У чаканні “ўважухі” ды аптымістычных навін

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Не раз і не два я рэдагаваў гэты тэкст. Але пачуццё, мякка кажучы, дыскамфорту ад яго канчатковай версіі мяне не пакінула. Фарбы не згушчаў, аднак і не прыхарошваў нічога — як ёсць, так ёсць. Пра сёе-тое пісаць не стаў. Напрыклад, пра заробкі ў гэтым аграгарадку ў не самы насычаны сельскагаспадарчымі працамі перыяд. Хіба дадаў трохі ад сябе аптымізму.

/i/content/pi/cult/692/15216/24.JPGКалі праца грэе

У будынку цэнтра цвецінскай культуры суседнічаюць тры ўстановы — бібліятэка, дом культуры і дом фальклору. Апошні спецыялізуецца на арганізацыі і правядзенні традыцыйных святаў і абрадаў, беражэ і прапагандуе мясцовую аўтэнтыку (танцы, песні, прыказкі, прымаўкi, байкі), вядзе летапіс аграгарадка і прылеглых да яго населеных пунктаў — балазе, там ёсць яшчэ старажылы, здатныя распавесці пра гісторыю краю.

Бібліятэку ўзначальвае Ксенія Красько (па прафесіі — рэжысёр абрадаў і святаў), якая ў захапленні ад сваёй працы. Яна перакананая, што прыносіць людзям святло літаратуры і радасць ад зносін з кнігай. Асноўны склад наведвальнікаў установы — маленькія дзеткі і людзі пенсійнага ўзросту. Падлеткаў прывабіць няпроста: мала яны чытаюць з паперы. Натоўпаў у бібліятэцы, па прызнанні Ксеніі Мікалаеўны, не назіраецца.

— Мае першасныя абавязкі звязаны са справай бібліятэчнай, з краязнаўствам, але каб вы ведалі, як мяне грэе тое, што сюды прыходзяць проста пагутарыць, падзяліцца і са мной, і адзін з адным сваімі праблемамi! — з запалам кажа спадарыня Красько. — І падтрымліваць такую цёплую атмасферу ў нашай установе, якая з’яўляецца нібы другім домам для людзей, я таксама лічу задачай важнай.

Як на злосць, у дзень майго знаёмства з Ксеніяй Мікалаеўнай “грукнуўся” бібліятэчны камп’ютар. А ў абслугоўванні насельніцтва Цвеціна, як паведамляе спадарыня Красько, ён адыгрывае сваю ролю:

— З яго дапамогай я, напрыклад, друкую жыхарам фатаграфіі, што вельмі для іх актуальна: ім не трэба ехаць у райцэнтр — усё тут, побач. Як здымуць яны якую-небудзь сваю ўрачыстасць, знакавую для іх падзею, або як дзеткі растуць — адразу ідуць да нас.

З папаўненнем фондаў тут усё добра. Нават, як прызналася бібліятэкар, ёсць нямала літаратуры, попыт на якую невялікі.

А да Ксеніі Мікалаеўны тут бібліятэкарам працавала Ірына Капуста. Захавальніца старадаўніх рэцэптаў, яна лічыцца ледзь не галоўным кулінарам Цвеціна. Яе “канёк” — бабка, клёцкі, драныя піражкі, бліны з рознай начынкай. Сёе-тое з гэтага “меню” спадарыня Капуста, як удзельніца клуба беларускай кухні “Цвецiнскiя прысмакi”, перыядычна выстаўляе на адпаведных фестывалях, якіх у нашай краіне хапае. І прызавыя месцы яна
выйграе пастаянна.

Чалавек, які гатуе так, што пальчыкі потым абліжаш, а да таго ж яшчэ і спявае ў фальклорным гуртку, не можа не мець уласнага меркавання пра мясцовую культуру, вырашыў я. І таму запрасіў Ірыну Фёдараўну стаць нашым аглядальнікам.

Каментарый Ірыны КАПУСТЫ:

— Ужо ў тую пару, калі я кіравала бібліятэкай, цікавасць да кнігі з кожным годам падала. Што вы хочаце — перш за ўсё людзі сёння заклапочаныя тым, як больш-менш нядрэнна жыць, і якая ўжо тут цяга да літаратуры? На патрабаванае наведванне, якое ў апошні час давалася з цяжкасцю, уплывала і тое, што моладзь з аграгарадка з’язджала. І з’язджае. Ведаю, што маёй зменшчыцы цяпер нялёгка, якія б новыя формы для прыцягнення чытачоў яна ні прыдумляла (такія, да прыкладу, як праект “Літаратурны каляндар” ці літаратурна-музычныя вечары).

Вядома, я дасюль застаюся наведвальніцай бібліятэкі. Радуе тое, што ў яе паступаюць навінкі, але, напрыклад, некаторыя кнігі з беларускай і савецкай класікі ўжо моцна знасіліся. А перавыдаюць такога кшталту літаратуру сёння, як мне здаецца, не так і часта — пераважна да якіх-небудзь памятных дат. Наша бібліятэка мае ў ёй патрэбу.

