Адпавядаць статусу “Нацыянальны”…

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

У Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў новы дырэктар — мастак Сяргей Крыштаповіч. На працу ён афіцыйна заступіў напрыканцы мінулага тыдня. Часу на тое, каб скласці падрабязную праграму дзейнасці цэнтра, зразумела, не было. Так што на прэс-канферэнцыі 23 мая гаворка ішла не столькі пра рабочую канкрэтыку, колькі пра тыя прынцыпы, якімі дырэктар і ягоная каманда будуць кіравацца дзеля таго, каб творчыя акцыі НЦСМ мелі большы грамадскі розгалас і уплыў на культурны працэс. Каб статус нацыянальнага рэальна адпавядаў маштабу дзейнасці цэнтра.

/i/content/pi/cult/693/15224/6.jpgАле першая пытанне, якое прагучала на прэс-канферэнцыі, было вельмі канкрэтным: можа, варта скарэктаваць час работы пляцовак цэнтра такім чынам, каб людзі, ідучы ўвечары з працы, паспявалі і выставы паглядзець? Спадар Сяргей адказаў, што над гэтым, безумоўна, варта падумаць. Зыходна выставы, якія тут ладзіліся, маглі зацікавіць хіба досыць вузкае кола гледачоў, так ці інакш задзейнічаных у мастацтве. Такія заўжды знойдуць час наведаць выставы. Сёння ж, калі цэнтр адбыўся як чыннік культурнай прасторы, пашырылася і ягоная аўдыторыя за кошт асоб, у якіх цяга да мастацтва выяўлена не так выразна. Гэтую акалічнасць трэба браць да ўвагі і ісці людзям насустрач.

Адзначыўшы, што экспазіцыі цэнтра сёння маюць камерны характар, спадар Крыштаповіч выказаў спадзяванне, што цэнтр з часам тэрытарыяльна пашырыцца, атрымае новае абсталяванне і будзе здольны пазнаёміць грамаду з тымі мастацкімі з’явамі, праектамі і творамі, якія ў існыя залы проста не ўплішчыш.

На думку спадара Сяргея, мастацтва — найважнейшы чыннік нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, якую мы мусім сцвердзіць на глабальным узроўні. Гэта мэта, дарэчы, дэклараваная і кіраўніцтвам краіны. Сцвярджаем жа мы свой імідж і праз сучаснасць, і праз гісторыю. Сяргей Крыштаповіч лічыць, што даўно пара давесці блізкаму і далёкаму замежжу беларускі характар Віцебскага авангарду 1920-х гадоў, які некаторыя з нашых суседзяў ставяць пад сумнеў. У справе абароны сваёй гістарычнай спадчыны нам варта дзейнічаць больш рашуча, перакананы ён. Авангард таго часу Сяргей Крыштаповіч называе “касмічным” і вельмі сугучным нашай рэчаіснасці. На ягоную думку, сэнс творчасці Шагала і Малевіча насамрэч адкрываецца нам толькі сёння.

Як кожны мастак, спадар Сяргей мае сваю каштоўнасную шкалу, але як дырэктар Нацыянальнага цэнтра будзе падтрымліваць кожны творчы імпульс, карысны для культурніцкай справы. На яго думку, беларускія мастакі сёння валодаюць тым творчым патэнцыялам, з якім можна заваёўваць свет, а для пачатку — блізкае замежжа. Цэнтр будзе і надалей шчыльна супрацоўнічаць з прыватнымі спонсарамі і замежнымі амбасадамі, найперш — дзеля абмену выставамі.

Дырэктар цэнтра хацеў бы бачыць сябе ў коле аднадумцаў. Гаворка ідзе не толькі пра штатных супрацоўнікаў, але і пра гіпатэтычную грамадскую кансультатыўна-экспертную раду пры НЦСМ, якую б складалі асобы, неабыякавыя да стану і перспектыў нашага мастацтва. Спадар Крыштаповіч, у прыватнасці, прапанаваў увайсці ў склад рады скульптару Канстанціну Селіханаву і мастаку па тэкстылі Але Непачыловіч, каб прадстаўляць інтарэсы сваіх творчых цэхаў.

Новы кіраўнік настроены на тое, што яму давядзецца вырашаць няпростую задачу: ва ўмовах новых хваляў аптымізацыі дамагчыся пашырэння штату цэнтра, бо гэта неабходна для выканання амбіцыйных задач.

Дырэктар лічыць, што на экспазіцыйных плошчах цэнтра не варта рабіць выставы, якія доўжыліся б больш за два тыдні. Хуткая ратацыя экспазіцый паспрыяе таму, каб беларускае і замежнае мастацтва было прадстаўлена як мага шырэй.

Напрыканцы гутаркі Сяргей Крыштаповіч выказаў меркаванне, што цэнтру мае сэнс працаваць з усім абшарам сучаснага беларускага мастацтва, а не засяроджвацца выключна на пэўных яго феноменах.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"