Мо нам лепей насценгазету рабіць?

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Возьмем на ўзбраенне логіку. У ідэале сённяшні наклад “К” павінен адпавядаць агульнай колькасці ўстаноў і арганізацый культуры. Зразумела, што ідэал — мэта заўжды недасягальная. Суровая проза культурнага жыцця патрабуе ўлічваць тое, што аптымізацыя не спыняецца, што бібліятэка, клуб ды школа мастацтваў часцяком знаходзяцца пад адным дахам (хоць гэта, на мой погляд, не прычына выпісваць на адзін адрас толькі адзін асобнік нашай газеты), што публічныя бібліятэкі аб’ядноўваюцца са школьнымі, што ў выніку інтэгравання ўзнікаюць бібліятэкі-клубы і клубы-бібліятэкі. Нават калі груба адмінусуем усё гэта, застанецца каля, умоўна кажучы, шасці тысяч арганізацый ды ўстаноў. З сумам канстатую, сённяшні наш наклад далёка не такі.

3 873 асобнікі “Культуры” атрымліваюць штотыднёва сённяшнія нашы падпісчыкі. Гэта — агульная колькасць насельнікаў прыблізна двух палескіх сёл. А астатняя краіна? Так, нас не выпісваюць пад прымусам. Дык няўжо гэта падстава не лічыць сябе прафесіяналам і ігнараваць галоўную сваю трыбуну карпаратыўнай еднасці.

Няўжо кадравая сітуацыя настолькі кепская, што пераважную большасць пасад на сяле займаюць цяпер выпадковыя людзі, якім нашы практыка-арыентаваныя публікацыі як чырвоная ануча для быка? Няўжо нашы бібліятэкары ў сваёй большасці так не любяць чытаць? Няўжо нашы клубнікі да драбніц асвоілі праектную дзейнасць і самастойна скараюць адну грантавую вяршыню за другой? Няўжо нашы метадысты, музейшчыкі і рамеснікі ведаюць, як развівацца далей, і самастойна трымаюць кантакт з замежнымі калегамі, каб не адарвацца ад жыцця? Няўжо нашы выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў адчулі сваю самадастатковасць і сталі закрытымі ўстановамі адукацыі? Няўжо нашы ідэолагі ад культуры галоўнай лініяй дзейнасці абралі не ідэю нацыянальнага адраджэння, а прынцыповую пазіцыю абсалютнага ігнаравання друкаванага слова адзінай газеты культурнай сферы?

Калі хоць на адно з гэтых пытанняў прагучыць станоўчы адказ, нам варта будзе кінуць займацца газетай, а выпускаць хіба што насценгазету для тых, хто ўмее чытаць.

Перада мной — кантрольна-сартавальная табліца Белпошты за 7 мая бягучага года. Дык вось, дазволю згадаць, колькі асобнікаў нашай “Культуры” выпісана на гэты час па пэўных раённых цэнтрах: Бешанковічы — 2, Расоны — 2, Сянно — 4, Клімавічы — 4, Беразіно — 3, Карма — 3, Глуск — 2, Слаўгарад — 4, Шаркаўшчына — 4, Камянец — 3. Сумны спіс можна доўжыць і доўжыць.

Перакананы, гэтую публікацыю варта накіраваць на рэагаванне кіраўнікам згаданых раёнаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"