Карціны пад небам

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

17 мая сталічная плошча Якуба Коласа ператворыцца ў экспазіцыйную прастору для персаналкі нашага знакамітага жывапісца Георгія Скрыпнічэнкі. Выстава адбудзецца ва ўжо звыклым для мінчукоў фармаце “Мастак і город”, калі буйнамаштабныя рэпрадукцыі экспануюцца пад адкрытым небам.

/i/content/pi/cult/691/15198/20.JPGКалі браць да ўвагі тое, што ўлетку плошчу Якуба Коласа за дзень прамінае недзе трыццаць тысяч чалавек, дык розгалас выстава атрымае нашмат большы, чым калі б яна праходзіла ў музейных залах. А там, глядзіш, хтосьці і ў музей накіруецца.

На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала падзеі, сын мастака Сяргей Скрыпнічэнка падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра бацьку, пра тое, як працаваў спадар Георгій, пра сваё бачанне таго часу, на які выпала творчасць мастака. На ягоную думку, само з’яўленне ў Беларусі 1970-х выразнай мастацкай школы (Скрыпнічэнка, Селяшчук, Славук…), зарыентаванай на асэнсаванне актуалій тагачаснага заходняга мастацтва, падаецца цудам — беручы да ўвагі малую інфармаванасць у СССР пра тое, якія культурныя працэсы адбываюцца па той бок “заслоны”. Ды і высокая ступень ідэалагізацыі жыцця не спрыяла творчым пошукам у пэўным кірунку.

Гісторыя праекта “Мастак і горад” распачалася сем гадоў таму, і пяць з іх генеральным партнёрам Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў выступае банк ВТБ. Начальнік яго аддзела маркетынгу Вольга Жукава назвала стасункі з дзяржаўнымі структурамі плённымі. Па яе словах, спрыянне развіццю культуры з боку спонсараў — усведамленне бізнесам сваёй сацыяльнай адказнасці і натуральная праява патрыятызму. Таму банк і надалей будзе рупіцца, каб плошча Якуба Коласа заставалася выставачнай залай пад адкрытым небам.

Сёлета ініцыятыва пашырыцца і на Віцебск. Менавіта ў горадзе на Дзвіне адкрыецца вулічная экспазіцыя 20 верасня пасля таго, як “адпрацуе” ў сталіцы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"