, гандляром, пагуляць з цацкамі ранейшых часоў, пасядзець за партамі ХІХ стагоддзя, папярэдне атрымаўшы заданне. Ёсць асобны пакойчык, дзе ўсё ўбачанае можна перанесці на сцэну, зладзіўшы аматарскі спектакль. Для гэтага маюцца і сцэнічныя строі, і рэквізіт, і пальчыкавыя лялькі.

/i/content/pi/cult/693/15227/13.jpgЗазірнуўшы ў чарговы пакой і ўбачыўшы там сталага веку жанчыну за вязаннем, аўтаматычна прашу прабачэння: пэўна, я выпадкова патрапіла ў кабінет супрацоўнікаў. І чую ў адказ на ламанай рускай: заходзьце, калі ласка, у госці да бабулі. Тыповы інтэр’ер сярэдзіны мінулага стагоддзя з абавязковай шафай-сценкай і маленькім “пузатым” чорна-белым тэлевізарам “аздоблены” адпаведнага выгляду супрацоўніцай. Яна і казку можа распавесці (на некалькіх мовах), і паразмаўляць з малечай бы родная, і гарбатай пачаставаць.

На апошнім паверсе — гарадская культура сучаснасці, дзе ўвекавечаны музычныя гурты перыяду міленіуму. Націснуўшы на адпаведную кнопку, можна паслухаць іх кампазіцыі.

Не менш яркім маім уражаннем стала інтэрактыўная гістарычная карта Хельсінкі. Спачатку яна амаль пустая, але вектар часу няўмольна паўзе злева направа, “чысты аркуш” пачынае напаўняцца датамі, малюнкамі, графікамі — за пару хвілін ты ўвачавідкі пражываеш некалькі стагоддзяў. Ёмістыя карцінкі-сімвалы з датамі надоўга ўразаюцца ў памяць. І не хацеў бы, ды гісторыю горада вывучыш! Адпаведна, крэатыўны падыход у музеі магчымы не толькі ў пэўныя даты.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"