Казка — забава ці намёк?

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Гаворка пра неабходнасць не проста дзіцячых, а менавіта сямейных спектакляў вядзецца здаўна. Чарговым штуршком, каб вярнуцца да тэмы, сталі нядаўнія гастролі Рускага тэатра Літвы на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Два згаданыя калектывы звязвае даўняе супрацоўніцтва. За некалькі апошніх гадоў літоўскія сябры паказалі нам ці не ўвесь свой рэпертуар. Гэтым разам, акрамя двух даволі традыцыйных вячэрніх спектакляў, госці прывезлі сваю “Дзюймовачку”, якая значна адрознівалася ад растыражаваных версій.

Шматлікія сцэнічныя ўвасабленні гэтай казкі звычайна выклікаюць мноства наіўных пытанняў — у тым ліку і ў дзяцей, якія пакуль не страцілі прыроджанай цікаўнасці да ўсяго незразумелага. Куды падзелася маці Дзюймовачкі? Няўжо яны больш ніколі не сустрэнуцца? І што, яны нават не шукалі адна адну? А чаму ўсе адразу хочуць выдаць Дзюймовачку замуж? Яна ж яшчэ зусім маленькая!

Літоўскі спектакль, які не мае абмежаванняў па ўзросце (0+), паспрабаваў адказаць хаця б на частку гэтых “нестыковак”. У ім маці дачку шукала, нават з дапамогай чараўніцтва прабіралася ў мышыную норку. Дый Дзюймовачка, як і кожнае дзіця, сумавала па дому.

З’явіліся ў спектаклі і новыя персанажы. Адзін з іх — Чарвячок, які пасябраваў з дзяўчынкай і спачатку прапанаваў ёй збегчы, а потым кінуўся выратоўваць. Праўда, у фінале ён аказаўся пераапранутым Эльфам, і логіка страчвалася. А між тым, у такім павароце быў намацаны шыкоўны ход! Бо Чарвячок мог быць і Вусенем, які ў пэўны момант натуральным шляхам ператвараецца ў Матылька. І чаму б Дзюймовачцы, атрымаўшы крыльцы, разам са сваім абраннікам не наведаць матчын дом?

Не трэба ўсміхацца, што ў Андэрсена нічога гэтага не было. Казкі эвалюцыянуюць разам з намі. Дый казачная класіка, якую мы ведаем, часцей за ўсё добра адаптаваная. Што ж да тэатра, дык там рэдагаванне, ажно да цалкам аўтарскіх версій, ужо не выключэнне, а правіла. І вядомыя казачныя сюжэты ўтрымліваюць у сабе ўсе магчымасці для стварэння сямейных спектакляў, аднолькава цікавых для ўсіх.

Псіхолагі даказалі, што казкі і ўлюбёныя героі фарміруюць будучы жыццёвы сцэнарый чалавека. У гэтым сэнсе “Дзюймовачка” — алегарычны аповед пра дзяўчыну з няпоўнай сям’і, не прыстасаваную да побыту, без дакладных жыццёвых арыенціраў, ціхую і пакорлівую, якая ў любой складанай сітуацыі здольная хіба плакаць. Як такую не выкрасці, а потым не выратоўваць ад усё новых няшчасных прыгодаў? Вось і ў літоўскім спектаклі шукаць яе выпраўляюцца, як у “Руслане і Людміле”, адразу некалькі кавалераў. Жаб збіраецца весці пошукі ў вадзе, Жук — у паветры і на зямлі, бо зверху бачна лепей, а згаданы Чарвячок — ён жа пераапрануты Эльф — пад зямлёй (няцяжка здагадацца, хто знойдзе яе ў Мышы).

У згаданую пастаноўку свядома былі ўнесены некаторыя дэталі, прызначаныя для дарослых і падлеткаў. Напрыклад, танец пакрыўджанай Страказы са спасылкай на “Лебедзя” Сен-Санса ў харэаграфіі Фокіна, падабенства Жука да Гусара, ператварэнне Жаба ў паэта з-за непадзеленага кахання, фраза Мышы пра моладзь: “Спачатку з дому збягаюць, а потым усе іх шкадаваць павінны”. Ці наступныя фразы Крата: “У спрэчках перамагае не разумнейшы, а той, хто цвяроза разважае”, “Калі свеціць сонца, мы бачым тое, што яно нам паказвае. А я, сляпы Крот, бачу зямлю наскрозь”. Чым не філасофія парадоксу?

Так што казкі — цудоўная падстава паразважаць пра іх усёй сям’ёй, а не проста “закінуць” дзіця ў тэатральную залу: маўляў, хай далучаецца да мастацтва. Дарэчы, менавіта на такіх спектаклях можна выхоўваць будучых крытыкаў, пачынаючы разам з дзецьмі шукаць, што і чаму змянілася на сцэне ў параўнанні з кніжкай. Але ж і ад тэатраў многае залежыць! Бо ўносячы ў вядомы сюжэт тыя ці іншыя змены, трэба памятаць, што кожная дробязь можа паўплываць на далейшы лёс маленькіх гледачоў, падсвядома прадыктаваўшы ім мадэль паводзінаў. Асабліва калі і артысты абаяльныя, і сцэнічныя строі ў іх прыгожыя.

Ну, а выстаўляючы 0+ (гэтак жа, як і 3+, 6+), трэба ўлічваць не толькі адсутнасць пэўнай лексікі і сюжэтных хадоў, але і элементарную працягласць спектакля. Літоўскі, дарэчы, ішоў амаль дзве гадзіны з антрактам. Дык тое была казка ці гістарычны эпас?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"