Любілі магнаты мінералы

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Будучы людзьмі адукаванымі і высокакультурнымі, прадстаўнікі роду Радзівілаў шмат сіл і сродкаў укладалі ў калекцыянаванне жывапісу, скульптуры ды іншых мастацкіх каштоўнасцяў. Сёе-тое з назапашаных імі скарбаў экспануецца сёння ў залах Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Але мала хто ведае пра любоў магнатаў да мінералаў, самацветаў і горных парод. Іх мінералагічная калекцыя ў свой час была вельмі змястоўнай як з пункту гледжання самой навукі, так і ў плане прыгажосці ды прыцягальнасці, эстэтыкі прыроднага неапрацаванага каменя.

/i/content/pi/cult/692/15207/95bbd9bb7ae3accd3de035_opt.jpegНа жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны калекцыю разрабавалі. І толькі ў нашы дні пасля рэстаўрацыі замка робяцца спробы яе адраджэння. Кіраўніцтва музея-запаведніка і яго навуковыя супрацоўнікі звярнуліся ў розныя прыродазнаўчыя музеі краіны з просьбай аб дапамозе і супрацоўніцтве. Адгукнуўся пакуль толькі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, перадаўшы ў Нясвіж на часовае захоўванне самацветы са сваіх фондаў. Частка мінералаў была закуплена ў беларускіх калекцыянераў, але… гэтага вельмі мала. Тое, што на сёння мае адзін з самых папулярных музеяў краіны, ніяк не выпадае называць паўнацэнным мінералагічным зборам.

Між тым, ёсць унікальная магчымасць пастаянна папаўняць музейныя экспазіцыі бясцэннымі творамі матухны-прыроды. З нейкай прычыны (для мяне не зусім зразумелай) многія імкнуцца правезці іх праз беларускую мяжу без адпаведных дэкларацый. Пільныя айчынныя мытнікі сустракаюць такіх парушальнікаў заканадаўства, што называецца, з піетэтам. Незаконны груз, як правіла, канфіскоўваецца.

Прывяду вельмі павучальны прыклад. У лютым 2014 года супрацоўнікі аддзела па барацьбе з кантрабандай Брэсцкай мытні затрымалі незадэклараваныя аметысты з месцанараджэнняў Бразіліі. Іх агульная вага складала каля 350 кілаграм! Пры правядзенні мінералагічнай экспертызы я ацаніў кошт грузу ў мільярд “старых” беларускіх рублёў. Але вартасць іх не толькі ў гэтым. Канфіскаваныя камяні падоўжнага (16 адзінак) і папярэчнага (23 адзінкі) распілу з’яўляюцца ўнікальнымі мінералагічнымі ўтварэннямі, якіх дасюль не было ні ў музеях, ні ў навуковых установах нашай краіны. Інфармацыя пра гэтае “адкрыццё” брэсцкімі мытнікамі месцанараджэння аметыстаў з’явілася ў СМІ.

У сваім памкненні пакінуць гэтае багацце ў межах краіны я ініцыяваў лісты ў самыя розныя інстанцыі. Болей за тое — па максімуме завышаў цэны на кожны ўзор, каб перакупшчыкам яны былі не па кішэні.

Падняты намі “вэрхал” урэшце зрабіў сваю добрую справу. Шэсць узораў каменя перададзены ў геалагічны кабінет Брэсцкага дзяржуніверсітэта, сем — у краязнаўчы музей, шэсць — у Магілёўскі універсітэт, па дзесяць — у Нацыянальны гістарычны музей і музей землязнаўства БДУ. На жаль, Нясвіжскаму музею-запаведніку нічога не дасталося — хаця яго сумарная наведвальнасць турыстамі ці не ў разы болей, чым ва ўсіх вышэйпералічаных музеяў разам узятых. Два-тры ўзоры аметысту, без сумневу, упрыгожылі б экспазіцыю ў замку. І калі б побач з імі была таблічка пра тое, што мінералы перададзены з фондаў таго ці іншага музея і знаходзяцца на часовым захоўванні, усе б ад гэтага толькі выйгралі. Толькі вось пытанне: чаму такую прапанову павінен ініцыяваць прафесар-эксперт?

Зрэшты, зрухі ў вырашэнні гэтай праблемы — таксама навідавоку. Улетку 2016 года ў Пінску затрымалі болей за сем кілаграмаў кантрабанднага бурштыну. Адзін з узораў меў памер 14,5 на 9 сантыметраў і важыў 252 грамы! Падчас экспертызы я дыягнаставаў яго як узор музейнага тыпу — унутры паўпразрыстага ўзору жоўта-карычневага колеру праглядаюцца ўключэнні разложанай кары, невялікія фрагменты галінак і гліністых мінералаў, на паверхні — шмат прыродных умяцін. Яны выразна паказвалі знешні злепак кары хвойных дрэваў, па якіх сцякала паўвадкая вязкая жывіца. І вось інспекцыя па падатках і зборах Пінска паведаміла мне, што па ўзгадненні з Міністэрствам культуры 15 лістапада гэты ўзор быў перададзены на пастаяннае захоўванне ў нясвіжскі музей. Гэта цудоўны прыклад папаўнення фондаў музея бясплатнымі ўнікальнымі артэфактамі.

Кожны год у многіх гарадах Еўропы адбываюцца традыцыйныя выставы-продажы камянёў-самацветаў і зробленых з іх ювелірных і мастацка-дэкаратыўных вырабаў. Многія імкнуцца нелегальна правезці свае пакупкі праз беларускую мяжу. Адпаведна, трэба меркаваць, што нашы мытнікі зноў адкрыюць новыя “месцанараджэнні” камянёў, і работы па іх ідэнтыфікацыі, ацэнцы і далейшым размеркаванні спецыялістам хопіць. Дык хай тады нашы музеі папаўняюцца новымі ўнікальнымі экспанатамі!

Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар,
член-карэспандэнт
Пятроўскай акадэміі навук