Палескі космас Прудка

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Былы дворнік Купалаўскага тэатра Андрусь Горват вярнуўся ў родныя сцены: на Камернай сцэне з’явілася “Радзіва “Прудок”. Поспех спектакля такі ж фенаменальны, як і аднайменнай кнігі: білеты на майскія і чэрвеньскія паказы размялі літаральна за шэсць гадзін пасля старту продажу.

/i/content/pi/cult/692/15211/16.JPGФеномен Горвата яшчэ доўга будуць абмяркоўваць спецыялісты: сабраныя пад адной вокладкай фэйсбучныя пасты займелі шалёную папулярнасць. І справа не толькі ў тым, што будучая кніга нараджалася на вачах аўдыторыі, а падпісчыкі літаратурнага анлайн-праекта маглі каментаваць кожную з рэплік, і нават “замаўляць” наступную. На маю думку, “Радзіва “Прудок” нечакана дакладна патрапіла ў адчуванне сусвету многіх сучасных гарадскіх, якія круцяцца ў шалёным колазвароце падзей і баяцца самі сабе прызнацца ў жаданні кінуць гэта ўсё і з’ехаць туды, дзе зоркі падаюць у калодзеж, а космас можна адчуць не толькі побач, але і ўнутры.

Горват вучыць простым рэчам: праву быць смешнымі, магчымасці здзіўляцца звычайным фактам, бачыць за бабульчынай “Е” (якой, чаго ўтойваць, хтосьці часам саромеўся) цэлы сусвет. І зрабіў гэта крута: ягоныя тэксты — усё ж не дакументальныя запісы, а вывераны мастацкі твор, дзе фэйсбучны Андрусік Іванавіч мае хіба аддаленае падабенства з рэальным прататыпам.

Раман Падаляка ў сваім рэжысёрскім дэбюце ў родным тэатры зрабіў з літаратурнай асновай самае лепшае, што можна было чакаць: ён не стаў ілюстраваць тэкст, а стварыў самастойны, надзвычай шчымлівы (хоць і не без іранічнай пярчынкі) паралельны Сусвет — гэткі няўлоўны палескі дзэн. Балазе, спадар Горват цалкам давяраў пастановачнай групе і таму дазволіў перакампаноўваць кавалкі, пераводзіць маналогі ў дыялогі і нават дапісваць сцэны.

Космас, пра які галоўны герой, па асабістым прызнанні, яшчэ нічога не ведае, але адчувае, што той “клёвы”, ператварыўся ў сюжэтную нітку, на якую бы пацеркі насаджваліся эпізоды. Касмічнае светаадчуванне стала зыходным пунктам і для візуальнага вырашэння мастачкі Кацярыны Шымановіч. З-пад яе рук выйшла невядомая планета, дзе чалавек і старадаўні жалезны ложак з паразмываных успамінаў раптам упісваюцца ў амаль ажылы дзіцячы малюнак. З нясмелых штрыхоў умоўнага фламастара на падушцы ажывае знаёмы па кнізе кот Рома, на прасціну ўскоквае каза Цёця, а на борціку ложка квітнеюць знакамітыя шкарпэткі купалаўскага дворніка. Касцюм — практычна скафандр! — сцэнічнага Андруся Горвата (якога надзвычай дакладна грае Міхаіл Зуй) нібы ўзяты з класічных чорна-белых коміксаў.

Заслугоўвае ўвагі далікатнае выкарыстанне камп’ютарнай графікі. Чорна-белыя малюнкі ў калодзежы памяці жартуюць з мухі Наташы, упікаюць гарадскіх футурыстычным ураджаем і сплятаюць шчымлівы экскурс у былое радавога гнязда, якое цудам спынілася ў кроку ад вызначэння “раскіданае”. Сапраўды, пастановачная каманда знайшла і ў сцэнаграфіі, і ў музыцы (кампазітар — Дзмітрый Есяневіч), і ў акцёрскім выкананні тую тонкую сцежачку, якая дапамагае ўдала балансаваць на мяжы гумару, фантасмагорыі і шчымлівай лірычнасці.

Доўгую дарогу дадому для галоўнага героя Раман Падаляка пракладае праз шматлікія арыгінальныя рэжысёрскія вынаходкі. Чаго варта хаця б тое самае радыё, якое ў спектаклі нечакана ператварылася ў самастойнага персанажа! Веер другасных роляў пастаноўшчык раскідвае на двух акцёраў, робячы сапраўдны падарунак Дзмітрыю Есяневічу і Святлане Анікей, якія за вечар маюць магчымасць перабраць палітру характараў, узростаў і пачуццяў. І хоць на перадпаказе для крытыкаў і журналістаў часам тэмпарытм дзеяння празмерна запавольваўся, упэўненая, што паступова трыа таленавітых акцёраў набярэ бездакорную хуткасць, пры гэтым не згубіўшы чароўную шчырасць у пошуках таямнічага палескага гена.

Здаецца, “Радзіва “Прудок” стане для купалаўцаў нечым большым за чарговы праект. Спектакль не толькі ўвёў у летапіс тэатра іншага Горвата (як згадваецца ў айчынным бестселеры, першы з цёзак ахвяраваў грошы на ўзвядзенне будынку), але і адмыслова закальцаваў эпоху. Лічыце самі: на сцэне з’явіўся сам… Купалаўскі тэатр, галоўны герой рэфлексуе над знакавым для купалаўцаў творам “Людзі на балоце”, а “чужы” дзед, які перадае ў сне герою філасофскія ключы да пазнання свету, гаворыць голасам Генадзя Аўсяннікава! І ад гэтага пастаноўка набывае дадатковую сімвалічнасць.

Са штодзённых рытуалаў, звычайных прадметаў, побытавых гаворак спадар Падаляка збірае магічнае палатно, якое ахутвае гледачоў шчымлівым пазнаннем самаго сябе ў тым нязграбным, напаўфантастычным палескім касманаўце. У фінале спектакля на вачах публікі з падушак вырастуць горы, сіні ложак ператворыцца ў бяздоннае акно. Праз яго шкло можна глядзець у вечнасць ці грэцца пад позіркам родных, якія даўно сышлі з арбіты жыцця — як душа пажадае. Трэба толькі памятаць горватаўскую мантру: “Калі доўга ўглядвацца наперад у цемру, можна пабачыць сваю спіну”.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"