Аркестравая аўра Брэста

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы справіў сваё 25-годдзе. Нават калі гэты ўзрост выкласці больш значна ды аб’ёмна — як чвэрць стагоддзя, усё адно такі тэрмін будзе ўспрымацца невялікім у параўнанні са славутымі сталічнымі калектывамі. Але зроблена за прамінулы час вельмі многа.

/i/content/pi/cult/692/15213/19.JPGАркестр узнімае не толькі складаныя сімфанічныя палотны, але і літаратурна-музычныя кампазіцыі, а таксама такія тэатральныя жанры, як опера і мюзікл. Ладзіць творчыя вечары беларускіх кампазітараў, разнастайныя тэматычныя праграмы і цыклы. Удзельнічае ў фестывалях (і найперш, вядома, у “Студзеньскіх музычных вечарах”). Гастраляваў у розных гарадах не толькі Беларусі, але і Польшчы, Іспаніі, Францыі, Швейцарыі.

Апошнія 20 гадоў галоўным дырыжорам калектыву з’яўляецца Аляксандр Сасноўскі. Так што гэта і яго ўласны юбілей, усяго на “пяцігодку” меншы за агульнааркестравы.

— Памятаю, быў канец сезона, — узгадвае Аляксандр Пятровіч падзеі 1998 года. — Я гасцяваў у Брэсце. Нечакана мяне папрасілі ўзначаліць мясцовы сімфанічны аркестр: маўляў, часова, пакуль не знойдуць іншую кандыдатуру. І вось ужо 20 гадоў, як я жыву на два гарады, бо ў Мінску кірую яшчэ двума буйнымі калектывамі: канцэртным аркестрам “Няміга” і сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Выкладаю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Але ж у Брэсце ёсць свая адметная культурная аўра, якую ўтварае тамтэйшая творчая інтэлігенцыя. Аркестранты і самі штораз просяць: “Толькі не кідайце нас!” І аддача — неверагодная. Пры тым, што рэпетыцыі праходзяць увечары двойчы на тыдзень, што ў аркестры ўсе працуюць на паўстаўкі, бо выкладаюць у школах і каледжы. Я бачу, як музыканты папраўдзе любяць мастацтва, як яно дае ім сілы, здымае будзённую стомленасць, дазваляе выйсці на новыя творчыя далягляды.

Невыпадкова, што ёсць тыя, хто працуе ў калектыве з моманту яго заснавання: канцэртмайстар аркестра Вольга Кастэнка, канцэртмайстар групы віяланчэляў Таццяна Голуб, першы флейтыст Сяргей Шаўчук, першы трубач Андрэй Дрозд… З нашым аркестрам выступалі многія вядучыя салісты — і не толькі беларускія. За яшчэ большы гонар мы лічым супрацоўніцтва з адоранымі маладымі музыкантамі, выхаванне талентаў. У іх — наш працяг, і гэта галоўнае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"