Квэст для музейнага мадэрнізму

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Прыгожа расстаўленыя ў вітрынах экспанаты, акуратныя этыкеткі з подпісамі да іх ды цікавы запамінальны аповед экскурсавода — такім часцей за ўсё запамінаецца музей. Але насамрэч музей — гэта не толькі выставачныя залы і калекцыі. Перадусім гэта людзі. А яшчэ музей — гэта і сам будынак: як “набор” інжынерных камунікацый і будаўнічых канструкцый, якія вымагаюць рэгулярнага нагляду і рамонту. Пералічаныя складнікі і ўтвараюць стандартны камплект праблем бадай кожнага музея, нават буйнога. Што ж тады казаць пра раённыя? Адну з такіх устаноў — і даволі нетыповую — “К” наведала напярэдадні Міжнароднага дня музеяў.

/i/content/pi/cult/692/15206/9.JPGНа турыстычнай узбочыне

Горад Горкі размешчаны ўбаку ад вялікіх дарог. Таму дабірацца сюды дужа доўга. Што не магло не адбіцца і на культурным жыцці, адзначае дырэктар Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Святлана Макеева:

— Толькі адзінкавыя турысты да нас даязджаюць, — канстатуе яна. — Але, дзякуючы знакамітай сельскагаспадарчай акадэміі, мы з’яўляемся, фактычна, маладзёжнай сталіцай краю. Даволі значны працэнт гараджан — менавіта студэнты! Яны ж і адны з асноўных нашых наведвальнікаў.

Як і амаль ва ўсіх раённых музеях, на першым месцы сярод катэгорый наведвальнікаў — школьнікі. Таму і дзейнасць установы мае выразны на яе ўхіл. Прыкладам, вучні могуць спадзявацца на дапамогу ў напісанні сваіх даследчых работ.

 — Вы не паверыце, але часам юныя даследчыкі выяўляюць сапраўды новыя старонкі гісторыі нашага краю, і пасля мы нават можам выкарыстоўваць іх набыткі ў сваёй працы! — дадае дырэктар музея.

Аднак жа і студэнты па сваёй далучанасці да музейнага жыцця ад шкаляроў не адстаюць. Пагатоў, многія прыязджаюць сюды на вучобу здалёк і таму імкнуцца даведацца пра той край, дзе ім давядзецца правесці некалькі бліжэйшых гадоў.

/i/content/pi/cult/692/15206/10.jpg— Мы нядрэнна ўмеем працаваць з маладой генерацыяй — яна ў нас у прыярытэце, — дадае спадарыня Святлана. — Вельмі шчыльна супрацоўнічаем з музеем пры акадэміі, арганізоўваем шэраг агульных праграм. Акурат вось рыхтуемся да Ночы музеяў — будзем скарбы графа Салагуба шукаць. Граф быў апошнім уладальнікам Горак, і, паводле падання, перад ад’ездам недзе схаваў сваёй багацце. Дзевяць студэнцкіх каманд паспрабуюць яго знайсці. Квэст пачнецца на тэрыторыі акадэмічнага музея, а далей рушыць праз горад у наш дворык. Што самае галоўнае — гэтая акцыя будзе абсалютна бясплатная!

І сапраўды, у адрозненне ад некаторых сталічных музеяў, дзе на выставы Далі, Шагала ці Пікаса стаяць чэргі — нягледзячы на дарагія білеты, — у невялічкіх музеях па ўсёй краіне наведвальнікаў не так і шмат, нават з іх больш чым даступнымі коштамі. І бясплатныя акцыі — гэта магчымасць не толькі запрасіць моладзь у госці, але і паступова займець пастаяннае кола наведвальнікаў.

