Ад джаза — да цырка

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

“Упершыню за 22 гады практыкі правядзення справаздачных канцэртаў лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ладзіцца асобная праграма, прысвечаная эстраднаму мастацтву”, — падкрэсліў міністр культуры краіны Юрый Бондар на адмысловым канцэрце ў сценах Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага таэтра. Новая канцэртная форма, якая спалучае разнастайныя нумары маладых талентаў, была прэзентаваная публіцы 6 мая.

/i/content/pi/cult/691/15196/17.JPGКанцэрт вылучаўся збалансаванай і прадуманай рэжысёрскай падачай (рэжысёр-пастаноўшчык — Вольга Краўчанка), адмысловым візуальным афармленнем нумароў (камп’ютарная графіка — Алена Ахрэменка, мастак-пастаноўшчык — Андрэй Меранкоў). За музычную поліфанію адказваў сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам дырыжора Мікалая Макарэвіча. А вядучымі былі Эрык Абрамовіч і Дарэна Ігнаценка.

Праграма складалася з нумароў разнастайнай скіраванасці: джаза — вядомы хіт Дзюка Элінгтана It don’t miss a thing прагучаў у выкананні энергічнай Настассі Жарко, фанка — яго “давалі” саксафаністы Канстанцін Таўрызаў, Рыгор Хараненка, Наталля Хахракова і Віктар Цімафееў, класічнага шансона — славутую песню Шарля Азнавура і Жоржа Гарварэнца “Вечнае каханне” выдатна выканалі Міхаіл Ліла і Вераніка Чарняўская. Харэаграфічныя выступленні — “Танец сокала” грацыёзнай Веры Шпакоўскай, мадэрнавая “Адзінота” ўжо вядомага артыста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны Канстанціна Героніка, цыркавы нумар “Іншая” Алены Клімовіч, акцёрскі эцюд “Рыбак” Мікалая Зіміча…

— Сёння мы становімся сведкамі своеасаблівага творчага экзамену яскравых прадстаўнікоў таленавітай моладзі краіны, якія атрымалі годную адзнаку сваёй дзейнасці, — вітаў публіку і артыстаў уступным словам міністр культуры. — У той жа час, мы зазіраем у будучыню — праз 15 — 20 гадоў менавіта гэтыя маладыя людзі стануць майстрамі айчыннай сцэны, сфарміруюць свае творчыя школы, прадставяць Беларусь у журы міжнародных фестываляў і конкурсаў, будуць фарміраваць творчы патэнцыял краіны на доўгія гады… Наша дзяржава здолела захаваць унікальную сістэму мастацкай адукацыі — у нас функцыянуюць дзіцячыя музычныя і школы мастацтваў, каледжы, цудоўныя творчыя ВНУ. І маладыя людзі маюць магчымасць вызначыцца са сваёй прафесійнай будучыняй. І, вядома, значная роля ў падтрымцы маладых людзей адводзіцца спецыяльнаму фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. Яго лаўрэатамі з 1996 года сталі амаль чатыры з паловай тысячы чалавек…

/i/content/pi/cult/691/15196/18.JPG— Эксперымент атрымаўся ўдалы, — так Юрый Бондар ацаніў канцэрт у гутарцы з аглядальнікам “К” ужо па завяршэнні праграмы. — Праграма была разнастайнай: гучала класіка, эстрада, джаз… Цудоўны вакал, захапляльныя танцы… Моладзь годным чынам прадстаўляе запатрабаваны сёння кірунак — мастацтва эстрады. Мяркую, што гэтая праграма заслугоўвае таго, каб ладзіцца на базе любой канцэртнай пляцоўкі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"