Зорная дарожка для сучаснікаў

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Яскравым пацвярджэннем натуральнага суіснавання ідэй старэйшага і памкненняў сучаснага пакаленняў стане сталічны парк Перамогі, што хутка кардынальна зменіць сваё аблічча.

“Гэты праект распавядае аб прасторы і часе, а галоўнае — аб рытме, што аб’ядноўвае мінулае з будучыняй”, — гаворыць пра грандыёзную распрацоўку галоўны архітэктар праекта “Парк Перамогі” майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну УП “Мінскпраект”, старшыня секцыі ландшафтнай архітэктуры Саюза архітэктараў Рэспублікі Беларусь Ганна Аксёнава.Пад кіраўніцтвам Ганны Аляксееўны каманда маладых дойлідаў зладжана ўзялася за ажыццяўленне унікальнага праекта: у Беларусі ўпершыню на такой агромністай тэрыторыі (ні многа, ні мала — 200 гектараў) гэтак комплексна падыйшлі да архітэктурна-мастацкага рашэння пэўнай тэматыкі. 

Архітэктары паднялі гістарычныя горадабудаўнічыя схемы, уважліва вывучылі сучасны стан прылягаючай да Камсамольскага возера тэрыторыі, зрабілі некалькі соцень фотаздымкаў, каб новыя архітэктурныя кампазіцыі ўдала аздобілі адно з найпрыгажэйшых месцаў сталіцы, зрабіўшы яго ўлюбёным для адпачынку гараджан. Алена Постнікава вяла асноўны генплан тэрыторыі, значны ўклад у яго структуру ўнесла Надзея Крукава. На сённяшні момант архітэктурны праект зацверджаны Дзяржаўнай экспертнай камісіяй, і перад спецыялістамі паўстала дакладна акрэсленая дата, калі іх задумы нарэшце набудуць рэальныя формы: да 2010 года ўсе аб’екты з чарцяжоў і кам’пютэрных эскізаў пяройдуць у гарадскі ландшафт.

 /i/content/pi/cult/166/1520/Zornaja-daroga1.jpg
І адразу ж перад аўтарамі паўстала складаная інжынерная праблема. Як высветлілася, будучая пляцоўка вялікага будаўніцтва слаба абсталявана інжынернымі сеткамі. Галоўнаму інжынеру праекта Уладзіміру Мірошчанку (ён жа з’яўляецца кіраўніком мастэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну) прыйшлося прадумваць новую сістэму камунікацыйных, сантэхнічных, электратэхнічных, каналізацыйных ліній, ліўневых адводаў. Прапанаваная ім схема ўдала звязала ўсе запланаваныя навабуды, захаваўшы некранутымі існуючыя зялёныя насаджэнні.

Як толькі завершыцца сёлетні купальны сезон, будаўнікі прыступяць да першай чаргі — ачысткі ад глеістых адкладанняў і выраўноўвання берага Камсамольскага возера. Каб хутчэй справіцца з задачай, будуць узведзены часовыя дамбавыя перагародкі: яны дазволяць па чарзе прывесці ў парадак усю плошчу вадасховішча. Кантралюе гідратэхнічныя распрацоўкі галоўны інжынер майстэрні Уладзімір Кузьміч.

Паралельна з гэтымі мерапрыемствамі распачнецца пераўтварэнне берагавой лініі. Дзівосныя змены атачэння воднай роўнядзі — справа рук Алены Глаголевай. На паказальных эскізах, якія распрацоўвалі Алег Грышчанкаў і Максім Кабылкевіч, былы бераг не пазнаць: у мемарыяльнай зоне парку ён ператварыўся ў набярэжную Пераможцаў. Запамінальнай адметнасцю стануць скульптуры, што распавядуць пра перамогі нашых сучаснікаў у розных галінах чалавечай дзейнасці: у мастацтве,навуцы, спорце, будаўніцтве, асвеце. Каля кожнай з іх адкрыюць своеасаблівую “зорную сцежку”, у якую будуць умуроўваць імёны славутых сучаснікаў адпаведных сфер дзейнасці.