Як паказвае практыка, такі падыход плённы — у многіх замежных краінах кожны музей як мінімум штотыдзень мае дзень бясплатнага наведвання. Дый, між іншым, тая ж Ноч музеяў першапачаткова задумвалася менавіта як бясплатная акцыя…

Парад юбілеяў

Сёлетні май — юбілейны для музея. 30 гадоў таму ў ім была праведзеная першая экскурсія. Да ўсяго, сёлета спаўняецца 50 гадоў і аднаму з яго філіялаў — Музею савецка-польскай баявой садружнасці, размешчанаму на тэрыторыі аднайменнага мемарыяльнага комплексу ў аграгарадку Леніна. 12 кастрычніка 1943 года там адбылася бітва, падчас якой баявы хрост прыняла польская дывізія. Адпаведна, неўзабаве выпадае яшчэ адзін юбілей.

/i/content/pi/cult/692/15206/11.jpgМемарыял меў усесаюзнае значэнне, і грошай на яго стварэнне не шкадавалі. Выкананы са шкла і бетону ў форме вайсковай каскі, твор архітэктараў Якава Белапольскага, Уладзіміра Хавіна і скульптара Уладзіміра Цыгаля сам па сабе ўжо з’яўляецца помнікам архітэктуры савецкага мадэрнізму. Толькі дзеля таго, каб на яго паглядзець, варта выбрацца ў далёкую вандроўку.

Як тлумачыць дырэктар музея Святлана Макеева, у савецкія часы ад наведвальнікаў не было адбою: канвеер арганізаваных экскурсій быў несупынны. Цяпер усё, вядома, змянілася.

— Зрэшты, і сёння наведвае нямала людзей, — дадае яна. — Прыязджаюць сюды і палякі, і расіяне. Штогод у гадавіну бітвы — і не толькі на юбілеі — мы абавязкова праводзім урачыстыя мерапрыемствы, на якія таксама прыязджаюць і афіцыйныя дэлегацыі, і простыя людзі — як правіла, сваякі тых, хто тут ваяваў, ці загінуў на гэтай зямлі.

— Для такога невялічкага музейна-мемарыяльнага комплексу, які тым больш знаходзіцца на вялікім аддаленні ад цывілізацыі, у нас даволі добрае наведванне — звыш чатырох тысяч чалавек штогод, — дадае кіраўніца філіяла музея ў Леніна старшы навуковы супрацоўнік Таццяна Рынкевіч. — І калі палякі да нас прыязджаюць збольшага ў цёплы час, то беларусы наведваюць круглы год. Гэта пры тым, што ў Леніна наогул жыве ўсяго каля 1600 чалавек, з якіх значная частка — студэнты мясцовага педагагічнага каледжа.

Зберагаючы памяць

Наогул, бывае многа самых розных цікавых гасцей. Вось не так даўно да нас завітаў цэлы атрад польскіх байкераў. Але найбольш музейшчыкам запомніўся Марэк Ізаторскі з-пад Уроцлава.

— Гэты хлопец гадоў 25, апрануты ў форму польскага жаўнера часоў Другой сусветнай, пешшу ішоў да нас праз усю Польшчу і Беларусь! — апавядае спадарыня Таццяна. — Дзесяць дзён заняў яго шлях да таго месца, дзе ваяваў ягоны сваяк! Марэк вельмі пяшчотна адгукаўся пра беларусаў — дзесьці яго падвозілі, дзесьці кармілі і запрашалі заночыць. Ён надоўга запомніў сваё падарожжа, хаця яно і не абышлося без нечаканых прыгод. Уявіце, што магло б здарыцца, калі мужчына ў вайсковай форме, ды яшчэ і з муляжом вінтоўкі, завітаў у банк памяняць грошы… Але ж скончылася ўсё добра!

Дарэчы, ва ўсіх польскіх вайсковых фарміраваннях удзельнічала даволі шмат нашых суайчыннікаў. У той жа дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якая ваявала пад Леніна, служылі грамадзяне шматнацыянальнай міжваеннай Польшчы, якія ў вайну апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза, — і палякі, і беларусы, і ўкраінцы, і яўрэі. Менавіта таму да пяцідзясятых угодак бітвы па ініцыятыве польскіх ветэранаў былі сабраныя грошы і ўсталяваныя гранітныя пліты абапал алеі, што вядзе да брацкай магілы. На іх — імёны загінулых і зніклых без вестак. А побач з манументам, аздобленым сімвалам дывізіі Пястоўскім арлом, усталяваныя каталіцкі і праваслаўны крыжы, а таксама мацэва з Зоркай Давіда.

