“Танец ветру” над Браславам

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

26 — 27 мая ў Браславе мае адбыцца Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Да яго арганізацыі cпрычыніліся выканаўчыя камітэты Браслаўскага раёна і Віцебскай вобласці, а таксама Міністэрства культуры краіны.

Браслаўскія азёры, якія самі ёсць шэдэўр прыроды, заўжды вабілі людзей, чулых да прыгажосці. І фестываль, што праходзіць на гэтай зямлі, таму сведчанне. Летась ён адзначыў 50-гадовы юбілей. З 2009 года фэст мае міжнародны статус. Свята распачнецца сёння а 17 гадзіне з урачыстага шэсця. Каля тысячы чалавек возьмуць удзел у конкурсе харавых калектываў Віцебшчыны. Адбудуцца канцэрты з удзелам прафесіяналаў і аматараў Беларусі, а таксама Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі.

Увечары таго ж дня на старажытным гарадзішчы “Замкавая гара” на фэсце “Меч Брачыслава” збяруцца тыя, хто захапляецца Сярэднявеччам. Сваё бачанне даўняга часу грамадзе прадэманструюць клубы гістарычнай рэканструкцыі, вулічны тэатр “Гістрыён” і фолк-група “Літы Талер” з Мінска.

Заўтра адбудзецца заключны гала-канцэрт і выступленне ганаровых гасцей фестывалю — Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. Як мае быць на свяце, удзельнікаў і гасцей чакае кірмаш, дзе можна набыць і гародніну з садавінай, і прылады для працы і побыту, і аздобу для хаты. Выставу-продаж наладзяць на свяце і прадпрыемствы Браслаўшчыны.

А на развітанне неба над Браславам упрыгожаць паветраныя змеі — гэты конкурс мае паэтычную назву “Танец ветру”. Адбудзецца ён на беразе возера Дрывяты.