Ёсць прапанова

Цяжка ў гэта паверыць, але калісьці на сцэне Цвецінскага СДК выступалі “Песняры”, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, не кажучы ўжо пра “зорак” калібрам паменей. Апошні раз сталічны артыст прадэманстраваў тут сваё майстэрства гадоў 20 таму.

Такім чынам, у мяне ўзнікае пытанне. Паважаныя выканаўцы, а як бы гэта ў Год малой радзімы, вось так, з чыстай дабрачыннасці ці па загадзе сэрца, забясплатна адправіцца ў якую-небудзь даўно ўжо прызабытую “высокай эстрадай” вёску і даць у ёй канцэрт? Няўжо вы надта з таго пабяднееце? А калі яшчэ і ў сваю родную вёску з такой місіяй прыедзеце, то будзе вам зусім рэспект і “ўважуха”! Бо публічна рваць на сабе кашулі ў СМІ, кажучы пра любоў да родных каласкоў усе майстры гатовыя ахвотна. А вось са справай як? (Дарэчы, зала ў цвецінскім Доме культуры — выдатная!)

— Шчыра прызнацца, — адкрыта гаворыць дырэктар установы Зінаіда Кадушка, — рукі часам апускаюцца. Для каго мы працуем, навошта, каму патрэбна тут культура — акрамя вельмі абмежаванага кола асоб? Аграгарадок пусцее, старыя сыходзяць, людзі сярэдняга веку ў першую чаргу думаюць пра побыт, чым пра нешта ўзвышанае, моладзь глядзіць у бок гарадоў. Яшчэ дзесяць гадоў таму ў нашых сценах было вельмі шматлюдна, а потым усё нібы паволі пайшло па накатанай, — але ўжо з гары. Таму і маладыя спецыялісты ў нас не затрымліваюцца: заробак у нашай сферы вы самі ведаеце якi, асабліва ў вёсцы. Ды і сумна ім тут. Ці зменіцца што калі-небудзь у лепшы бок? Верыць у гэта вельмі хочацца, але перадумоў для таго я пакуль не бачу. Вядома, мне балюча за сельскую культуру, якую ўжо неабходна адраджаць, але спачатку патрэбныя нейкія дзейсныя крокі па адраджэнні вёсак.

Тым не менш, зусім ужо ў смутак Зінаіда Вікенцьеўна не ўпадае. Яна па-ранейшаму любіць сваю прафесію, любіць людзей, якіх далучае да творчасці, ды і наогул любіць людзей. І бударажыць сваіх аднавяскоўцаў рознымі мерапрыемствамі. Асаблівы яе гонар — згаданы ўжо мною клуб “Цвецiнскiя прысмакi”. А мастацкія калектывы ўстановы ніжэй трэцяга месца ў раённых конкурсах не займаюць.

— Таленты нашы нічога не бярэ! — усміхаецца, хоць і сумна, спадарыня Кадушка.

Каментарый Ірыны КАПУСТЫ:

— У Дома культуры праблема тая ж, што і ў бібліятэкі. У Цвеціна яшчэ ёсць тыя, каму неабыякава наша спадчына, хто знаходзіць час, каб прыйсці ў ДК і пазаймацца ў якім-небудзь з яго фарміраванняў. Душы іхнія гэтага патрабуюць, яны адчуваюць сваю адказнасць за тое, што, калі не будзе каму перадаць народнае мастацтва, яно памрэ. Але людскi касцяк гэты захаваць складана, а пра тое, каб колькасць гурткоўцаў павялічвалася — і зусім марыць не выпадае. Не да “забаў” і высокіх матываў сёння шматлікім жыхарам аграгарадка. Той моладзі, якая пакуль яшчэ не з’ехала, дастаткова інтэрнэту, а дарослым хапае тэлевізара.

Школу нашу аптымізавалі, дзяцей возяць вучыцца ў іншы аграгарадок. А калі яны прыедуць назад — у другой палове дня, — у каго з іх будзе жаданне наведаць гурток у Доме культуры? Супраць вячэрніх заняткаў і бацькі: яны хвалююцца, як іх дзецям вяртацца дадому ў позні час. А дзеці ж таксама цяпер усе ў інтэрнэце.

Я прыйшла працаваць у бібліятэку звыш трыццаці гадоў таму, увесь гэты будынак тады ацяпляўся звычайнымі печкамі, дый працягвае ацяпляцца iмi і сёння... Што будзе далей з культурай Цвеціна — застаецца толькі здагадвацца. Асабіста я ніякага спрыяльнага выхаду не бачу. Мы, наша пакаленне ды трохі за нас маладзейшыя, дажывуць сваё. А што потым? Няўжо культура тут на нас і скончыцца?

Упэўнены, што пра тое ж не перастаюць думаць і высокія інстанцыі. Далібог, у цяперашніх абставінах — пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі ў вёсках ды вымушанай аптымізацыі — патрэбна рэальная праграма хоць бы захавання сельскай культуры, не кажу ўжо пра яе развіццё. Я б помнік пры жыцці паставіў таму чалавеку, які стварыў бы такі дзейсны праект.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"