Цымбалы з сенсацыйным каларытам

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Беларускія цымбалы, падобна на тое, атрымліваюць усё большы міжнародны розгалас. Разынкай нядаўняй аўтарскай вечарыны знакамітага расійскага кампазітара Аляксандра Журбіна, якая адбылася ў сталічнай філармоніі, сталі не песні, саўндтрэкі ці фрагменты з мюзіклаў, не спевы Аксаны Волкавай і нашых іншых зорак, а сусветная прэм’ера... Канцэрта для цымбалаў з аркестрам. Прычым салістка была — з Аўстраліі. Сенсацыя!

Людміла Нікольская — выпускніца нашай Акадэміі музыкі. У тым, што яна вучылася менавіта ў класе Таццяны Сергяенка (хаця і заканчвала ў іншага педагога — Таццяны Ялецкай), можна было пераканацца літаральна з першых гукаў: наша школа! Дый Канцэрт, які не толькі прысвечаны выканаўцы, але і адлюстроўвае яе жыццёвы і творчы шлях, аказаўся даволі “беларускім”. Там няма, як прызнаўся сам кампазітар, беларускіх цытат, але шмат інтанацыйных “спасылак” — і на аўстралійскія тэмы (у апошніх частках), і на нашы родныя, сярод якіх найбольш пазнавальнымі былі “Чаму ж мне не пець” і “Чаму не прыйшоў”.

Але справа яшчэ і ў тым, што твор — пры ўсім сваім аўстралійскім каларыце — не адкрывае прынцыпова новых музычных даляглядаў, а працягвае традыцыі нашых шматлікіх цымбальных сачыненняў, дзе інструмент паўстае віртуозным, ударным, бліскуча “званочкавым”. Традыцыйнай была і трохчасткавая драматургія. Санатнае алегра змянілі варыяцыі, у святочным фінале з узнёсла-патрыятычнай тэмай узнікла і рэмінісцэнцыя з першай часткі. А такі сучасны прыём, як пастукванне палачкамі па драўляным корпусе, ператварыўся ў жураўліны клёкат — як гэта неаднойчы было ў нашага Уладзіміра Кур’яна.

На біс была сыграная віртуозная Бурлеска для цымбалаў з аркестрам — яшчэ адзін плён супрацоўніцтва выканаўцы з кампазітарам. Яны сустрэліся ў Сіднэі, Нікольская крыху пайграла Журбіну на цымбалах — і той літаральна закахаўся ў новы для яго інструмент.

Аншлагавая вечарына навяла і на роздум пра магчымасці папулярызацыі сучаснай акадэмічнай музыкі. Хто-хто, а Журбін у гэтым — майстра. Сам выступіў вядучым, стварыўшы ўтульную давяральную атмасферу, напярэдадні правёў у Акадэміі музыкі творчую сустрэчу (вядома, размова ішла і пра Цымбальны канцэрт).

Але, можа, прычыну аншлага трэба шукаць і ў нас саміх? Да замежных зорак больш даверу? Бо я наўрад ці змагу назваць беларускага кампазітара, аўтарская вечарына якога стала б такой паспяховай. Зразумела, я кажу тут пра “касавае” вымярэнне, а не творчае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"