Мяркуецца, што парк Перамогі аздобяць скульптуры. Яны адлюструюць запланаваную для дадзенага месца тэму.

Напрыклад, чатыры лініі брукоўкі з клінкернай цэглы перасякуць дзве галоўныя алеі — Памяці і Славы, сімвалізуючы кожны год Вялікай Айчыннай вайны, фантан Перамогі дапоўняць адпаведныя скульптурныя алегорыі. Імі, як і праектам на набярэжнай Пераможцаў, сёння актыўна займаецца Павел Вайніцкі.
 /i/content/pi/cult/166/1520/Zornaja-daroga2.jpg

“Мінскпраект” не спыняе супрацоўніцтва і з Мінскім прамыслова-мастацкім камбінатам. Балазе многія скульптары праявілі інтарэс да навабуда і звяртаюцца ў майстэрню за неабходнай інфармацыяй, каб неўзабаве прапанаваць свае ідэі.

Незвычайныя аб’екты з’явяцца ў Музеі ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Дакладней, яго экспанатамі стануць... гіпертрафіраваныя муляжы рэчаў салдацкага ўжытку, а таксама копіі танкаў, самалётаў, выкананыя са спецыяльнага матэрыялу. Пляцоўка, ведаю, вельмі спадабаецца дзецям, бо гарэзы змогуць бесперашкодна залазіць усярэдзіну, мацаць, торгаць і круціць усё, да чаго дацягнуцца.

Увогуле, на ўсёй тэрыторыі з’явіцца шмат пляцовак, разлічаных на гульні, адпачынак і заняткі спортам акурат дзяцей. Яны стануць лепшым адказам на галоўнае пытанне жыхароў прылягаючых жылых кварталаў Цэнтральнага раёна пра тое, дзе можна бяспечна гуляць з падрастаючым пакаленнем. Для апошніх лясны масіў назаўсёды застанецца ў памяці “хатняй” тэрыторыяй.

На месцы сённяшніх невыразных палян праз два гады на ўсе галасы загучаць канцэртныя пляцоўкі. Найбольшая з іх зможа змясціць да пяці тысяч наведвальнікаў! Галоўным акцэнтам паляны для масавых дзей стане летняя эстрада з лёгкіх канструкцый. Цудоўная плошча стане фінальным пунктам алей Памяці і Славы, што пачынаюцца ад Трыумфальнай аркі ля стэлы “Мінск — горад-герой”. Велічнасці задуме мусіць надаць спраектаваны Алегам Загузавым ужо згаданы фантан Перамогі і ручаі, што выцякаюць ад фантана як сімвал жыцця і вечнасці.

Той, хто стаміўся ад натоўпу наведвальнікаў, можа пайсці да камерных пляцовак, разлічаных на невялікую колькасць аматараў класічнай музыкі, а пасля зноў вярнуцца да гоману ля сцэны на беразе канала ці на Фестывальнай паляне на паўвостраве каля Мінскага гарадскога Палаца дзяцей і моладзі.

 /i/content/pi/cult/166/1520/Zornaja-daroga3.jpg
Мяне ўразіла, што побач з прафесіяналамі майстэрні ў тонкасці праектавання ўнікала практыкантка-дыпломніца архітэктурнага факультэта БНТУ Яўгенія Мялешка. Ёй даверылі распрацоўку гісторыка-турыстычнага цэнтра, якую, да слова, дзяўчына ўдала абараніла на дзяржэкзаменах. Дарэчы, выпускніца ў жніўні вернецца ў “Мінскпраект” у якасці маладога спецыяліста.

— Парк не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму мы не змаглі заказаць гістарычную даведку. І ўсё ж Яўгенія высветліла, што калісьці тут знаходзілася нямецкая слабада Людамонд, таму сувенірныя лаўкі, канцэртную пляцоўку, рэстаран нацыянальнай кухні, кавярні, турыстычны цэнтр і адміністрацыйны будынак яна стылізавала пад гістарычную архітэктуру,— удакладніла Ганна Аляксееўна.