Як тлумачыць спадарыня Таццяна, сённяшнія польскія госці ўдзячныя беларусам за тое, што, нягледзячы на змены ў ідэалогіі і палітыцы, у музеі захоўваецца памяць пра драматычныя падзеі вайны.

— А так, асноўныя нашы сябры — працягвае музейная супрацоўніца, — гэта школьнікі і вучні педкаледжа. З імі мы праводзім заняткі, часта інтэрактыўныя. Усе новыя формы нефармальнага вывучэння гісторыі, як напрыклад, тыя ж квэсты, вельмі спрыяюць з’яўленню ў дзяцей цікавасці да мінулага.

Халодныя сезоны — у мінулым?

Аднак тут узнёслы аповед пра захаванне гістарычнай памяці хацелася б перапыніць ды пераключыцца на клопаты празаічныя. Як прызналася дырэктар музея, апошнія гады былі для ўстановы не самымі лёгкімі:

— Калі будынак у Леніна праектаваўся, грошай не шкадавалі. Таму і сістэма ацяплення была ўсталяваная электрычная, што вельмі дорага і непрактычна. Некалькі гадоў мы яе не ўключалі, альбо ўключалі толькі ў рэдкіх выпадках, калі чакалі высокіх гасцей. Папросту эканомілі грошы.

— Сапраўды, у музеі было вельмі халодна і даводзілася працаваць у вопратцы. Нават абагравальнікі не вельмі ратавалі. І, галоўнае, гэта было кепска і для самога будынка, і для музейных прадметаў, якія ў нас захоўваюцца, — дадае Таццяна Рынкевіч. — Але ж што заставалася рабіць — усё адно спраўна хадзілі на працу і сустракалі наведвальнікаў.

Дзякуючы рашэнню Савета Міністраў, цяпер праводзяцца работы па мадэрнізацыі сістэмы ацяплення, і ўжо з восені павінна запрацаваць новая, больш эканомная. Але і яна будзе электрычнай. Справа ў тым, што кацельню прыбудаваць да будынка музея немагчыма — гэта незваротна сапсавала б помнік архітэктуры. А рабіць яе на адлегласці — таксама немэтазгодна праз вялікія энергастраты.

— Таму, на жаль, абагрэў нават мадэрнізаванай сістэмай будзе дорага каштаваць, — кажа дырэктарка. — Усе выдаткі лягуць на раённы бюджэт, а наш раён не самы багаты…

Натуральна, узнікае пытанне, ці не варта б было закласці ў абласны альбо нават рэспубліканскі бюджэт мэтавае фінансаванне мемарыяльнага комплексу — хаця б на яго ацяпленне. Справа нават не ў тым, што раней ён меў усесаюзнае значэнне. Вельмі часта мясцовыя бюджэты не ў стане выцягнуць такія аб’екты. Тым больш, што гэты будынак — сапраўды ўнікальны помнік савецкага мадэрнізму, варты аховы і спецыяльнага да сябе стаўлення толькі за гэта. Спадарыня Макеева ўздыхае і пагаджаецца, што гэта быў бы ідэальны варыянт.

Вярнуўшыся ў Мінск з камандзіроўкі, даведаўся, што Міжнародны камітэт ICOMOS запускае праект, звязаны з даследаваннем і захаваннем пабудаванай з бетону архітэктурнай спадчыны ХХ стагоддзя. Ініцыятыва паходзіць з Міжнароднага камітэта, які звярнуўся да беларускіх калег з прапановай вылучыць пяць такіх аб’ектаў.

Адразу ж падумалася, што менавіта будынак музейна-мемарыяльнага комплексу з Леніна мог бы быць прадстаўлены ад Беларусі сярод яшчэ чатырох помнікаў нядаўняй мінуўшчыны. Магчыма, варта пра гэта падумаць і падаць заяўку?