Вялікі!

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

25 мая неўміручай “Кармэн” Жоржа Бізэ Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адзначыў сваё 85-годдзе. Менавіта гэтым творам, акурат у той самы дзень, у далёкім 1933-м тэатр афіцыйна заявіў пра пачатак сваёй дзейнасці.

/i/content/pi/cult/693/15221/1.jpgФота Ганны ШАРКО

Між тым, “Кармэн” была пастаўлена ў нас крыху раней — у 1932-м, у так званай Опернай студыі, якая папярэднічала адкрыццю тэатра. Зразумела, тым жа складам пастаноўшчыкаў на чале з дырыжорам Ільём Гітгарцам. У першых беларускіх версіях (оперы спяваліся тады на мове Купалы!) легендарнай Кармэн была Ларыса Александроўская, імя якой носіць Камерная зала тэатра. А трапіла опера ў наш край яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя: у выкананні расійскай /i/content/pi/cult/693/15221/2.JPGгастрольнай трупы яе змаглі паглядзець жыхары Магілёва.

Цяперашняя пастаноўка — ажно восьмая. У дзень народзінаў тэатра галоўную партыю выканала маладая французска-мараканская спявачка Аліма Мамдзі — салістка Вялікага тэатра Жэневы, уганараваная тытуламі “Опернае адкрыццё” і “Малады оперны талент-2013”. Але ёсць і “беларуская Кармэн”, вядомая ці не ва ўсім свеце — знакамітая салістка нашага тэатра Аксана Волкава. Калісьці ў гэтай партыі выступала народная артыстка Беларусі Наталля Руднева, якая цяпер выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Няма такой уладальніцы мецца-сапрана, — гаворыць Наталля Аляксандраўна, — якая б не марыла праспяваць Кармэн. Але ў першай пастаноўцы, дзе я ўдзельнічала (для тэатра яна пятая), мне не надта пашанцавала. Малады амбіцыйны рэжысёр Вячаслаў Цюпа імкнуўся зрабіць усё “не так, як у Бізэ”: героі былі ў клетках, Кармэн памірала ад рукі Мікаэлы — нявесты Хазэ, а той у роспачы тыцкаў ножычкам у насовачку. Памятаю, як рэжысёр мне даводзіў: “Кармэн смяротна баіцца Хазэ!” А як гэта перадаць, калі ў музыцы — усё наадварот? Дый спявалася опера па-руску, а тэкст не схаваеш.

Я адчувала тыя “нестыкоўкі”, яны перашкаджалі мне дасягнуць сапраўднай свабоды выканання. Але праз некаторы час, у сваёй другой версіі, Цюра многае перагледзеў, перарабіў, наблізіў да кампазітарскай задумы — і я палюбіла гэтую партыю. Сёння вельмі шкадую хіба пра тое, што не давялося спяваць яе на гастролях — не нашага тэатра, бо такое было, а ў якім-небудзь іншым, у “чужой” пастаноўцы. Не, прапановы ўзнікалі! Але я адмаўлялася. Разумееце, у Кармэн, як ні ў адной іншай гераіні, павінна быць сапраўдная свабода сцэнічных паводзінаў. Дзесьці — добра падрыхтаваная, дзесьці — імпульсіўна-імправізацыйная. А такое магчыма толькі тады, калі ты цалкам разумееш свайго персанажа.

Я доўга думала над сваёй Кармэн: чаму яна так лёгка здраджвае партнёрам? Чаму так жорстка і безапеляцыйна кідае Хазэ? А ён жа дзеля яе развітаўся з ваеннай кар’ерай — можна сказаць, перакрэсліў сваё жыццё. І я зразумела: Кармэн — моцная жанчына, але шукае мацнейшага за сябе. Хазэ ўявіўся ёй такім: ён адзіны не звяртаў увагі на яе флірт. Але пазней яна ўцяміла, што ён не той, хто ёй трэба. Іншая справа — тарэадор Эскамільё: той не баіцца нічога, нават смерці, як не баіцца яе і Кармэн. Але, на жаль, мне не прапаноўвалі праспяваць у такой “класічнай”, традыцыйнай пастаноўцы, дзе на першым плане былі б не эксперыментальныя рэжысёрскія ідэі “ўразрэз” з музыкай, а псіхалогія герояў, якая і дыктуе іх сцэнічныя паводзіны.

/i/content/pi/cult/693/15221/3.JPG/i/content/pi/cult/693/15221/4.JPGПсіхалагічна дакладным быў спектакль Маргарыты Ізворска-Елізар’евай, але на той час я ўжо выйшла з узросту сваёй гераіні. Так што, як гэта ні дзіўна, маёй улюбёнай Кармэн сталася тая, якая была ў другім спектаклі Цюпы — “з дошкамі”, як называлі тую пастаноўку. Кампазітар Сяргей Картэс — тагачасны дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускай оперы, пры якім нашы оперныя спектаклі ўпершыню пабывалі ў Еўропе, — паставіў задачу зрабіць спектакль так, каб яго можна было без асаблівых цяжкасцяў вывозіць у замежжа. Таму на сцэне былі разборныя фанерныя шчыты, што складаліся ў розныя канфігурацыі і тым самым умоўна змянялі месца дзеяння. Але пры такой сціпласці знешняга ўбрання нішто не адцягвала гледачоў ад салістаў, мы нязменна былі на першым плане. Опера ішла на мове арыгінала — па-французску, а бягучага радка з перакладам на той час не было. І мы павінны былі праз спевы, рухі, эмацыйны стан данесці да публікі сэнс. Вось што было галоўным! І гэта — цікава.

Слухаючы суразмоўцу, я раптам задумалася пра сімволіку лічбаў. Цяперашняя “Кармэн” — восьмая. Наталля Руднева ўпершыню спявала ў пятай. Дзве гэтыя лічбы разам — 85-годдзе тэатра. Паводле логікі, да 90-годдзя павінна з’явіцца дзявятая “Кармэн”?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"