Дні, Перамогаю асветленыя

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Мой дзед Сцяпан Рагін адзначаў дзень нараджэння 9 мая. Паважаючы ягоныя заслугі, мяне вызвалялі ад дэманстрацый. І мы ўсе, сваякі ды родзічы, збіраліся ў яго зранку. Дзед любіў слухаць ваенныя песні Высоцкага. Называў яго “хрыпатым”, але паважаў за дакладнасць слова. Дэфіцытныя запісы прывозілі з Масквы ягоныя сыны, мае дзядзькі. Калі дзеда не стала, я стаў хадзіць 9 мая на могілкі. Адносіў кветкі маёру Рагіну, згадваў ягоныя аповеды, імкнуўся зразумець, па якіх законах мы дамагліся Вялікай Перамогі менавіта ў час вясновай квецені. Як бы там ні было, але гэтае свята застаецца для мяне самым пашанотным і важным. Да слова, сёлета ў Ветку на могілкі я ездзіў разам са старэйшым сынам Сцяпанам. Вярнуўся з чарговай камандзіроўкі, убачыў вялізную колькасць паштовых лістоў, прысвечаных святу пераможнай вясны — і зноў згадаў дзеда.

/i/content/pi/cult/692/15215/23.JPGШтогод настаўнікі і навучэнцы Ашмянскай школы мастацтваў ладзяць 9 мая фестываль вулічнай музыкі. Феерверкі нот і акордаў запаўняюць усе зручныя гарадскія пляцоўкі. Пра гэта паведаміла намеснік кіраўніка школы Таццяна Печкур.

Пасля ўрачыстага мітынгу з нагоды 73-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Ашмянах адбыўся канцэрт. Выступілі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, народны ансамблі: песні і танца —“Крыніцы”, сямейны — “Граўжанцы”, народнай песні — “Жытніца”, творчыя калектывы гарадскіх школ, народны хор ветэранаў вайны і працы.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі Віталь Рубанаў піша: “У гарадскім скверы 9 мая работнікі раённай і дзіцячай бібліятэк падрыхтавалі тэматычную пляцоўку “Май. Вясна. Перамога”. Тут працавалі кніжныя выставы, школа малявання. А напярэдадні святаў прайшла акцыя “Дзякуй!” Цягам яе ветэраны атрымалі свае партрэты-фотакарткі са словамі вялікай удзячнасці за Перамогу”.

У бібліятэках Гродзенскага раёна прайшла акцыя “Чытаем дзецям пра вайну”. У Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання, Гожскай і Падлабенскай сельскіх бібліятэках адбыліся прэзентацыі кніг, гучалі вершы Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Максіма Танка. Пра гэта паведаміла галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык.

Прэм’ера спектакля “Маці-зямля” адбылася 8 мая ў Мазалаўскім сельскім доме культуры, што на Віцебшчыне. Пастаноўка — вынік працы ўдзельнікаў тэатральнага гуртка “Вобраз”. Мерапрыемства — частка комплекснай культурнай праграмы, прымеркаванай да Дня Перамогі. А завяршыў яе канцэрт. Аўтар інфармацыі — Андрэй Струнчанка.

Людміла Козел распавяла пра раённую эстафету ад помніка да помніка. Прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх аб’яднанняў праехалі па шасці маршрутах Ашмяншчыны, усклалі кветкі да помнікаў загінулым байцам.

Яшчэ адна навіна ад Людмілы Трубчык, галоўнага бібліятэкара па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Напярэдадні Дня Перамогі Падлабенская сельская бібліятэка сумесна з аднайменным сельскім саветам павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны са святам. А супрацоўнікі Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання правялі акцыю “Падарунак ветэрану”.

А вось што піша начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак: “9 мая ў Скідзелі быў арганізаваны міні-музей. На пляцоўцы цэнтральнага парка паставілі стол, засланы чырвоным абрусам. На ім — кулямётная стужка, снарадныя гільзы, старая салдацкая пілотка, узнагароды. А на лаўцы — выстава паштовак ваеннага часу. А велабібліятэка завітала з літаратурай на “партызанскую паляну”, падрыхтаваную вучнямі скідзельскіх школ”.

На Карэліччыне правялі аўтаакцыю “Гваздзіка”. Падчас яе праходжання работнікі культуры разам з прадстаўнікамі прафесійных саюзаў і грамадскіх суполак павіншавалі ветэранаў. Інфармацыю даслалі з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз распавядае пра захады сельскіх устаноў па прапагандзе кнігі і чытання. У Жухавіцкай, Аюцавіцкай, Турэцкай сельскіх і Мірскай гарпасялковай бібліятэках шмат зроблена па сумесным чытанні, па наладжванні кніжных выстаў і выхаванні патрыятычных пачуццяў сярод юных наведвальнікаў.