Асаблівым гонарам аўтараў гэтага комплексу стане невялічкі музей, які адлюструе гісторыю з’яўлення і пераўтварэння парку Перамогі. Вельмі добра, што шырокае кола людзей зможа даведацца пра архітэктара Ігара Рудэнку, які ў пасляваенныя гады распрацаваў генеральны план з кветнікамі і вялікай набярэжнай, яго калегу Мікалая Жлабо, дзякуючы якому ўвесь правы бок парку ў 80-я набыў выгляд, які праіснаваў да гэтага часу. Экспазіцыя распавядзе і пра тых камсамольцаў, што напярэдадні ваеннага ліхалецця ўручную капалі вадасховішча, ствараючы першую зону адпачынку Мінска.

Памяць тых маладых людзей ушануюць на адным з паўвостраваў, дзе ўсталююць адпаведны скульптурны знак.

Між іншым, у будучым гэты масіў паступова запоўняць скульптуры савецкага перыяду, якія па розных прычынах дэманціравалі. Адметна, што побач з “камсамольскім” паўвостравам узвядуць Маладзёжны цэнтр. У Мінску існуе шмат клубаў інтэлектуальных гульняў, але яны не маюць асобнага памяшкання для трэніровак. Раскіданыя па школах і універсітэтах каманды нарэшце атрымаюць у Цэнтры сталыя аўдыторыі для заняткаў.

Рэалізацыя маштабнай рэканструкцыі парку Перамогі абыдзецца прыкладна ў 120 мільярдаў рублёў. Таму праекціроўшчыкі шукаюць магчымасці зрабіць аб’ект цікавым для інвестараў. Ля аднаго з берагоў “прышвартуецца” стылізаваны пад карабель рэстаран “Каравэла”, вырастуць шматлікія “сухапутныя” пункты харчавання. Па ўсім перыметры возера з’явяцца адпаведныя сучасным патрабаванням прычалы, паміж якімі будзе курсіраваць катэр. Па падліках праекціроўшчыкаў, да яго накіруюцца як ахвотныя палюбавацца жывапіснымі краявідамі, турысты, маладыя з гасцямі, так і жыхары акаляючых раёнаў, каб пераплысці на іншы бок. Адноўлены будынак марской школы па веславанні на байдарках і каное ды марскі клуб прыцягнуць аматараў разнапланавых заплываў. Для іншых адкрыецца пашыраны ў параўнанні з існуючым пракат лодак і катамаранаў.

Уражвае, што пры такой глабальнай забудове праект прадугледжвае некранутасць некалькіх астравоў гарадской акваторыі. На іх толькі правядуць санітарную чыстку берагавой лініі і зялёных насаджэнняў, але ні ў якім разе не будуць злучаць іх з “мацерыком”. Для наведвальнікаў, якія захочуць бліжэй разгледзець “дзікую” прыроду, адкрыюць так званы Птушыны востраў. Па пешаходным аглядным мосціку людзі трапяць на тэрыторыю з дагледжанымі мурашнікамі, глядацкімі вышкамі, збудаваннямі для птушак.

З асаблівай любоўю адносяцца да напоўненага “крылатымі” спевамі вострава і супрацоўнікі майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну. Яны любяць узгадваць легенду пра тое, што душы салдат, якія загінулі, абараняючы незалежнасць роднай зямлі, не адляцелі ў небыццё, а ператварыліся ў птушак. Нездарма завяршальным акордам кампазіцыйнай восі мемарыяльнай зоны парку Перамогі стане скульптурная кампазіцыя, што ўяўляе сабой бясконцую лесвіцу, якая ўзвілася па-над возерам; яна ўзносіць над нашчадкамі пераможцаў птушак, прысеўшых на прыступках...

 

Людміла МАКОЎСКАЯ
На здымках: сучасная панарама

Камсамольскага возера (зверху)
і
праекты парку Перамогі.