Гэтыя ж мэты лічаць галоўнымі і ў Ашмянскай раённай дзіцячай бібліятэцы. 11 мая тут правялі бенефіс чытацкіх сем’яў. Загадчык згаданай установы Гелена Гардзей распавядае, што супрацоўнікі аформілі залу, надалі ёй утульнасці. На свята сабраліся сем’і Мардас, Барысевіч, Нікадон, Мажэйка, Аляшэвіч, Лапейка, Фурса, Калядка, Гайдукевіч. Дзеці з хваляваннем распавядалі пра сваіх бацькоў. А тыя, у сваю чаргу, вялі гаворку пра карысць сямейнага чытання.

Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі № 8 Мінска Марына Петрашкевіч піша пра калег з Пярмі, якія знайшлі на карце беларускую ўстанову і вырашылі абавязкова яе наведаць, бо таксама працуюць у восьмай дзіцячай бібліятэцы — праўда, свайго горада. Прыватныя візіты перараслі ў трывалыя міжнародныя кантакты. Існуе праграма некамерцыйнага супрацоўніцтва “Мінск — Перм: давайце сябраваць гарадамі”, скіраваная на ўмацаванне культурных, інфармацыйных і сяброўскіх стасункаў паміж дзіцячымі групамі і асобнымі карыстальнікамі згаданых бібліятэк. “Па сеціве паляцелі відэапрэзентацыі пра бібліятэкі, — піша Марына Петрашкевіч, — а паштальёны панеслі кніжныя пасылкі для дзяцей. А потым адбылося іх анлайн-знаёмства. Агульныя мерапрыемствы да Дня Перамогі сталі апошнімі ў праграме супрацоўніцтва гэтага навучальнага года. Наперадзе лета — для дзяцей адпачынак, а для бібліятэкараў — час распрацоўкі новага цыкла мерапрыемстваў”.

Піша наш пастаянны аўтар — настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава. Справа ў тым, што школа прымала ў сябе ўдзельнікаў адкрытага гарадскога конкурсу ансамблевай музыкі “Вясновая фантазія”. На сцэне “змагаліся” юныя музыканты з Аршанскіх ДШМ № 1 і № 3 (Барань), Полацкай ДШМ і дзіцячых школ мастацтваў № 1 і № 3 Наваполацка. Як і заўжды, выхаванцы з Барані выступілі ўдала. Дыплом першай ступені — у інструментальнага ансамбля Руслана Крывіцкага і Антаніны Панчук. А яшчэ школьнікі з Барані атрымалі тры дыпломы другой ступені і адзін — трэцяй.

Абрад Юр’я ў першапачатковым выглядзе захаваўся ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна. Пра старадаўняе земляробчае свята напісала кіраўнік мясцовага фальклорнага гурта Святлана Гранкоўская — галоўная захавальніца гэтай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Як лічаць мясцовыя жыхары, юраўскі шлюбны пояс мае магічную сілу, аберагае ад сурокаў.

У Дзятлаве прайшоў фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Гэты раённы праект стартаваў летась, а сёлета ў свята з’явіўся свой летапіс, куды заносяцца імёны сем’яў-пераможцаў.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Ніна Калач паведаміла ў рэдакцыю “К” пра сямейны выхадны “Кніжная мудрасць — багацце сямейнае”, арганізаваны на адкрытай пляцоўцы Нязбодзіцкай бібліятэкай-цэнтрам краязнаўства. У праграме свята былі: літаратурна-музычная кампазіцыя, конкурсна-гульнёвая праграма, фотавыстава, мерапрыемствы на дзіцячай пляцоўцы.

Светлагорская раённая бібліятэка напярэдадні Дня Перамогі прапанавала сваім чытачам прыняць удзел у раённым відэаконкурсе “#Памятаем. Ганарымся. Чытаем” — выбраць прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне верш і прачытаць яго на камеру мабільнага тэлефона. Арганізатары атрымалі амаль паўсотні запісаў і ад школьнікаў, і ад настаўнікаў сельскіх школ, бібліятэкараў, клубных работнікаў, пенсіянераў. Самаму малодшаму канкурсанту споўнілася 9 гадоў, а старэйшаму — 78. “Звыш 2000 галасоў было аддана карыстальнікамі сеціва за ўдзельнікаў, — піша Валянціна Расошанка. — Па выніках інтэрнэт-галасавання пераможцай стала дзесяцікласніца Валерыя Аўрам, другое і трэцяе месца занялі Вікторыя Ярац і Елізавета Хулуп. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Надзея Мельнік з вескі Чкалава”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"